Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Аплё́т ’пляцень’ (П. С., 146). Аддзеяслоўны бязафіксны назоўнік ад аплятаць. Гл. плесці.

Аплі́к. Гл. гаплік.

Апліка́цыя ’ўзор, малюнак, створаны шляхам наклёпвання ці прышывання рознакаляровых кавалачкаў паперы, матэрыі і інш.’ (БРС); ’навучанне пісарскай справе’, аплікант ’практыкант пры адвакаце ці землямеры’, аплікавацца (Нас., Гарэц.). Крыніца: лац. applicatio ’прыяднанне’. З лацінскай у старапольскую мову са значэннем ’дастасаванне, перадача’, aplikować прадаваць, прысвойваць’. Ст.-бел. aplikacya ў значэнні ’вучэнне’ і ’прымяненне, дастасаванне’ (Гарб.). Ст.-укр. апплѣковати ’прыкладаць’ з XVII ст. Гэта значэнне як устарэлае фіксуецца ў сучаснай польскай мове; развіццём яго тлумачыцца і ’практычнае навучанне’, а таксама слова aplikant. Таму бел. аплікацыя ў другім значэнні (цяпер устар.) можна лічыць засвоеным праз польскую мову ці паралельна з польскай. Параўн. для рускай сцвярджэнне Шанскага, 1, А, 131, аб запазычанні рус. аппликация ў старых значэннях з польскай у Пятроўскую эпоху. Сучаснае літаратурнае значэнне, магчыма, запазычана з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 76), дзе яно фіксуецца з XIX ст. (ССРЛЯ); у такім значэнні слова фіксуецца ў Дарашэўскага з прыкладамі сярэдзіны XX ст.

Аплэ́вух ’непаваротлівы, неахайны чалавек’ (Жд.). Прыведзены як прыклад сказ: «Аплэвух гэты, апусціў крылля, смаркачэ вечна блішчаць на вусах» указвае на імавернасць утварэння ад пляваць агентыўным суфіксам ‑ух (параўн. пастух), які, аднак, звычайна нясе націск. Адсутнасць націску можа тлумачыцца аналогіяй з не́слух. Параўн. рус. оплёвыш, оплеванец ’зняважаны чалавек’ (Даль). Цвёрдасць л — вынік экспрэсіі значэння слова. Значэнне ’непаваротлівы’ (прыклад яго не пацвярджае, але і не пярэчыць яму) можа весці да параўнання з літ. ãplamis ’непаваротлівы чалавек’, аднак і ў гэтым выпадку адбыліся беларуская словаўтваральная апрацоўка і значная фанетычная змена, выклікання, магчыма, народнаэтымалагічным асэнсаваннем слова, якое мае экопрэсіўнае значэнне. Параўн. яшчэ аблавухі.

Апляву́ха (БРС), апляву́х (Федар., 6, 64), апляву́шына (Клышка, Пол., 1969, 2, 251), пляву́ха (Бяльк.). Рус. оплеу́ха (у слоўніках з 1731 г.), оплеу́шина, оплеу́шить. Першаснае значэнне, магчыма, не ’ўдар’, а дзеянне ці вынік аплявання — выраза знявагі да чалавека; утворана, як зацірацьзаціруха, ад апляваць. Параўн. у рус. слоўніку першай палавіны XVIII ст.: оплевати «слинами заплевати, чином уничтожити, презрити» (Рукоп. лексикон, 242). Таму ‑в‑ не ўстаўное, як лічыў Карскі, прымаючы этымалогію Міклашыча, 71, аб паходжанні слова ад вуха. Сабалеўскі (Лекции, 142) больш дакладна ўказвае на выпадзенне ‑в‑ у рускай літаратурнай мове. Тлумачэнне слова ад апляваць праз звычай пляваць на руку перад тым як ударыць, якое прымае Фасмер, 3, 145, спасылаючыся на Брандта РФВ, 25, 33 наст., непатрэбна. Праабражэнскі (1, 653) зводзіць слова да пляваць і бляваць (даючы дыял. облеуха) без удакладнення семантычнага ходу ўтварэння слова, указваючы, што сувязь з вуха — другасная. Формы тыпу поўха, поўшына (Бяльк.) указваюць на магчымасць народнаэтымалагічнай сувязі са словам вуха.

Аплята́ць1. Гл. плесці.

Аплята́ць2 ’прагна есці’. Рус. уплета́ть і оплета́ть, укр. оплітати ’тс’. Магчыма, звязана з народным выкарыстаннем аплеценых гаршкоў, параўн. аплятанік ’гліняны гаршчок, аплецены дротам’ (Інстр. I), аплятаць гаршчок ’закончыць яго’ (У. А. Міцкевіч, вусн. паведамл.). Магчыма, звязана з плоць ’цела’, параўн. рус. сіб. плетево ’стан, талія чалавека’ > *оплетати ’набываць плоць, стан’?

Апо́весць. Укр. оповість, польск. opowieść (powieść ужываецца ў знач. ’раман’). Замацавалася да Кастрычніцкай рэвалюцыі (Красней, Веснік БДУ, 1969, 1, 61) пад польскім уплывам.

Апо́ка1 ’гатунак вапняка’, ’рама для ліцейнай формы’ (БРС). Рус., укр. опока ’тс’, польск. opoka ’скала, камень, камяністы грунт; фундамент’, чэш., славац. opuka ’вапняк’, славен. opǫ̑ka ’вапняк, камяністая глеба’, ц.-слав. опока ’скала, камень’; гэта значэнне адзначаецца ў старабеларускім помніку XV ст. (Карскі, Труды, 313), зафіксавана ва ўкраінскай мове ў XIX ст. Першаснае значэнне ’вапняк’, хаця зарэгістравана яно на ўсходнеславянскай тэрыторыі толькі ў XVI ст. (Сразн.), ад гэтага значэння, паводле матэрыялу, апокай стала называцца ліцейная форма (рэгіструецца ва ўсходнеславянскіх мовах з XVII ст.), а пазней — рама для ліцейнай формы. Іншае разгалінаванне значэння ’вапняк’ > ’скала з вапняка (крэйды)’ > ’скала’ > ’камень’ > ’камяністы грунт’, ’фундамент’. Пашырэнне значэння ’скала’ ў старабеларускай і ўкраінскай, магчыма, адбылося шляхам запазычання з польскай ці царкоўнаславянскай. Этымалогія — перагаласоўка e/o да дзеяслоўнага кораня *pek‑ (параўн. пяку, пячора), прынятая Міклашычаім, 235, і Бернекерам IF, 13, 214, выклікае сумненні з боку семантыкі (Праабражэнскі, 1, 653). Чэш. форма з u замест o тлумачыцца кантамінацыяй з коранем *puk ’трэскацца’ ў сувязі з тым, што апокавыя пароды часта трэскаюцца на пласты; у сувязі з гэтым Махэк₂ (416) лічыў чэшскую форму першаснай, а ‑o‑ ў іншых мовах паясняў вынікам асіміляцыі з першым o; апошняе малаверагодна. Прымаючы семантычны бок тлумачэння Махэка, Супрун (Веснік БДУ, 1970, 2, 83–84) звязвае корань слова апока з беларускім дзеясловам покацца ’трэскацца, расколвацца, расшчапляцца’ (гл.), звязаным, магчыма, з выклічнікам пок гукапераймальнага характару. Корань пок‑ адвечна быў варыянтам кораня пук‑ з блізкім значэннем (гл. апука2) ці быў пазней ім выцеснены.

Апока2 ’цяжкі прадмет, напр. бервяно’ (Крывіцкі ў Бяльк.), апо́чча, апо́чына ’палена, што кепска колецца’. Гэта далейшае развіццё значэння апока1: ’скала’ > ’камень’ > ’цяжкі камень’ > ’цяжкі прадмет’. Праз выраз ляжаць апокай гэта значэнне пераносіцца і на чалавека: апока ’абібок, гультай, лодар’ (Касп., Юрч., Бяльк., Серб., Мядзв.), апочына ’гультаіна’ (Бяльк.). Супрун, Веснік БДУ, 1970, 2, 84.

Апо́ка3 ’аб’ядала, п’яніца’ (Нас.). Рус. смал. опока ’тс’ (Дабр.). Параўн. покала ’абжора’ (Нас.). Утворана ад дзеяслова по́каць ’жэрці’ (Нас.) паводле мадэлі, блізкай да той, што ляжыць у аснове слова абʼядала; магчыма, усечана з *апокала пад уплывам апока ’гультай’, кантамінацыя з якім, напэўна, адбывалася (гл. апока2). Супрун, Веснік БДУ, 1970, 2, 84.

Апо́лак, апо́л (Сцяшк.), абапалак (Інстр. II) ’крайняя дошка з бервяна’. Рус. дыял. ополок, обаполок ’тс’, укр. обаполок, обапіл ’тс’, рус., укр. ополок, обаполок маюць таксама значэнне ’частка скуры на жываце’ і ’ўскраіна’. Польск. opołek ’гарбыль’. Аполак утворана ад полъ ’бок, край’ з прэфіксальным о‑ (> а‑) і суфіксам ‑ъкъ (> ‑ак), як акраек; параўн. абочына. Агульнае значэнне ’тое, што з краю’ (параўн. чэш. opolí) канкрэтызуецца па-рознаму ў розных выпадках, у прыватнасці ’дошка з краю бервяна’. Не выключана, што польскае з беларускай.

Апо́лец ’кавалак сала’ (Сцяц., Сцяшк.). Геаграфія ўказвае на магчымасць, а фанетыка (е замест усх.-слав. а) — на верагоднасць таго, што гэта запазычанне з польск. poleć кавалак сала’ з пратэтычным а‑. Усх.-слав.: бел. полць ’палавіна гусі, качкі; палоска сала, выразаная ўздоўж’ (Нас.), польць, пульць ’вялікі кавалак сала’ (Вешт.), полаць ’кавалак сала’, рус., укр. полоть, бел. палаток, рус., укр. полоток ’палавіна (частка) вэнджанай (соленай) тушы гусі і інш.’ Але наогул галосны ў слове полць, полаць не зусім ясны. У аполец ‑ец у выніку дээтымалагізацыі ўсведамляецца як суфікс. Сцяц. (Нар., 65) бачыць тут прэфіксальна-суфіксальнае ўтварэнне: а‑пол‑ец па тыпу азадак. Больш падыходзячым быў бы тып акраец; пры такой этымалогіі няясна, што такое *пол у тушы (аполец азначала б ’тое, што з боку — ’полу’), таму гэта версія здаецца менш верагоднай, чым тлумачэнне слова як запазычанага.