Апо́рак ’стары бот з адрэзанай халявай’ (БРС). Значэнне ’нікчэмны чалавек’, зафіксаванае ў Дукоры (Жд.), — перанос асноўнага, пашыранага паўсюдна; параўн. ’зношаны абутак’ (Янк. Мат.), ’абутак з лыка’ (Інстр. I). Рус. опорок ’стары зношаны абутак’, ’распораты з бакоў стары бот’, ніз вопраткі, падкладка, футра, з якога спораты верх’, опорыш ’апорак’, а таксама ’халява, споратая з бота’; укр. дыял. опорки ’апоркі’. Славен. opǫ̑rek ’аборка; ануча на боце, да якой прымацоўваецца спражка ці шнурок’, — хутчэй за ўсё аўтаномная паралельная форма. Ад апароць (< опороти) ’распароць’ з суфіксам ‑ак (‑ъкъ): ’апораты бот’ (Сцяц., Нар., 153–154).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)