Апо́ўзіна ’прыстасаванне з вітых галінак ці жэрдак для ўтрымання сена ці саломы на стагу, возе, страсе’ (Чабярук, Працы, IM, 7, 136, 138; Янк. I; Мат. Гродз.), апоўзліна (Янк. Мат.), апоўзнік, апоўзняк (Шушк.), пэўна сюды ж опоўзнік ’маладыя дрэўцы’ (< ’галінкі, якія выкарыстоўваюцца як апоўзіны’) (Арх. ГУ). Малчанава (Мат. культ., 44) піша: «каб такую страху не раскідаў вецер, …накладвалі 12–15 пар «апоўзняў» — зрубленых пад корань тонкіх доўгіх бярозак, звязаных верхавінамі папарна». Укр. жытом. оповзина ’апоўзіна’. Хаця цяпер для папярэджання апаўзання ужываюцца «тычкі», а не апоўзіны, назва апоўзіна, напэўна, адлюстроўвае недыферэнцыраванне гэтай прылады для папярэджання апаўзання саломы ці сена ўніз.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)