Баруздзі́ць трызніць; блюзніць, вярзці’ (Касп.). Рус. дыял. бару́зди́ть ’шумець’, барузди́ть ’быць неспакойным (аб вадзе)’, бару́здить ’трызніць; блюзніць’, борозда́ ’сварлівы чалавек, які выклікае беспарадак’, борозди́ть ’муціць ваду; перашкаджаць; блюзніць, вярзці; гаварыць незразумела’ (акрамя асноўных значэнняў: ’араць, баранаваць і да т. п.’). Гл. СРНГ. Калі гэта не нейкае гукапераймальнае ўтварэнне, то, відаць, звязана з слав. borzda, borzditi (усх.-слав. борозда́ і г. д.). Як семантычную паралель параўн. баразні́ць ’баранаваць; блюзніць, вярзці’ (Др.-Падб., 21) < баразна́. Парафін. яшчэ ўкр. (зах.) бороздити ’перашкаджаць каму-небудзь’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)