Вадзя́нка 1 ’від хваробы’. Суфіксальнае ўтварэнне, узнікшае як вынік кандэнсацыі словазлучэння вадзяная хвароба; параўн. ст.-рус. водьныи трудъ ’вадзяная хвароба’ (Сразн., 1, 279). Параўн. Шанскі, 1, В, 126–127.
Вадзя́нка 2 ’бочка з вадой’ (Мат. Гом., Гарэц., Інстр. I, Юрч.). Суфіксальны дэрыват, вынік універбізацыі словазлучэння вадзяная бочка. Параўн. рус. водянка, укр. водянка ’тс’.
Вадзя́нкі 1 ’сані для падвозкі вады’ (Юрч.). Ад прыметніка вадзяны ’прызначаны для вады’. Форма pluralia tantum тлумачыцца аналогіяй з сані.
Вадзя́нкі 2 ’драўляная пасудзіна, якой чэрпаюць ваду з вядра’ (ДАБМ, 815). Суфіксальнае ўтварэнне ад вадзяны́ ’прызначаны для вады’. У ДАБМ слова прадстаўлена як адзінкавая назва на тэрыторыі Міншчыны. Форму множнага ліку можна тлумачыць як вынік аманімічнага адштурхоўвання: вадзя́нка ’пасудзіна’, — вадзя́нка ’хвароба’. Магчыма, таксама аналогія з іншымі назвамі посуду pluralia tantum (ночвы і пад.).
Вадзяну́ха ’дзень перад хрышчэннем’, вадзяная каляда ’тс’ (Клім.). Да вадзяны́.
Вадзяны арэшак ’рагулькі, чылім; вадзяная травяністая расліна, Trapa’ (Касп.). Названа па месцы, дзе расце, і па плоду — арэхападобнай касцянцы.
Вадзяны́ вол ’птушка бугай, Ardea stellaris’ (Янк. Мат., Лыс.). Польск. wodny wół ’тс’. Да вол, паколькі крык гэтай птушкі нагадвае мычанне быка або вала. Параўн. іншыя назвы: бык, бугай.
Ва́дка ’рыбалоўная прылада’ (Мат. Гом.). Суфіксальнае ўтварэнне ад вата ’невад, рыбалоўная прылада’ (З нар. сл.), запазычанага з ням. (с.-в.-ням. wate, с.-н.-ням. wade ’рыбалоўная сетка’). Фанетыка няясная. Параўн. чэш. wadka ’невад’ < ням. Wathe, на якое ўказвае Брукнер (596), польск. wada, в.-луж. wata, н.-луж. wata ’тс’ (Махэк₂, 678).
Ва́дка ’сыра, мокра’ (Бяльк.). Да вадкі (гл.).
Ва́дкасны (БРС). Калька з рус. жидкостный (Крукоўскі, Уплыў, 119).
Ва́дкасць ’вадзяністасць, порыстасць; няшчымнасць’ (Гарэц.): «Хлеб часам вадак, часам цясцян». Да вадкі (гл.).
Ва́дкі (БРС). Няясна. Рус. вадкий ’вадкі, вадзяністы’, прысл. вадко зафіксавана на Пскоўшчыне і Смаленшчыне. Укр. вадки́й мае значэнне ’шкодны’ і, відаць, звязана з ва́дзіць ’шкодзіць’. Сувязі з рус. ва́дья ’азярцо, балота, лужына, крыніца’ няма, бо апошняе з’яўляецца запазычаннем з комі: vadja < vad ’балота, дрыгва’ (Фасмер, 1, 266). Няясна, ці ёсць сувязь з макед. вада ’арык’, балг. ва́да ’тс’, серб.-харв. вада ’канаўка, ручаіна’; гл. БЕР, 1, 111. Магчыма, ва́дкі < вадкі́ < вада́; параўн. рус. смал. водкий ’вадкі, вадзяністы’. Магчыма, да ва́да ’загана’ з далейшым пераасэнсаваннем пад уплывам вада́. Параўн. значэнні ва́дкі, на якія ўказвае Гарэцкі: ’порысты, няшчыльны’ (гл. ва́дкасць).
Ва́дліва ’горача, спякотна’ (Бяльк.). Гл. вад ’спякота’.