Раскаве́ркаць ’парыць, раскапаць’ (Мат. Гом.), раскаве́рчыць, раскавяра́чыць ’раскалупаць, разбурыць’ (Юрч.). Гл. каверт.
Раскаве́сіць ’развесіць (губы)’ (слон., Жыв. НС), роскове́сіць ’тс’: губу росковесіў (ТС). Імаверна, ад развесіць з экспрэсіўнай устаўкай ‑ка‑/‑ко‑, асабліва ўласцівай для палескіх гаворак (Ніканчук, Этимология–1977, 123). Параўн. накуве́сіцца (гл.), што да *vesiti, гл. весіць 1.
*Раскавы́раць, росковы́рати ’раздурэцца; сапсавацца’ (Бес.). Да незафіксаваных *кавы́раць, *кавы́рыць, роднасных каве́рыць (гл.) — з метафарычным пераносам; адносна фанетычнай субстытуцыі параўн. таксама кавыра́ць (гл.).
Раскавялі́ць ’рассячы, разваліць, глыбока параніць’ (ТСБМ). Няясна.
Раскакаці́цца ’буйна разрасціся’ (Юрч.), раскакаці́ць ’выклікаць бурны рост’ (там жа). Сюды ж раскакаці́стый ’сукаваты, развесісты’ (Юрч. Фраз. 1). Гл. кокат.
Раскалава́ты ’разбэшчаны’ (іўеў., Сл. ПЗБ). Вытворнае ад раско́л ’гарэза, свавольнік’, што ўтварае сінанімічнае раско́льнік ’тс’. Утворана з суф. ‑ава‑, што нясе значэнне вялікай ступені праявы якасці, параўн. дуракава́ты і інш. Гл. раско́л.
Раскаламса́ць, раскаламсі́ць ’размясіць’ (Юрч.). Параўн. з каламеса, каламесіца ’блытаніна, мешаніна’, каламесны ’блытаны, мяшаны’ (Байк. і Некр.). Роднаснае да раскалле (гл.), што ад прасл. *kalъ > ’гразь’. Імаверна, утворана складаннем кал і мясіць ’змешваць, замешваць’ > ‑каламясі́ць з далейшай дээтымалагізацыяй. Гл. куламеса, куламесіцца.
Раскалбата́ць ’размяшаць’ (Сл. ПЗБ). Да калбатаць (гл.).
Раска́лле ’зімовы час, калі дарогі пакрываюцца лёдам’, раска́ліна ’бездарожжа’ (Ян.), роска́лле ’слата, хлюпота’ (Клім., Сл. Брэс.), стараж.-рус. роскалье ’адліга, бездарожжа’. Утварэнне з прыстаўкай *roz‑ і суф. *‑je, як вынік дзеяння ад *orz‑kal‑iti < *kal‑iti < *kalъ, сюды ж розка́лы ’разводдзе’ (івац., ЛА, 2) і ўкр. ро́зкаль ’бездарожжа’; параўн. Фасмер, 3, 503. Німчук (Давньорус., 158) лічыць лексему паўдзённым рэгіяналізмам старажытнарускай мовы. Гл. кал.
Раскалтуна́цца ’раскалмаціцца’ (брасл., Сл. ПЗБ), раскалтуну́цца ’тс’ (валож., Стан.). Да каўту́н (гл.).