Варушы́ць ’варушыць, пераварочваць’ (Гарэц., Шат., Касп., Бяльк.); ’рухаць’ (Яруш., БРС), варушы́цца ’рухацца, катацца’ (Касп., Гарэц., БРС, Яруш., КЭС, лаг.). Сюды ж вару́хаць, вару́хацца ’рухаць, рухацца, кратацца’ (Др.-Падб.), варо́хаць (Гарэц., Др.-Падб.). Рус. вороши́ть, ворохну́ться ’варухнуцца’, укр. ворухну́ти ’варухнуць’, воруши́ти ’варушыць’. Відаць, утварэнне ад прасл. *vorxъ ’куча, ворах’: укр. во́рох, ц.-слав. врахъ, балг. врах ’ток, снапы, прыгатаваныя для абмалоту’. Прасл. vorxъ з *vorsъ. Няясна, ці сюды ж польск. zawroch ’вецер са снегам, віхар’. У аблаутнай форме сюды прасл. *veršti (*verx‑ti) *vьrxǫ ’малаціць’, ц.-слав. врѣшти вьрху ’тс’, балг. връха́ ’малачу’, серб. вре́ћи, славен. vršiti ’малаціць збожжа, пускаючы жывёлу таптацца па ім’. І.‑е. *u̯ers‑: лат. vârsms (vàrsmis) ’збожжа, прыгатаванае для абмалоту, ворах правеянага зерня’, грэч. ἔρρω ’цягнуся, валачуся і да т. п.’ (*u̯ersi̯ō), лац. verrō ’цягну, валаку, замятаю’ (*versō), ст.-в.-ням. wërran ’блытаць, заблытваць, рабіць беспарадак’ (першаснае значэнне і.-е. *u̯ers‑ ’валачы, цягнуць’). Укр. ворухну́ти, воруши́ти з ворохну́ти і да т. п. як рэзультат укаючага вымаўлення ‑о‑ не пад націскам або хутчэй пад уплывам семантычна блізкага дзеяслова тыпу ру́хати (бел. ру́хаць). Аб гэтым сведчыць і бел. форма варушы́ць (замест фанетычнага *варашы́ць). Гл. Фасмер, 1, 355.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)