*Варо́нца, варо́нцэ мн. л. ’бульбяны суп; суп наогул’ (Вешт.). Марыць, ад варане́ц (ці варо́нец) < вары́ць, варо́ны. Параўн. рус. варене́ц (аб гэтым слове гл. Шанскі, 1, В, 20).
Варо́паўка ’зялёная жаба’ (Сцяшк. МГ); ’каравая земляная жаба’ (Мядзв.); ’жаба; слабы, непаваротлівы чалавек’ (Бір. Дзярж.), варопаўка, вярэпаўка (Інстр. II). Назва дадзена па маршчыністай скуры. Для гэтага слова дакладвай адпаведнасці ва ўсх.-слав. мовах няма, але параўн, чэш. vrap, vrapa ’зморшчка, маршчына’, в.-луж. (w)ropa, н.-луж. ropa, славен. vrapa, якія Махэк₂ (698) выводзіць з прасл. *vorpъ. Можна было зыходзіць з *voropavъka < *vorp‑avъka ’жаба’ (літаральна «маршчыністая»), але, здаецца, няма рэфлексаў *vorp‑ ’маршчына’ ў іншых усх.-слав. мовах. Беларускі архаізм? Можна таксама зыходзіць з усх.-слав. *vorop‑ (< *vorp‑): ст.-рус. воропъ ’аграбленне, напад’ (аб гэтым слове Фасмер, 1, 354; таксама Махэк₂, 698); тады варо́паўка — гэта драпежная жаба, якая нападае на сваю дабычу. Іншая магчымасць: Параўн. укр. ро́па́вка ’жаба’, польск. ropucha ’тс’, укр. ропу́ха, бел. рапу́ха (гл. Фасмер, 3, 502–503 і Трубачоў, Дополн., 503). Варо́паўка можа паходзіць ад ро́паўка з пратэтычным гукам: *ро́паўка > аро́паўка > варо́паўка. Гл. варапаха.
Варо́ты ’вароты’, ворота ’дзверы ў хляве’ (Шушк.). Ст.-рус. ворота, рус. воро́та, укр. воро́та, польск. wrota, чэш. vrata, ст.-слав. врата, балг. врата́, серб. вра́та ’дзверы’ і г. д. Прасл. *vorta ’вароты, дзверы’ (мн. л. да назоўніка н. р. *vorto ’тс’, які не захаваўся) — утварэнне суфіксам ‑t‑ да прасл. кораня *ver‑: *vor‑ ’адкрываць, закрываць і да т. п.’ Падобныя ўтварэнні ёсць і ў іншых і.-е. мовах: літ. var̃tai мн. л., лат. vàrti мн. л. ’вароты, дзверы’, прус. warto, ст.-англ. weorð, worð ’агароджа каля будынка’, тахар. B wärto, warto ’сад’, ст.-інд. vr̥tís ’агароджа’ (Фасмер, 1, 354–355; Траўтман, 353; Махэк₂, 699; Шанскі, 1, В, 168; Брукнер, 632–633 і інш.).
Ва́роўка ’вяроўка’ (КЭС). Форма слова (у параўнанні з вяро́ўка, гл.) не вельмі ясная. Акрамя зыходнага *vьrvь у слав. мовах былі словы і з іншым вакалізмам (параўн. рус. воро́ви́на ’вяроўка’, воровьё ’вяровачныя вырабы’; гл. Фасмер, 1, 275; асабліва Трубачоў, Дополн., 275), палес. воро́вка (Лысенка, ССП). Тэарэтычна мяркуючы, варо́ўка можа адлюстроўваць гэты другі вакалізм. Але можна таксама дапусціць, што варо́ўка — гэта гіперкарэктная форма (замест вяро́ўка) — якраз адваротнае таму, што назіраецца ў слове варэ́нік, якое ў дыялектах мае форму вярэ́нік. Параўн. яшчэ і рус. дыял. (вяц.) варо́вка ’вяроўка’ (СРНГ).
Варо́ўкі ’пчолы, якія крадуць мёд у другіх вуллях’ (Інстр. I). Ад *вараваць ’красці’, рус. воро́вка ’зладзейка’.
Варо́ўня ’цёплы свіран, куды ставяць на зіму капусту, бульбу і інш.’ (Мядзв.). Змяненне першапачатковага варыўня́ (гл.) пад уплывам дзеяслова *вараваць < польск. warować ’захоўваць, ахоўваць і да т. п.’? Ці ўтварэнне прама ад гэтага дзеяслова? Параўн. палес. варо́вны(й) (пра пасудзіну для квашанай гародніны) (Лысенка, ССП). Параўн. таксама вараўня́ ’пограб, яма, у якой хаваюць бульбу’ (Бяльк.). Гл. яшчэ варыўня́.
Варо́хаць, варо́хацца ’варушыцца з шумам; варочаць (сена і да т. п.)’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.). Адносіцца да вялікай сям’і слоў (прасл. *vorx‑), разгледжаных пад варушыць (гл.).
Варо́чаць, варо́чацца ’аддаваць назад’ (Шат., Касп., Нас., Яруш., 27, КЭС, лаг.; Гарэц.); ’варочаць, паварочваць; варушыць і г. д.’ (БРС, КЭС, лаг.; Яруш., Касп., Бяльк., Сцяшк. МГ); ’валіцца на дол і да т. п.’ (КЭС, БРС). Рус. воро́ча́ть, укр. вороча́ти, воро́ча́тися, чэш. vráceti, балг. вра́щам, серб. вра̏ћати і г. д. Прасл. *vorti̯ati ’тс’ — утварэнне ад прасл. *vortiti (ст.-рус. воротити, рус. вороти́ть, чэш. vrátiti, ст.-слав. вратити, балг. вра́тя і г. д.), якое ў сваю чаргу адносіцца да прасл. *vьrteti ’вярцець’. Адносна *vorti̯ati і *vortiti гл. Фасмер, 1, 355.
Ва́рпа ’веялка’ (Жд., Янк. Мат.). Дыялектная форма запазычанага слова а́рфа ’тс’ (гл.) з пратэтычным в‑ і зменай ф > п. Параўн. ва́рха. Сюды ж варпава́ць ’арфаваць, веяць’ (< арфава́ць).
Варсава́ты ’з крапінкамі (пра яблыкі)’ (Касп.). Няяснае слова. Магчыма, да варса́ць ’калоць’ (гл.). Тады першапачатковае значэнне: ’наколаты’ (→ ’з крапінкамі’).