Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ба́цюшка ’поп’ (Сцяшк. МГ). Запазычанне з рус. ба́тюшка ’тс’ (да ба́тя ’бацька’).

Баця́н, таксама боця́н, буця́н, буйця́н, бо́цюн і г. д. Ст.-бел. ботьян, боцян, боциян (Булыка, Запазыч.). Укр. боця́н, боцю́н і г. д., рус. ботья́н, ботя́н, батя́н, бача́н, бадья́н. У зах.-слав. мовах: польск. bocian, bocan, bociuń, bocek, bociek, bociąg, bocoń, в.-луж. baćon, н.-луж. bośon, палаб. büöťan (гл. Бернекер, 78, які лічыць, што польск. формы, магчыма, узніклі ў дзіцячай мове з жартаўлівай назвы бацяна — Wojciech). Усе ўсх.-слав. формы лічацца запазычаннем з польск. мовы (Бернекер, 78; Хрысціані, AfslPh, 34, 311; Слаўскі, 1, 38; Рудніцкі, 184–185; Рыхардт, Poln., 36). Агляд форм і версій гл. яшчэ Фасмер, 1, 201; Клепікава, ВСЯ, 5, 153–158, Клімчук, Бел.-польск. ізал., 57–61. Паходжанне польскага слова невытлумачана (Слаўскі, там жа). Гл., аднак, Мартынаў, SlW, 180–181, згодна з якім яно балтыйскага паходжання. Некаторыя версіі (Сабалеўскі, РФВ, 65, 418: сувязь з рус. забо́та; Ільінскі, PF, 13, 498: сувязь з бо́тькать ’стукаць’) не пераконваюць. Нідэрман (Balto-Sl., 29) лічыць, што блізкасць слав. форм аснавана не на роднасці, а на запазычанні з нейкай крыніцы.

Бача́жына ’азярцо сярод грудка’ (Яшкін). Можна параўнаць з рус. дыял. бача́га ’лужына’ (алан.), бочага (СРНГ), бача́г, бача́к вір, глыбокае месца ў рацэ, ручаі’ (ярасл.). Але паходжанне гэтай групы слоў няяснае (гл. Фасмер, 1, 138). Фасмер (1, 202), Шанскі (1, Б, 179) тлумачаць рус. форму боча́г(а) ад моча́г, мо́крый (гл.; там і літ-ра).

Бачо́нак. Гл. бо́чка.

Ба́чыць (з XVI ст.; Нас. гіст.), укр. ба́чити (з XVI ст.; Цімчанка), рус. дыял. ба́чить (рус. слова засведчана з пач. XVII ст. і запазычана з укр. мовы; Праабражэнскі, 1, 20; Шанскі, 1, Б, 61). Запазычанне з польск. baczyć ’тс’ (а гэта пераразлажэннем з *obačiti: *ob‑ačiti*o‑bačiti > bačiti, дзе ač‑, ak‑ да і.-е. кораня, што і ў слове *oko ’вока’). Гл. Ільінскі, PF, 11, 183; Бернекер, Зб. Ягічу, 598–599; Бернекер, 24; Траўтман, 4; Ваян, RÉS, 22, 7; Слаўскі, 1, 24; Фасмер, 1, 138. Іначай, але непераканаўча, Брукнер, 10 (ад польск. baka ’вока’). Неверагодна Мацэнаўэр, LF, 7, 4 (запазычанне з тур. bakmak ’бачыць’); Махэк, SP (Brno), 2, 1953; 135; SP (Brno), 4, 1955, 32 (сувязь з польскім opatrzyć, славац. páčiť). Таксама вельмі няпэўнай з’яўляецца этымалогія Лера–Сплавінскага, JP, 26, 166–170 (= Studia, 195–198) аб паходжанні польск. слова ад выклічніка ба! Памыляўся Лорэнц, Pomor., 1, 13, які лічыў bačiti прасл. словам. Факт усх.-слав. запазычання з польскай мовы на аснове дадзеных помнікаў добра асвятліў Лер-Сплавінскі (там жа). Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 42; Трубачоў, Этимология 1965, 44–47. Сюды, мабыць, адносіцца і бачыць ’не дагаджаць’ (Яўс.: Чым я табе бачу, што ты ны мяне так узьеўся?), але развіццё семантыкі растлумачыць цяжка. Да ба́чыць адносяцца і ба́чны, ба́члівы і г. д.

Башка́ (бышка́) ’галава’ (Бяльк.). Укр. ба́шка (адкуль такі націск?), рус. башка́. Запазычанне з цюрк. baš ’галава’. Праабражэнскі, 1, 20; Фасмер, 1, 139 (там і літ-pa); падрабязна Шанскі, 1, Б, 62–63. Зыходзячы з геаграфіі слова, можна думаць пра пасрэдніцтва рус. мовы.

Ба́шка ’авечка’ (Касп.), ба́ша‑ба́ша‑ба́ша, ба́ше‑ба́ше‑ба́ше ’падзыўныя словы для авечак’ (ДАБМ, 896), таксама бась-бась-бась (Сцяшк. МГ). Рус. дыял. ба́ша ’авечка, ягня’, баш, ба́ша ’падзыўное слова для авечак’. Паводле Фасмера, 1, 138, памяншальная форма ад бара́н. Падзыўное слова тлумачыцца як другаснае па паходжанню (гл. Трубачоў, Происх., 76).

Башлы́к ’башлык; тое, што надзяваюць на галаву паверх шапкі’ (БРС, Сцяшк. МГ, Сакал., Інстр. I, Сцяц. Нар., Шат.). Рус. башлы́к, укр. башли́к (з XVIII ст.). Запазычанне з цюрк. моў (параўн. цюрк. bašlyk, да baš ’галава’), Фасмер, 1, 139. Некаторыя новыя дэталі дадае Шанскі, 1, Б, 63.

Башма́к1 ’чаравік’ (Шат., Касп., Сакал.). Рус. башма́к, укр. башма́к. Запазычанне з цюрк. моў (тур., чагат. bašmak). Міклашыч, 8, 415; Бернекер, 45; Фасмер, 1, 139, параўн. яшчэ Заянчкоўскі, Stud. orient., 37; Рудніцкі, 92; Шанскі, 1, Б, 63–64.

Башма́к2 (тэхн.) (БРС). Укр. башма́к ’тс’. Запазычанне з рус. башма́к ’тс’ (а гэта да башма́к ’чаравік’ < цюрк., гл. вышэй). Рус. башма́к як тэхнічны тэрмін — калька з зах.-еўрап. моў (параўн., напр., ням. Schuh ’чаравік; башмак’).

Башня ’чатырохвугольны стог пад страхой’ (ДАБМ, 879). Укр. башня (у XVII ст.) ’вежа’. Запазычанне з рус. ба́шня ’вежа’, якое з’явілася ў XVI ст. як пераафармленне старога башта (гл.). Да рус. слова параўн. Фасмер, 1, 139; Шанскі, 1, Б, 64. Параўн. бакшта і башта.

Башта ’гаўптвахта, турма; вежа’ (Нас.); у ст.-бел. з XV ст. (Булыка, Запазыч.; Нас. гіст.; Гіст. лекс., 115). Рус. (XVI ст.) башта, укр. ба́шта (з XVI ст.). Запазычанне з зах.-слав. моў: польск. baszta, чэш. bašta < італ. bastia. Бернекер, 45; Брукнер, 18; Фасмер, 1, 139; Шанскі, 1, Б, 64; Махэк₂, 47–48; Рыхардт, Poln., 33; Рудніцкі, 92. Да еўрапейскіх форм гл. яшчэ MESz, 1, 256 (венг. bástya, там і літ-pa); Клюге, 55. Гіст. лекс., 115, і Булыка, Запазыч., 39, тлумачаць гэта слова як германскае па паходжанню. Першакрыніцай запазычання ням. Bastéi (!) з фанетычных меркаванняў ва ўсякім выпадку быць не можа.