Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Верацёльніца ’доўгі дажджавы чарвяк’ (Шат.). Параўн. верацённік ’змяя’ (Сцяшк. МГ). Да верацяно́ (назва дадзена па форме).

Верацяно́. Ст.-рус. веретено, рус. веретено́, укр. верете́но, польск. wrzeciono, чэш. vřeteno, ст.-слав. врѣтено, балг. врете́но, серб. вретѐно. Прасл. *verteno ’верацяно’; ’вось’. Утварэнне ад і.-е. кораня *u̯ert‑ ’вярцець’ з поўнай ступенню вакалізму (параўн. вярце́ць, вароча́ць, варо́ты ад таго ж кораня, але з іншым вакалізмам). Гл. Фасмер, 1, 297.

Верашча́ка, верашча́ка і т. п. ’мясны адвар з рабрынкамі, каўбасой, мясам, падбіты мукой’ (БРС, Нас., Шат., Сцяшк. МГ, Вешт.). Параўн. рус. вереща́га, вереща́нка ’яешня’. Польск. wereszczaka ’тс’ запазычана з бел. мовы. Брукнер (606) лічыць, што гэта «od wrzasku», верашчання. Таксама Даль («верещит, шипит на сковороде») і Фасмер, 1, 298. Іншае тлумачэнне ў матэрыялах Карловіча: «Wereszczak był to sławny kucharz Augusta III, a od niego nazwa co do sposobu dawania kiełbasy» (гл. Карловіч, 4, 91).

Верашча́ць (БРС, Нас., Касп., Шатал.). Да прасл. *verščati ’тс’ — утварэння да *verskъ ’вераск’. Гл. ве́раск.

Верая́ ’шулы, на якіх вісяць дзверы’ (БРС, Касп., Арх. Бяльк.); ’слуп, на які навешваюцца вароты’ (Гарэц.), верая́ ’тс’ (Шн.), вірая́ (Рам.), верія́ ’саха ў студні, з жураўлём’ (ДАБМ, 808). Параўн. і вары́йка ’перакладзіна, жардзіна, якой закрываюць вароты’ (Лысенка, ССП). Рус. верея́ ’касяк, слуп у дзвярах, варотах’, укр. вере́я ’вось, на якой ходзяць дзверы’, ст.-рус. верѣя, ст.-слав. верѣꙗ, славен. veréja ’дзвярны касяк’, чэш. veřeje, славац. veraj, польск. wierzeja. Прасл. *verěja (*vereja?, *verajь?, *veraja?). Параўн. слав. *vorъ ’шула, жардзіна’, *verti ’закрываць; адкрываць і да т. п.’ (гл. варо́ты) (Фасмер, 1, 298; Траўтман, 351–352). Параўн. яшчэ верая́ ’ўзгорак’ (Яшк.), якое, бясспрэчна, звязана з верая́ ’шула, слуп’ (Яшкін прыводзіць з Слаўгарадчыны верая́ ’ўзгорак; вароты з дзвюх палавін; шула, слуп’).

Ве́рвы мн. л. ’вяроўка, на якой вісіць калыска’ (КЭС). Рус. вервь, ст.-рус. вьрвь ’вяроўка’, ст.-чэш. vrv, ст.-слав. връвь, славен. vȓv. Прасл. *vьrvь. Роднаснае: літ. virvė̃ (падрабязней гл. пад вяро́ўка) (Фасмер, 1, 294–295). Параўн. яшчэ вэ́рвэ́чка ’аборка ад лапця’ (Бесар.).

Верлаво́кі ’лупаглазы, касаглазы’ (Др.-Падб., Гарэц., Нас., Касп., Лысенка, ССП). Гл. варлаво́кі.

Ве́рлык ’бялок вока’ (Касп.). Параўн. варлаво́кі. Іншую этымалогію для ўсёй групы слоў дае Куркіна, Этимология, 1970, 100–102.

Верх, Ст.-рус. вьрхъ, рус. верх, укр. верх, польск. wierzch, чэш. vrch, ст.-слав. врьхъ, балг. връх, серб. вр̑х і г. д. Прасл. *vьrxъ ’верх, вяршына’ (< *vьrs‑) — ступень рэдукцыі да і.-е. *u̯ers‑ ’паднімацца і да т. п.’ (< *u̯er‑s‑): літ. viršùs, лат. vìrsus ’верх, верхняя частка’, грэч. ἕρμα ’скала, вышыня’ (*u̯erma), лац. verrūca ’ўзвышэнне; бародаўка, нарыў’ (< *versūca), ст.-інд. varšman‑ ’вышыня, горка, вяршыня’ і г. д. Слав. *vьrxъ — назоўнік асноў на ‑ŭ (параўн. літ. viršùs, лац. *versū‑ca, ст.-слав. прыслоўе връхоу і да т. п.). Гл. Фасмер, 1, 301–302.

Ве́рхнік1 ’адтуліна для дыму ў столі курнай хаты, якая выкарыстоўваецца ў якасці коміна’ (мін. Зял., 2, гродз. Шн., 3). Рус. пск. ве́рхник ’адтуліна ў столі ў курных хатах’; ’акенца ў адрыне’, свярдл. ’юшка ў коміне’. Адпрыметнікавае ўтварэнне пры дапамозе суф. ‑ік, якое (у дадзеным выпадку) абазначае прадмет паводле яго якасці. Да ве́рхні (гл.). Параўн. вяршок4 (гл.).

Ве́рхнік2 ’верхні камень у жорнах’ (Інстр. III, полац., КЭС). Укр. верхня́к, рус. перм., свярдл. верхник, польск. wierzchniak, славен. vrhnják ’тс’. Беларуска-паўночнаруская ізалекса, якая ўзнікла шляхам семантычнай кандэнсацыі ад верхні камень; аналагічна ні́жнік (гл.). Да ве́рхні (гл.).