Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Скула́ ‘гнойны нарыў, фурункул’ (Нас., Шымк. Собр., Байк. і Некр., Касп., Бяльк., Сцяшк., Сержп., ЛА, 3), ‘нарыў, фурункул’, ‘залатуха’ (Сл. ПЗБ), ‘нарыў’, ‘нарасць на дрэве’ (ТС), скула ‘гнойны нарыў, фурункул’ (ТСБМ, Ласт., Растарг.; ашм., Стан.; Варл., ЛА, 3, Клім.), ‘рожа (хвароба)’ (Бес.), ‘нарыў’, ‘залатуха’, ‘трахома’, ‘прыступ эпілепсіі’ (Сл. ПЗБ), ‘выступ на твары, ягадка’ (ТСБМ, Сцяшк.). Укр. ску́ла ‘скула, шышка на целе’, рус. скула́ ‘косць чэрапа’, дыял. ‘пухліна, фурункул’, польск. skuła ‘скула, нарыў, хвароба горла’, дыял. ‘хвароба капыт у кароў і свіней’, чэш. skula, skulina, škulina ‘шчыліна, адтуліна’, славен. skȗla ‘нарыў, хвароба капыт’, серб.-харв. skȕla ‘нарыў, кароста, хвароба капыт’, балг. скула ‘рана, язва’, ску́ли ‘прышчы, нарывы, струпы’ і ‘косці чэрапа’, макед. скула ‘сківіца, ягадка’. Этымалагічныя версіі спрэчныя. Параўноўвалі з прасл. *skala, *skelina (гл. скала́1, шчыліна); гл. Праабражэнскі, 2, 315; Махэк₁, 450; Голуб-Копечны, 335, што Фасмер (3, 661) і Куркіна (Этимология–1971, 69–70) лічаць сумніўным па фанетычных прычынах. Няпэўная роднасць з літ. káulas ‘косць’ (Брукнер, ZfslPh, 4, 213). Паводле Куркінай (там жа), аднаго паходжання з *kyla ‘кіла’; ад і.-е. *(s)kōulā ‘гнуць, згінаць, быць выпуклым’, адкуль ‘пухліна, уздуцце, выпукласць’, але гэта не тлумачыць значэння ‘адтуліна; шчыліна’. Бярнар (Бълг. изсл., 272–273) лічыць, што значэнне балг. скула ‘рана, язва’ семантычна аб’ядноўвае значэнні ‘скула’ і ‘шчыліна’. Ільінскі (РФВ, 78, 200) і Скок (3, 272) мяркуюць аб роднасці са с.-в.-ням. schiel ‘трэска, адломак’, што таксама спрэчна. Следам за Ільінскім Коген (Запіскі 2, 1, 237) узводзіць слова да і.-е. *skoul‑ як варыянта *skeu̯el‑, прыводзячы ў якасці паралелі рус. выль ‘гуля, шышка’ < і.-е. *ūl‑, параўн. лац. ulcus ‘балячка’.

Ску́лачнік ‘мальва кучаравая, Malva crispa L.’ (Кіс., Дэмб. 1, Інстр. 2), тое ж ску́льнік (Нас., Гарэц.), ску́лашнік (Касп.), ску́лішнік (Бяльк.). Да скула (гл.), таму што лісце расліны як размякчальны сродак прыкладваецца да скул, нарываў. Магчыма, сюды ж скула́ — “гэта ў нас так водарасць завуць, зялёную, махнатую, з чырвонай верхавінкай ’ (У. Караткевіч, Маладосць, 1987, 1, 156).

Ску́лле ‘дэталь ткацкага станка’: скулляў трэба набіць многа (Мат. Гом.). Няясна. Відаць, тое ж, што і ўкр. ска́лля ‘клёпкі бочкі, цэбра’, ‘лучына, трэска’. Гл. ска́ла2.

Скулунда́. Гл. скаланда.

Скуль ‘адкуль’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр., Др.-Падб., Касп., Сержп. Прымхі, Пятк. 2, ТС, Сл. ПЗБ, Гарэц., Мал., Сцяшк., Янк. БП, Нік.), скуоль (Бес.), ску́льля (Сцяшк.), ску́ляка (Нік.) ‘тс’. Гл. адкуль, параўн. стуль, гл.

Ску́льнік1 ‘увярэднік’ (паст., Сл. ПЗБ). Да ску́ла ‘нарыў, фурункул’, як увярэднік да верад (гл.).

Ску́льнік2 ‘кастрыца’ (Сл. рэг. лекс.). З *скуйнік (гл. скуйна) у выніку дыялектнай мены й ↔ л.

Скуля́снік ‘трыпутнік ланцэталісты, Plantago lanceolata L.’ (Бейл.). Да скула (гл.). Матывы намінацыі такія ж, як і ў скулачнік (гл.).

Скума́т ‘шматок, кавалачак, абрэзак (тканіны)’, ‘жмут, пук’ (Нас.), ‘акравак’ (Касп., Барад.; віц., ЛА, 4). Гл. шкумат.

Скума́ць ‘разумець, дагадвацца’ (Нас.); параўн. польск. skumać ‘вывучаць’, чэш. zkoumati ‘вывучаць, даследаваць’, славен. skumati ‘ціха, няясна выяўляць свае жаданні’, ‘мець падазрэнні на каго-небудзь’, укр. палес. скума́сни ‘нудны, паганы, страшны’ (Лысенка, ССП). З прасл. *sъkumati < ад і.-е. кораня *kou‑m‑ з s‑mobile (гл. Куркіна, Этимология–1971, 61 і наст.; Трубачоў, Труды, 1, 284). Роднасным лічыцца слав. čuti, čujǫ з зыходным і.-е. коранем *keu̯‑/*skeu̯‑ (гл. Махэк₂, 716; Бернекер, 1, 643). Не выключана сувязь з куме́каць ‘цяміць, кеміць, разбірацца, разумець’ (гл.).

Ску́мбрыя ‘невялікая марская прамысловая рыба’ (ТСБМ). Новае запазычанне праз рус. ску́мбрыя ‘тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 87 і наст.), з новагрэч. σκονμβρί, мн. л. ‑ιά, ст.-грэч. σκόμβροσ; ‘скумбрыя або макрэль’ (гл. Фасмер 3, 662; падрабязней гл. Мотузенко, Этимология и семантика, Кишинев, 2006, 333).