Апо́на ’завеса, пакрыццё’ (Гарэц., Др.-Падб.). Рус. устар., укр. опона ’тс’. Польск. устар., чэш., славац., славен. opona ’тс’, серб.-харв. опо̀на ’перапонка’; опона ’завеса’ вядома ўжо ў ст.-слав., а таксама ў старарускіх помніках з XII ст. і помніках старабеларускай мовы (Гіст. мовы, 1, 156) у блізкім значэнні. Праславянскае ўтварэнне ад кораня, прадстаўленага ў словах пяць 2 (гл.), апінаць. Нельга прыняць тэзіс аб запазычанні з гоц. fana ’сцяг’, што прапанаваў Гірт, РВВ, 23, 336, супраць чаго Фасмер, 3, 146; наўрад ці апраўдана думка Мейе (Études, 255) аб калькіраваным характары славянскага ўтварэння: прэфікс о‑ не адпавядае тым элементам, з якіх быццам адбывалася калькіраванне (грэч. καταπέσμα ці гоц. faurhah), а ўтварэнні з іншымі прэфіксамі і тым жа коранем (попона, запон(ък)а, перепон(ък)а і пад.) паказваюць, што гэта мадэль была прадуктыўнай у славянскіх мовах. Іншую літаратуру прыводзіць Праабражэнскі. Недакладна Голуб-Копечны аб выключна чэшскім характары слова. Як праславянскае разглядае Брукнер. Зэльв. апона ’пакрышка’ (веласіпедная і г. д.) (Сцяц.) з польскай. Глуск. апоня ’шырокае, не дастасаванае да стану адзенне’ (Янк. III) — адгалінаванне разглядаемага слова; магчыма, тут адбылася катамінацыя з апанча (гл.), таксама як у значэнні апоня ’чалавек, які носіць шырокае адзенне’ (там жа), трэба ўлічваць магчымасць кантамінацыі з народным апонец < японец (КТС). Апон ’кашара’ (ДАБМ, 784), магчыма, трэба разумець як ’месца, якое апінаецца’ (г. зн. абмяжоўваецца); ст.-рус., ст.-бел. прѣпона, бел. перапона таксама абазначаюць месца. Параўн. Супрун, БЛ, 1, 69.
Апо́рак ’стары бот з адрэзанай халявай’ (БРС). Значэнне ’нікчэмны чалавек’, зафіксаванае ў Дукоры (Жд.), — перанос асноўнага, пашыранага паўсюдна; параўн. ’зношаны абутак’ (Янк. Мат.), ’абутак з лыка’ (Інстр. I). Рус. опорок ’стары зношаны абутак’, ’распораты з бакоў стары бот’, ніз вопраткі, падкладка, футра, з якога спораты верх’, опорыш ’апорак’, а таксама ’халява, споратая з бота’; укр. дыял. опорки ’апоркі’. Славен. opǫ̑rek ’аборка; ануча на боце, да якой прымацоўваецца спражка ці шнурок’, — хутчэй за ўсё аўтаномная паралельная форма. Ад апароць (< опороти) ’распароць’ з суфіксам ‑ак (‑ъкъ): ’апораты бот’ (Сцяц., Нар., 153–154).
Апо́стал ’паслядоўнік пэўнага вучэння (першапачаткова адзін з 12 вучняў Хрыста)’; ’кніга, якая ўключае пэўную частку Новага завету’. З першых пісьмовых помнікаў усходнеславянскіх і наогул славянскіх моў. Ва ўсходнеславянскіх са ст.-слав. апостолъ ’пасланнік божы’, ’кніга’ (Шанскі, 1, А, 129) < грэч. ἀπόστολος ’тс’ (Фасмер, 1, 81; Фасмер, Этюды, 33), якое ўтворана ад ἀποστέλλω ’пасылаць’. З грэчаскай у лацінскую і іншыя мовы хрысціянскіх народаў.
Апо́сталы жарт. ’пра абутак, звычайна завялікі, не зусім прыдатны для носкі’ (Сцяц.), апасталы ’плецены абутак са скуры’ (Інстр. III), апа́стал ’акураны лапаць’ (Касп.). З пасталы (гл.) з пратэтычным а‑. Зэльвенская форма з націскам на другім складзе пад уздзеяннем апостал (гл.), на што можа ўказваць і жартаўлівы характар пераасэнсавання.
Апо́ўзіна ’прыстасаванне з вітых галінак ці жэрдак для ўтрымання сена ці саломы на стагу, возе, страсе’ (Чабярук, Працы, IM, 7, 136, 138; Янк. I; Мат. Гродз.), апоўзліна (Янк. Мат.), апоўзнік, апоўзняк (Шушк.), пэўна сюды ж опоўзнік ’маладыя дрэўцы’ (< ’галінкі, якія выкарыстоўваюцца як апоўзіны’) (Арх. ГУ). Малчанава (Мат. культ., 44) піша: «каб такую страху не раскідаў вецер, …накладвалі 12–15 пар «апоўзняў» — зрубленых пад корань тонкіх доўгіх бярозак, звязаных верхавінамі папарна». Укр. жытом. оповзина ’апоўзіна’. Хаця цяпер для папярэджання апаўзання ужываюцца «тычкі», а не апоўзіны, назва апоўзіна, напэўна, адлюстроўвае недыферэнцыраванне гэтай прылады для папярэджання апаўзання саломы ці сена ўніз.
Апо́ўзлы ’аблезлы’ (Янк. БП, 467, Касп., Янк. I, Янк. Мат.); у выразе жаба апоўзлая (варыянт — жаба аблезлая — Янкоўскі, докт. дыс., 1, 188) указвае на нікчэмнасць чалавека. Апоўзлік ’нязграбны, нікчэмны, слабы, закажанелы чалавек’ (Мядзв., Інстр. III, Янк. Мат., Касп.), ’нязграбнае, непаслухмянае дзіця’ (Мядзв., Янк. Мат., Сцяц.); апо́ўзіна ’неахайны чалавек’ (Сцяшк., Янк. II). Параўн. ст.-рус. опълзти ’апляшывець’. Выключна беларускія пераносныя значэнні даюць уяўленне аб жабе пасля лінькі (параўн. рус. выползина, выползок ’скурка жывёлы пасля лінькі’; выползень ’насякомае, якое выпаўзла з лічынкі’, ’цёмны чалавек, які з’явіўся невядома адкуль’) ці аб абвіслым, азызлым, лысым чалавеку (параўн. рус. оползень ’аблезлае футра’, славен. opolzniti ’аблысець’). Нельга цалкам адкінуць і магчымасць іншага семантычнага развіцця, зафіксаванага ў чэш. oplzlý слізкі’, адкуль ’бессаромны’.
Апо́шні. Выключна беларускае слова (Гіст. мовы, 2, 137). З опо́сльний, утворанага ад прыслоўя апо́сле (Нас.), апослі (Бяльк.) ’пасля’, адзначаемага ўжо ў 1478 г. (Карскі, 1, 135), опошле ’тс’ (1562 — Карскі, Труды, 206); параўн. апаследний (Карскі, 1, 261), рус. дыял. опоследний (СРНГ, 1, 265). Слова не супастаўляецца з укр. опішний ’лянівы, марудны’ (Краўчук, Бел. лекс., 85).
Апраба́цыя 1 ’адабрэнне’ (БРС, Нас.), апрабаваць. Рус. апробация, апробировать, укр. апробація, апробувати, польск. aprobata, aprobacja і інш. У рускай з польскай у пачатку XVIII ст. (Шанскі, 1, А, 132). Ст.-бел. апробация (Вясноў, Бел. лекс., 34), апробовати (Гіст. лекс., 111), ст.-укр. апробация з пач. XVII ст. (Цімчанка) запазычана з лацінскай, магчыма, праз польскае пасрэдніцтва (у польскай з лац. арprobatio ў сярэдзіне XVI ст.). Лац. з ad‑probo (probo ’выпрабоўваць; адабраць’); probus ’добры, дабраякасны, чэсны, сціплы’ < *pro‑bho‑s).
Апраба́цыя 2 ’праверка’. Этымалагічна тое ж самае, што і апрабацыя 1, але семантычна захоўвае сувязь з проба, прабаваць. Магчыма, што гэта значэнне — пазнейшае, калі яно звязваецца з апрабаваць (рус. опро́бовать), а не апроби́ровать, як апрабацыя 1.
Апра́ва ’рамка, аклад абраза; пераплёт кніжкі’. Рус. оправа ’рамка, аклад’, укр. оправа ’пераплёт; рамка, аклад’, польск. oprawa ’пераплёт, рамка’. Да апраўляць ’апрацоўваць, прыводзіць у адпаведны выгляд’, адкуль і ’ўстаўляць у аправу’. Значэнні ’рамка’ і ’аправа абраза’ адносна новыя з больш старога аправа ’рамка’. Ст.-бел. оправа ’паправа, наладка’ (магчыма, з чэшскай, сустракаецца ў Скарыны, хаця вядома і ў старапольскай); ’дакумент на права карыстання маёмасцю’ і ’маёмасць, запісаная на чыёсьці імя’ (Юрэвіч–Яновіч, Бел. мова, 97), звязана са старапольскім значэннем дзеяслова oprawić ’забяспечыць’, ст.-бел. оправити ’ўнагародзіць’ (Гарб.). Семантычны пераход у дзеяслове, магчыма, такі: ’паправіць, прывесці ў адпаведны выгляд, зрабіць аправу’ і ’паправіць (матэрыяльнае становішча), запісаць маёмасць, узнагародзіць’.
Апраме́тная ’пекла’, апраметны ’пякельны, сапраўдны’ (БРС), вопрамець ’хутка’ (Бяльк.); рус. опрометный ’легкадумны’, опрометью ’хутка, шпарка’, опрометывать ’не папасці ў цэль, кінуць няўдала’, опрометнуться ’кінуцца, пабегчы’, смален. вопрымя ’хутка’ (Дабр.), укр. промітний ’спрытны’. Бернекер (2, 40) высунуў думку пра сувязь рус. опрометью з метать, як прымае Фасмер (3, 146) і з пэўнымі ўдакладненнямі Шанскі (КЭСРЯ, 234). Бел. семантыка, аднак, патрабуе далейшых удакладненняў для апраметны, апраметная. Магчыма, з *окромѣшная < кромѣшная; у выніку дээтымалагізацыі. Тьма кромѣшьная ’знешняя цемра’ (адзначаецца ўжо ў Астраміравым евангеллі (1056)), ’месца пакарання нягоднага раба, пекла’.