Мяжа́, межа́, міжа́ драг. мыже́ ’вузкая палоска зямлі паміж двума палеткамі’, ’палявая сцежка’, ’лінія падзелу паміж уладаннямі, сумежнымі дзяржавамі’, ’норма, рубеж дазволенага’ (ТСБМ, Грыг., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, КЭС), брэсц. ’участак лесу паміж населенымі пунктамі’ (Яшк.), у межах ’у перыяд, калі няма месяца’ (ТС). Укр. межа́, рус. межа́ ’мята’, пск. мёжи, ме́жы ’перыяд, калі няма месяца перад маладзіком’, польск. miedza, н.-луж. mjaza, в.-луж. mjeza, чэш. meze, славац. medza, славен. méja, ’мяжа, агароджа’, зах. ’лес’, ’кусты’, серб.-харв. ме́ђа ’мяжа’, ’агароджа’, ’кусты’, макед. меѓа ’тс’, балг. межда, ст.-слав. межда ’сцежка, завулак’. Прасл. medja ’мяжа’, ’пагранічны камень’, ’край, мэта’, роднаснымі да якога з’яўляюцца літ. mẽdis ’дрэва’, жамайцк. mẽdė, ст.-літ. *mẽdžias ’лес’, лат. mežs ’тс’, ст.-прус. median ’дрэва’, ст.-інд. mádhya‑, арм. mēǰ ’сярэдзіна’, авест. maiδya‑, ст.-грэч. μέσσος, μέσος, лац. medius, гоц. midjis, ірл. mide, гал. Mediolanum ’сярод поля’, і.-е. праформа *medhi̯o або *medhii̯o ’сярэдні’. Значэнне ’лес’ развілося з ’кусты на мяжы’ (Міклашыч, 185; Бернекер, 2, 31–32; Мацэнаўэр, LF, 10, 66; Траўтман, 173; Фрэнкель, 423; Буга, Rinkt., 2, 257; Мюленбах-Эндзелін, 2, 611; Фасмер, 2, 592; Скок, 2, 398–400; Бязлай, 2, 176).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)