Вары́ць1 ’варыць’. Ст.-рус., ст.-слав. варити, рус. вари́ть, укр. вари́ти, польск. warzyć, чэш. vařiti, балг. варя́, серб. ва́рити і г. д. Прасл. *variti varʼǫ ’тс’. Утварэнне ад і.-е. двухскладовай базы *u̯erē‑ ’бурліць, кіпець’: лат. vàrît ’варыць, кіпець’, літ. vìrti ’кіпець’, лат. viȓt ’тс’ і г. д. База *u̯erē‑ дала ў прасл. мове шматлікія вытворныя з аблаутам вакалізму: *verdlo ’крыніца’, *jьzvorъ ’тс’, *varъ ’вар; гарачыня; варэнне’ *vьrěti ’кіпець’, *virъ ’вір; кіпенне’ і да т. п. (Траўтман, 360; Мейе, MSL, 9, 146; Фасмер, 1, 273; Махэк₂, 702–703).

Вары́ць2 ’моцна грэць (аб сонцы)’ (Некр., Інстр. I); ’парыць (аб надвор’і)’ (Клім.). Рус. дыял. вари́ть ’тс’. Гэта значэнне выводзіцца ад некаторых праславянскіх. Параўн. *varъ ’жар’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)