Ве́рхнік1 ’адтуліна для дыму ў столі курнай хаты, якая выкарыстоўваецца ў якасці коміна’ (мін. Зял., 2, гродз. Шн., 3). Рус. пск. ве́рхник ’адтуліна ў столі ў курных хатах’; ’акенца ў адрыне’, свярдл. ’юшка ў коміне’. Адпрыметнікавае ўтварэнне пры дапамозе суф. ‑ік, якое (у дадзеным выпадку) абазначае прадмет паводле яго якасці. Да ве́рхні (гл.). Параўн. вяршок4 (гл.).

Ве́рхнік2 ’верхні камень у жорнах’ (Інстр. III, полац., КЭС). Укр. верхня́к, рус. перм., свярдл. верхник, польск. wierzchniak, славен. vrhnják ’тс’. Беларуска-паўночнаруская ізалекса, якая ўзнікла шляхам семантычнай кандэнсацыі ад верхні камень; аналагічна ні́жнік (гл.). Да ве́рхні (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)