Вяро́ўка (Сцяшк. МГ, Касп., БРС, КТС, Шат.), вярёўка, вяроўка (Бяльк.) ’вяроўка, якой звязваюць снапы, сена, салому на возе’ (Янк. I), палес. вэроўка, во̂роўка, вароўка ’вяроўка, якой паднімаюць вулей на дрэва’; ’прыстасаванне для пад’ёму бортніка на дрэва’ (Анох.). Укр. вірьовка, рус. верёвка, вярёвка, ст.-рус. веревка ’вяроўка, матуз’ (з XVI ст.). Усходнеславянскае ўтварэнне (суф. ‑ъка). Узыходзіць да ст.-рус. вьрвь; параўн. ст.-слав. врьвь < прасл. vьrvь, якое з’яўляецца роднасным да літ. virvė̃, лат. vìrve ’вяроўка’, ст.-прус. wirbe ’канат’, літ. vérti ’прасоўваць нітку’, лат. vẽrt ’нанізваць’, грэч. Ϝερύω ’цягну, валаку’, Ϝρυτήρ ’вяроўка, цеціва’, ст.-інд. varatrā́ ’дзяга, вяроўка’. Прасл. vьrvь ўтворана ад verti ’звязваць, зачыняць’ < і.-е. *u̯er‑ (Міклашыч, 382; Гараеў, 1896, 43; Майргофер, 19, 154; Мюленбах-Эндзелін, 4, 619; Праабражэнскі, 1, 73; Траўтман, 362; Фасмер, 1, 294–285; КЭСРЯ, 75; Брукнер, 623–624; БЕР, 1, 187; Скок, 3, 633; Младэнаў, 79).