Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Баруздзі́ць трызніць; блюзніць, вярзці’ (Касп.). Рус. дыял. бару́зди́ть ’шумець’, барузди́ть ’быць неспакойным (аб вадзе)’, бару́здить ’трызніць; блюзніць’, борозда́ ’сварлівы чалавек, які выклікае беспарадак’, борозди́ть ’муціць ваду; перашкаджаць; блюзніць, вярзці; гаварыць незразумела’ (акрамя асноўных значэнняў: ’араць, баранаваць і да т. п.’). Гл. СРНГ. Калі гэта не нейкае гукапераймальнае ўтварэнне, то, відаць, звязана з слав. borzda, borzditi (усх.-слав. борозда́ і г. д.). Як семантычную паралель параўн. баразні́ць ’баранаваць; блюзніць, вярзці’ (Др.-Падб., 21) < баразна́. Парафін. яшчэ ўкр. (зах.) бороздити ’перашкаджаць каму-небудзь’.

Барука́цца ’дужацца’, ’борацца, змагацца’, ’вазіцца’ (БРС, Шат., Бір. Дзярж., Янк. Мат., Жд., Сцяц., Федар. I), баро́кацца ’дужацца’, бару́ка ’ахвотнік дужацца’ (КЭС, лаг.). Укр. борюка́ти, борюка́тися, боріка́ти, борика́ти, рус. дыял. борюка́ться, боруха́ться ’тс’. Польск. borykać się (< укр., Слаўскі, 1, 39). Экспрэсіўныя формы ад дзеяслова (усх.-слав.) *boroti sę (параўн. баро́цца). Гл. Рудніцкі, 180.

Барунка ’расл. боцікі, Aconitum’ (Крывіч, IV, 1923). Відаць, утварэнне суфіксам ‑ун‑ка ад *borti (), гл. баро́цца. Параўн. іншую назву гэтай расліны — барэц (гл. барэ́ц3 там і матывацыя).

Бару́сік! (бару́сік! бару́сік!) ’падзыўное слова для барана’ (Маш.). Бясспрэчна, звязана з бар! (гл.). У аснове ляжыць выклічнік бар‑, расшыраны суфіксамі. Можна думаць таксама аб паходжанні ад не зафіксаванага *барусь, *баруся ’баран’.

Баруўка ’ягаднік брусніцы, Vaccinium vitis-idaea L.’ (Кіс.). Зыходзячы з геаграфіі і формы слова, бясспрэчна, запазычанне з польск. borówka ’тс’ (ад bór ’лес, бор’). Параўн. і ўкр. борівка ’тс’. Да геаграфіі польскіх назваў тыпу borówka гл. Бельчарова, JP, 40 (4), 1960, 284 і наст.

Барха́н. Рус. барха́н, укр. барха́н. Запазычанне з казах. barχan (гл. Фасмер, 1, 129, там і літ-pa). Гл. яшчэ Шанскі, 1, Б, 49.

Ба́рхатавы ’аксамітавы’ (Нас.). Утварэнне ад ба́рхат ’аксаміт’ (параўн. ст.-бел. бархат ’тс’, рус. ба́рхат, гл. Фасмер, 1, 129).

Барчак ’расліна боцікі, Aconitum L. stoerkianum’ (Кіс.), ’Aconitum napellus’ (Крывіч, IV, 1923). Не вельмі яснае слова. Параўн. іншую назву гэтай расліны — барэц. Магчыма, барчак вытворнае ад барэц (суф. ‑ʼак)?

Баршч ’расліна баршчэўнік сібірскі, Heracleum sibiricum L.’ (Кіс., Нас.). Запазычанне з польск. barszcz ’тс’ (прасл. bъrščь), Кюнэ, Poln., 43. Бел. форма гэтага слова — боршч (гл.; там і літ-ра).

Баршчо́вы ’бурачковы (аб колеры)’ (Нас.). У ст.-бел. з XVII ст. (Нас. гіст., Булыка, Запазыч.). Ст.-укр. (з XVII ст.) барщевый, барщовый ’ярка-чырвоны’. Запазычанне з польск. barszczowy (ад barszcz, прасл. bъrščь, гл. боршч).