Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Спатка́ць ‘выйсці насустрач, сустрэць’ (ТСБМ, Нас., Касп.; ашм., Стан., Бяльк., Сл. ПЗБ, Рам. 6), спатыка́ць ‘сустракаць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Касп., Барад., Бяльк., Сл. ПЗБ). Прыставачнае ўтварэнне ад патка́ць, патыка́ць ‘сустрэць, сустракаць’ (гл.).

Спаты́чка ‘(нечаканая) сустрэча’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘сутычка, сварка’ (Нас., Сл. ПЗБ). Утворана ад спатыкаць (гл. спаткаць) па ўзору польск. potyczka ‘тс’ або непасрэдна ад польск. з прыст. с‑.

Спахо́вы ‘адхоны, адлогі’ (ПСл, Сл. ПЗБ, ЛА, 2), ‘пахілы’ (беласт., Лапіч, Term. geogr.), спахо́ваты ‘тс’ (ЛА, 2), спахо́вісты ‘тс’ (Сл. ПЗБ). Параўн. укр. спахо́вий, спахова́тий, спахова́стий ‘пахілы, спадзісты’, польск. дыял. spachowy, spachowaty ‘тс’. Няясна. Магчыма, да спаха́ць ‘выпрацаваць да канца’, спаха́ны ‘спрацаваны, сцёрты’ (ТС), што да пахаць (гл.) — тады ‘згладжаны’, параўн. спахо́мы ‘пакаты’ (Сцяшк. Сл.) — дзеепрыметнік ад спахаць? Сюды ж, відаць, і спахало́вы ‘псіхічна хворы’ (там жа). Параўн. польск. pachać ‘мясці, зграбаць’ (Варш. сл.). Параўн. ЕСУМ, 5, 382 (мяркуюць пра кантамінацыю тыпу спуск з пахілы).

Спахо́мы ‘пакаты (бераг)’ (Сцяшк. Сл.). Няясна; параўн. польск. pachać ‘капаць; зразаць’ (Фасмер, 3, 220). Гл. пахаць.

Спацы́р ‘прагулка’ (Скарбы). Праз польск. spacer ‘тс’ і, магчыма, ід. Spacir ‘тс’ (Шульман, Полымя, 1926, 8, 212) з ням. Spazier ‘тс’. Гл. шпацыр.

Спаць ‘знаходзіцца ў стане сну, спячкі’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк.; ашм., Стан.; Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр. спа́ти, рус. спать, стараж.-рус. спати, польск. spać, в.-луж. spać, н.-луж. spaś, чэш. spat, славац. spať, серб.-харв. спа̏ти, славен. spáti, балг. спя́, макед. спие, ст.-слав. съпати. Прасл. *sъpati (ад *sъ(p)nъ ‘сон’), роднаснае ст.-інд. svápiti, svápati ‘ён спіць’, англ.-сакс. svefan ‘спаць’, ст.-ісл. sofa ‘тс’, лац. sōpiō ‘усыпляць’; гл. Фасмер 3, 732–733 з літ-рай; Глухак, 571. Гл. таксама Борысь (568), які славянскае слова і роднасныя ўзводзіць да і.-е. кораня *su̯ep‑/*sūp‑ ‘спаць’. Гл. таксама сопці, сапці; паводле Сноя (SR, 36, 1, 107), значэнні ‘спаць’ і ‘дыхаць, сапці’ развіліся ў корані і.-е. *su̯ep‑ вельмі даўно, бо ў праславянскі перыяд матывацыя ‘дыхаць’ > ‘спаць’ не была ўжо актуальнай.

Спа́чча ‘здарэнне’ (Бяльк.). Ад спадаць (*спад‑ча?), параўн. кантэкст: такая спачча: з крышы забіцца (там жа).