Таўстадзю́бец ’крыжадзюб’ (ПСл). Да тоўсты і дзюба (гл.) з суф. ‑ец, што абазначае носьбіта прыкметы (ад *тоўстадзюбы).
*Таўстако́ра, тоўстоко́ра ’буйная плотка’ (Крыв.), тоўстоко́ра, тоўстоко́рка ’галавень’ (ТС). Да тоўсты (гл.) і кора́ ’луска’ (гл. кара), у выніку семантычнай кандэнсацыі з тоўстоко́ра плотка ’тс’ (Крывіцкі, Зб. Крапіве, 202), параўн. аналагічныя ўтварэнні серб. дыял. дебелоко̑рка ’гарбуз з тоўстай скуркай’, танкоко̑рка ’гарбуз з тонкай лупінай’ (Элезавіч, 2).
Таўсталу́пы ’той, у каго тоўстыя вусны’ (паст., брасл., кругл., ЛА, 3). Да тоўсты і лупы ’губы’, гл.
Таўста́я ’цяжарная (жанчына)’ (докш., Янк. Мат.), ’цяжарная’ (Барад.; віл., гродз., Сл. ПЗБ), ’котная, цяжарная (пра авечку)’ (віл. Жыв. св.). Гл. тоўстая.
Таўсто́е ’тлустае сала’ (мядз., ЛА, 4), ’тлустае, цяжкае для стрававання’ (Барад.). Гл. тоўсты.
Таўсту́ха 1 ’грыб сямейства павуціннікавых’ (ТСБМ), ’павуціннік страўны, Cortinarius esculentus Lebed.’ (Сярж.–Яшк.), ’чорны грузд, малачай, Lactarius necator (Fr.)’ (там жа), таўсту́хі ’грузды’ (Сцяшк., Мат. Гом.). Да тоўсты (гл.), названы паводле тоўстай ножкі ці тоўстай шапачкі.
Таўсту́ха 2 ’брыца, дробнае пустазеллле, плашчуга, пласкуша’ (стол., Расл. св.), ’гарычка, Gentiana cruciata L.’ (Касп.), таўсту́шка ’тс’ (Кіс.). Да тоўсты (гл.), параўн. пузатка ’брыца’, гл.
Таўсту́шнік ’таемнік, Lathraea squamaria L.’ (Бейл.). Да тоўсты (гл.), аднак матывацыя няясная.
Таўсты́ ’тоўсты’ (докш., Янк. Мат.; Касп., Сл. ПЗБ), ’вялікі’ (Жд. 1). Гл. то́ўсты.
Таўха́ць ’штурхаць, піхаць’ (ТСБМ, Нас., Касп., Некр. і Байк.), талха́ць ’штурхаць’ (шарк., лёзы., ЛА, 2), то́ўхаць ’тс’ (Ласт.), таўха́цца ’штурхацца’ (Байк. і Некр., Касп.), товхына́ты ’штурхаць’ (жабін., ЛА, 2), сюды ж таўхну́ць ’піхнуць, штурхануць’ (Сл. ПЗБ, Яўс.), таўхану́ць ’тс’ (Бяльк., Рам. 3, Сержп. Прымхі), талхану́ць ’тс’ (Сл. ПЗБ). Карскі (2–3, 38) бачыў тут змененую аснову *tъl̥k‑ (гл. таўкаць, таўкці), магчыма, пад уплывам іншых гукапераймальных дзеясловаў тыпу бахаць, тахаць, тарарахаць і пад. Параўн. талахкаць, талохнуцца, гл.
Таўхе́ль — выклічнік для перадачы штуршка, удара кулаком (ТСБМ, Байк. і Некр., ЭШ, рук., Мат. Маг. 2), таўхе́ць ’тс’ (ЭШ, рук.), таўхе́нь ’тс’, ’штурханец, выспятак’ (Нас., Байк. і Некр., Ласт.), таўха́ль ’кухталь’ (Жд. 1), ’штуршок, удар (рукой у спіну)’ (бялын., Янк. Мат.). Да таўхну́ць, таўхаць (гл.) з рознымі экспрэсіўнымі нарашчэннямі, параўн. таўкель, гл.