Баця́н, таксама боця́н, буця́н, буйця́н, бо́цюн і г. д. Ст.-бел. ботьян, боцян, боциян (Булыка, Запазыч.). Укр. боця́н, боцю́н і г. д., рус. ботья́н, ботя́н, батя́н, бача́н, бадья́н. У зах.-слав. мовах: польск. bocian, bocan, bociuń, bocek, bociek, bociąg, bocoń, в.-луж. baćon, н.-луж. bośon, палаб. büöťan (гл. Бернекер, 78, які лічыць, што польск. формы, магчыма, узніклі ў дзіцячай мове з жартаўлівай назвы бацяна — Wojciech). Усе ўсх.-слав. формы лічацца запазычаннем з польск. мовы (Бернекер, 78; Хрысціані, AfslPh, 34, 311; Слаўскі, 1, 38; Рудніцкі, 184–185; Рыхардт, Poln., 36). Агляд форм і версій гл. яшчэ Фасмер, 1, 201; Клепікава, ВСЯ, 5, 153–158, Клімчук, Бел.-польск. ізал., 57–61. Паходжанне польскага слова невытлумачана (Слаўскі, там жа). Гл., аднак, Мартынаў, SlW, 180–181, згодна з якім яно балтыйскага паходжання. Некаторыя версіі (Сабалеўскі, РФВ, 65, 418: сувязь з рус. забо́та; Ільінскі, PF, 13, 498: сувязь з бо́тькать ’стукаць’) не пераконваюць. Нідэрман (Balto-Sl., 29) лічыць, што блізкасць слав. форм аснавана не на роднасці, а на запазычанні з нейкай крыніцы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)