Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Паме́жак ’узмежак, мяжа’ (ТСБМ). Конфікснае ўтварэнне (прыст. па‑ і суф. ‑ак) ад мяжа (гл.).

*Паме́жнік, поме́жнік ’сусед па палетку, сенажаці; раўчак, які аддзяляе адно поле ад другога, як іх узаруць’ (ТС). Рус. поме́жник ’сусед па палетку (мяжа з мяжой)’, укр. помі́жнік ’тс’. Ад памежны < мяжа (гл.).

Паме́ліхі ’завознікі’ (Сл. ПЗБ). Дэрыват з суф. ‑іх (старажытны спосаб словаўтварэння — SP, і, 73) ад асновы цяперашняга часу дзеясл. памалоць < малоць (гл.).

Паме́р ’велічыня чаго-н. у адным або некалькіх вымярэннях; ступень, развіцця, велічыня, маштаб якой-н. з’явы, здарэння і г. д.’ (ТСБМ), ’плата натурай за памол’ (ТС, Мат. Гом.), паме́ра ’вымярэнне зямлі’ (Нас., Гарэц.). Укр. помі́р ’вымярэнне зямлі’, польск. pomiar ’вымярэнне, абмер, прамер’, чэш. poměr ’адносіны’, славац. pomer ’адносіны; сувязь’, серб.-харв. pómer ’зрушэнне, ссоўванне’. Аддзеяслоўны дэрыват ад памерыць < мерыць (гл.). З прычыны розніцы ў семантыцы, відаць, самастойныя ўтварэнні ў розных славянскіх мовах.

Паме́сце ’асабістае (у адрозненне ад вотчыны) зямельнае ўладанне ў феадальнай Расіі да XVIII ст.’ (ТСБМ), поме́сцье ’месца, прытулак’ (ТС). З рус. поме́стье ’тс’. Ст.-рус. помѣстие ’зямельны надзел, які быў выдадзены за службу’ (у адрозненне ад вотчыны, якая была спадчынным уладаннем) < cловазлучэнне по мѣсту (Фасмер, 3, 323).

Паме́та ’пісьмовы знак, подпіс, адзнака’ (ТСБМ). Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад памеціць < меціць, мета (гл.).

*Паме́тнік, пометнік ’апоўзіны, якія кладуць паверх стога’ (ТС), пометнік, помеціна ’тонкія латы ў страсе на сохах’ (Нар. сл., жытк.), паметнік ’падсцілка пад стогам’ (Нар. сл., навагр.). Рус. пометины ’апоўзіны на стозе або на саламяным дасе’. Ад *памятаць (параўн. тур. метану́ць ’шпурнуць, кінуць аб землю’) з суф. ‑НІК, ‑ІН‑.

Паме́цца ’мець намер, жаданне, абяцаць’ (Бяльк.), ’падрадзіцца’ (Мат. Гом.). Да мець(ца) (гл.).

Паме́шчык ’землеўладальнік, звычайна дваранін, пан’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). З рус. поме́щик (Крукоўскі, Уплыў, 74), дзе з’яўляецца дэрыватам ад поместье (гл.) (Фасмер, 3, 323).

Памёт1 ’кал, экскрэменты жывёлы’ (ТСБМ, ТС). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 40), з рус. помёт ’тс’, таму што корань мет‑ неўласцівы бел. мове. Але параўн. памёт2.

Памёт2 ’поле, якое ніколі не апрацоўвалася’ (Інстр. I), ’абложная зямля’ (Касп., ДАБМ, 857; Хрэст. па бел. дыялекталогіі, 334), ’няўдобіца’ (Сл. ПЗБ). Рус. арханг., смал. помёт ’аблога, папар’. Відаць, да *мятаць (параўн. памёт1), г. зн. ’кінутае, пакінутае (на адпачынак) поле’.