Тарандзі́ць ’тарахцець; балбатаць, балабоніць’ (паст., Сл. ПЗБ), ’балбатаць хутка, не змаўкаючы’ (ашм., Стан.), тарандзі́ці ’трашчаць; несці лухту’ (Чэрн.), таранді́ты ’балбатаць’ (брэсц., Нар. лекс.; Сл. Брэс.), ’трашчаць, стракатаць, адстукваць’ (Клім.). Параўн. укр. дыял. таранді́ти ’балбатню разводзіць, балбатаць’, тиринді́ти ’тс’, рус. дыял. та́рандать, тыранда́ть ’трашчаць’, ’скрыпець, гаварыць пустое’, чэш. trandati ’балбатаць’. Гукапераймальныя ўтварэнні (Фасмер, 4, 21; ЕСУМ, 5, 571; Махэк₂, 649: вытворныя ад зыходнага *tratoriti з новым фармантам ‑ndati), гл. тараторыць.
Та́ранікі ’аладкі з бульбы, дранікі’ (Ян.), адз. л. та́ранік ’тс’, та́ранка ’бабка’ (Мат. Гом.), та́рнікі ’аладкі’ (Сцяшк.). Утворана ад та́раны ’цёрты на тарцы’ (навагр., З нар. сл.; Сцяшк. Сл.), гл. тарыць. Запрудскі (дыс., 112) параўноўвае з серб.-харв. тара̀на ’цёртае цеста’, макед. тарана ’сушаныя крупы з цеста і ежа з іх’ (відаць, памылкова, бо гэта балканскі турцызм з тур. tarhana ’тс’; Скок, 3, 444) і (з пытальнікам) рус. та́рань ’зброд, вырадкі’ (без пэўнай этымалогіі, гл. Фасмер, 4, 22); фармальна супадае з серб.-харв. та́рањ ’бандарны інструмент для стругання клёпак’, што, паводле Скока (3, 512), звязана з tr̥ti (тр̏ти), гл. церці. Магчыма, сюды і чэш. дыял. taraňa ’сухія грушы, размятыя ў малацэ’ (Махэк₂, 636: няясна). Незвычайная рэфлексацыя слова можа сведчыць пра польскі ўплыў.
Тара́ніць 1 ’біць, удараць тараном або корпусам баявой машыны’ (ТСБМ), ’біць, разбіваць цэпам перавязь у снапоў дзела лепшага абмалоту’ (Нас., Байк. і Некр.). Апошняе значэнне Насовіч (Нас., 633) звязваў з таран 2 (гл.), на якім грунтуецца і літаратурнае слова, магчыма, запазычанае з рус. тара́нить.
Тара́ніць 2 ’вешаць рыбу для сушкі’ (Ян.). Параўн. укр. дыял. тара́нити ’выбіраць рыбу з невада’. Адсубстантыўны дзеяслоў ад тара́н 1, гл.
Тара́ніць 3 ’несці’ (Юрч.), тара́ніцца жарт. ’ісці’ (Юрч. Вытв.). Відаць, пераноснае ўжыванне тараніць 1, якое суадносіцца з тарнаваць 2 ’малаціць перагорнутыя неразвязаныя снапы’ (гл.), або скарочанае з тарабаніць, гл.
Тара́нка 1 ’сплецены з саломы і лазы посуд для вымярэння збожжа’ (Скарбы). Няясна.
Тара́нка 2 ’сушаная рыба, таран’ (ТС, Растарг.). Гл. тара́н 1.
Тарано́ўка ’вялікая шарсцяная хустка ў яркія кветкі, звычайна фабрычнай работы’ (Бел. нар. адзенне, Сцяшк. Сл.; слуц., Нар. словатв.; Мат. Гом., Сл. Брэс.), ’вялікая квяцістая хустка з махрамі’ (Жд. 2), ’вялікая квяцістая хустка ядвабнай работы’ (Паўл.), тарно́вка, тэрно́вка ’шарсцяная хустка ў кветкі’ (Сл. Брэс.), тарыну́ка ’невялікая хустка з воўны’ (навагр., З нар. сл.), церно́ўка ’шаліноўка’ (ТС), тарыно́ўка, терыну́ўка, терно́ўка, таріно́ўка, тарно́ўка, церно́ўка ’шарсцяная хустка са шлякам’ (Лекс. Бел. Палесся). Варыянтнасць сведчыць пра запазычанасць зыходнай формы. Звычайна звязваюць з імем французскага ўладальніка мануфактуры Тарно (Ternaux), адкуль ням. Ternauxwelle, рус. терно́ ’тонкая тканіна з шэрсці казы, кашамір’ (Фасмер, 4, 49; ЕСУМ, 5, 556). На ўтварэнне “поўнагалосных” форм і асабліва формы тарнатоўка (гл.), магло паўплываць збліжэнне са ст.-бел. тарантова́тый ’у яблыкі (конь)’ (Булыка, Лекс. запазыч., 124), таранта́вый ’белай масці з чорнымі або гнядымі плямамі’ (1565 г., КГС), што з польск. tarantowy ’стракаты, белы, з чорнымі плямамі’ (першапачаткова пра масць), параўн. укр. таранова́тий, таранкува́тий ’плямісты, стракаты, белы, з чорнымі або іншага колеру плямамі’, адносна паходжання якіх гл. Брукнер, 565; ЕСУМ, 5, 519.
Таранта ’звычайны воз’ (петрык., Яшк. Мясц.). Параўн. рус. таранта́ ’балбатун’, таранти́ть ’балбатаць’. Утворана на базе гукапераймання, параўн. таранда, тарандзіць, гл. (параўн. Фасмер, 4, 21). Паводле Махэка₂ (649), у іх аснове прасл. *tratoriti (гл. тараторыць) з новымі экспрэсіўнымі суфіксамі, параўн. укр. дыял. тарамти́ти ’з брынчаннем кідаць’ і пад.
Таранта́с ’дарожная павозка на чатырох колах, звычайна крытая; каламажка’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’вялікі воз для перавозкі сена і снапоў’ (Касп.; в.-дзв., Шатал.), ’чатырохкалёсная гаспадарчая павозка’ (в.-дзв., паст., брасл., лудз., глыб., Сл. ПЗБ). Укр., рус. таранта́с, польск., чэш., славац. tarantas, славен. tarantás, серб.-харв. тарантас, балг. таранта́с. Магчыма, цюркізм, параўн. тат. тарантас ’тс’ (ЕСУМ, 5, 519). У якасці вытворнай асновы называлася таксама рус. таранти́ть ’трашчаць, стракатаць’, тарато́рить ’трашчаць’ (Гараеў, 360). На магчымае гукапераймальнае паходжанне ўказвае Фасмер (4, 22), параўноўваючы з таратайка (гл.) пры наяўнасці ў апошняга значэння ’балбатун’. Параўн. таранта, таранда, гл. Ластоўскі для рус. таранта́с ’павозка на доўгіх зыбучых планках’ прыводзіць уласныя адпаведнікі зы́баўка, го́йдаўка (Ласт.).
Тара́нтул ’ядавіты павук, Lycosa Tarantula’ (ТСБМ), таранту́л ’тс’ (Некр. і Байк.). Укр., рус. тара́нтул, польск. tarantula. Праз рускую або польскую мову (гл. форму з націскам на канцы слова) з заходнееўрапейскіх або непасрэдна з с.-лац. tarantula ’тарантул’ < італ. tarantola ’тс’; апошняе — ад назвы горада Taranto < лац. Tarentum, дзе быў пашыраны гэты від павука (ЕСУМ, 5, 519; Фасмер, 4, 22; Голуб-Ліер, 477). Ластоўскі падае ў якасці народнага адпаведніка мізгі́р ’ядавіты земляны павук’, гл.
Тарантэ́ла ’італьянскі народны танец, а таксама музыка да гэтага танца’ (ТСБМ). Культурнае запазычанне, магчыма, праз польск. tarantela ’неапалітанец танец’ з італ. tarantella ’тс’, утворанага ад назвы паўднёваітальянскага горада Taranto < лац. Tarentum, дзе ўзнік гэты танец (ЕСУМ, 5, 519; Голуб-Ліер, 477).
Тара́нчыць ’траціць’ (Ян.), ’балбатаць’ (мсцісл., Нар. ск.), тарэ́нчыць ’несці што-небудзь аб’ёмнае і цяжкае перад сабой’ (лаг., Гіл.). Да тара́чыць (гл.) з экстэнсіўнай назалізацыяй; значэнне ’балбатаць’ ад тарачы́ць (гл.), магчыма, пад уплывам фразеалагізма тараны варыць ’гаварыць без толку’ (гом., Полымя, 1978, 5, 255).