Барлёчы ’грубыя жаночыя чаравікі’ (Касп.), барля́чы (Шат.), ба́рлеч ’чаравік’. Укр. дыял. берля́чі ’зімовыя чаравікі’, польск. berlacze ’зімовыя боты, пантофлі’. Першакрыніца — ням. Bärenlatschen (да Bär ’мядзведзь’, Latsche ’пантофля’, гл. Брукнер, 21). Бел. і ўкр. формы, магчыма, праз польск. мову.
Барліна ’барка, вялікая лодка, баржа, вялікі рачны човен’ (БРС, Янк. I, Маслен., КЭС, лаг.), бэрліна (Бесар., 153). Рус. берли́нка ’від рачнога судна на Дняпры і Сожы’, укр. берли́на, берлі́на ’від чаўна, баржы на Днястры’. Паводле Брукнера, 21; Клюге, Seemannsspr., 88; Корбута, PF, 4, 482, ад назвы месца Berlin (як і назва карэты рус. берли́н). З іншага боку, Гараеў, а за ім і Безлай, Novejše, 10–11, вылучаюць іншую версію (Гараеў: сувязь з польск. berło, укр. берло ’палка, жэзл’; Безлай прыводзіць слав. адпаведнасці: славен. brlȁ ’агароджа, частакол у рацэ’ і да т. п.). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 158.
Барля́ць ’пераліваць, узбоўтваць; працаваць без толку’ (Касп.). Параўн. рус. дыял. (пск., вяц., ноўгарад.) бурли́ть ’муціць, мяшаць ваду, пераліваць вадкасць’. Гл. бурлі́ць, буры́ць 2.
Бармата́ць ’мармытаць, бурчаць пад нос, бурчаць’ (Нас., Касп., Шат.). Рус. бормота́ть, укр. бормота́ти, бормоті́ти, бурмоті́ти. Гукапераймальнага паходжання. Гл. Бернекер, 107; Траўтман, 39; Праабражэнскі, 1, 37; Фасмер, 1, 195; падрабязна Шанскі, 1, Б, 169. Не абавязкова прымаць першасную форму борботати (якая быццам пасля дысіміляцыі дала борм‑).
Барні́цы ’каноплі без семя’. Гл. брані́цы.
Баро́даўка (БРС, Шат., Мал., Сцяшк. МГ). Рус. борода́вка, укр. боро́да́вка, польск. brodawka, чэш. bradavice, bradavka, балг. брада́вица, серб.-харв. бра̀давица і г. д. Прасл. *bordavьka, *bordavica. Утварэнне ад слав. *borda ’барада’ (гл.). Бернекер, 73; Праабражэнскі, 1, 37; Фасмер, 1, 196. Параўн. таксама Шанскі, 1, Б, 171. Махэк₂ (63) лічыць, што прасл. форма была *vorda, *vordavъka, *vordavica, роднасная ням. Warze ’тс’, якая потым трапіла пад уплыў слав. borda ’барада’ (гэтую версію падтрымлівае Трубачоў, Дополн., 1, 196).
Баро́даўнік (БРС), барада́ўнік ’расліна бародаўнік, Lapsana L.’ (Кіс.). Рус. борода́вник ’назвы раслін: Cerinthe major, Chelidonium majus, Psilonema calycinum’, борода́вочник, борода́вница ’расліна Lapsana communis’. Укр. боро́давник назвы раслін: Clematis Vitalba L., Psilonema calycinum, Scleranthus annuus’. Назвы ўжываюцца для многіх раслін і не вельмі ясна, якая была першапачатковая матывацыя. Прынамсі Cerinthe мае на лісцях сасочкі. Усё да баро́даўка (гл.).
Баро́к ’могілкі’ (ДАБМ, 914). Відавочна, сюды ж баро́к ’назва ўчастка лесу’ (Янк. Мат.). Гл. яшчэ Яшкін. Памяншальнае ад бор (першапачаткова ’могілкі ў бары’; могілкі нярэдка бываюць сярод хвойных дрэў). Параўн. рус. дыял. (ноўгарад.) боро́к ’могілкі’ (гл. СРНГ, 3, 114, там і меркаванні наконт этымалогіі).
Баро́метр. Рус. баро́метр (з XVIII ст., стары націск: бароме́тр), укр. баро́метр (з XVIII ст.; таксама ў форме барометрум). Запазычанне з зах.-еўрап. моў (франц. baromètre, ням. Barometer). Фасмер (1, 128) мяркуе, што, зыходзячы з націску, трэба прымаць пасрэдніцтва польскай мовы (супраць гэтага Шанскі, 1, Б, 46, дзе і аргументы).
Баро́н. Рус. баро́н, укр. баро́н. Запазычанне з франц. baron або ням. Baron (першакрыніца ст.-в.-ням. baro). Праабражэнскі, 1, 17; Фасмер, 1, 128; Шанскі, 1, Б, 47; Клюге, 53; MESz, 1, 253.