Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Малібдэн ’хімічны элемент, Mo’ (ТСБМ). З рус. молибден ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 89), дзе з новалац. molybdenum < лац. molybdaena ’руда, свінцовы бляск’ < ст.-грэч. μολύβδαινα ’кавалачак свінца, які чапляўся да вудачкі’ < μόλυβδος ’свінец’ (Голуб-Ліер, 320).

Малібоны ’непатрэбныя натацыі’ (карэліц., Жыв. сл.). Скажоная форма мале́бен (гл.) пры ад’ідэацыі мальбоніць. Суфікс аформіўся пад уплывам забабоны, праклёны. Гл. таксама мальбоны.

Малідава́цца 1 ’адзначацца’ (смарг., Сл. ПЗБ). Паводле Грынавяцкене (там жа, 3, 24), з ням. sich melden ’прадстаўляцца’, melden ’паведамляць, дакладваць’. Відаць, хутчэй з польск. meldować się ’адзначацца’.

Малідавацца 2 ’мучыцца, перажываць цяжкасці’ (лід., Сцяшк. Сл.). Няясна. Відавочна, узыходзіць да ням. разм. malade ’хворы’, якое з франц. malade ’тс’, maladie ’хвароба’, ’страсць, манія’, maladif ’хворы, нягеглы’.

Малі́за, малі́са ’меліса аптэчная, Melissa officinalis L.’ (гродз., Кіс.; міёр., Жыв. сл.; Сл. ПЗБ), ’пахучая трава, якой націраюць вулей у сярэдзіне і зверху’ (воран., З нар. сл., Сл. ПЗБ). З польск. malesa, malisa ’кацямятка каціная, Nepeta cataria’, якая з лац. melissa, запазычанага са ст.-грэч. μέλισσα ’пчала’.

Ма́лік 1 ’след зайца’ (Інстр. II). Да малы́ (гл.): заяц малымі крокамі ідзе на жыроўку, а адтуль на новае лежбішча. Параўн. рус. паўн.-усх. малик ’лыжня на снезе’ — ’малы след’ у адрозненне ад вялікага — са́нный след (Фасмер, 2, 563).

Ма́лік 2 ’малады заяц’ (гом., Мат. Гом.). Да малы́ (гл.): малады заяц (да 1 года ўзростам), значна меншы за старога. Аналагічна ўтвораны чэш. malík ’мезенец’, ст.-польск. malik (XV ст.), ст.-славян. mȁlič ’гном, нячысцік’, ’д’ябал’, malík ’рэха’. Не выключана сувязь зайца з міфалогіяй ці старажытнымі вераваннямі (параўн. Брукнер, 319).

Малі́к ’патыліца’ (Нас., Растарг.), паўд.-усх. ма́лік (КЭС), чачэр. ’карак у свінні’ (Мат. Гом., Жыв. сл.). З укр. мали́к ’тс’, ’гарбун’, якое з гамали́к ’карак’ < тур. hamallık ’прафесія насільшчыка’ < hamal ’насільшчык’ > араб. ḥammāl ’тс’ (ЕСУМ, 1, 464). Сюды ж і польск. malik ’хвароба коней і валоў: падскурныя гузы на шыі і лбе’, koń malikowaty ’конь з праваленым, увагнутым хрыбетным’; ’нешчаслівы, фатальны’ (Варш. сл., 2, 858).

Малімонік, малімонічак, малімончык, маліму͡он ’пястун, распешчаны’, ’ахвочы да ласункаў, прысмакаў, ’пераборлівы ў ядзе’, ’чалавек, які карыстаецца прывілеямі і злоўжывае імі’ (Нас., Федар. 2; драг., З нар. сл., Нар. лекс.; КЭС, лаг.; Пан. дыс.), малімонка ’жанчына, разборлівая ў ежы’, ’фанабэрыстая жанчына’, ’пястуха’ (Нас.; віл., Нар. сл.), малімонтка ’какетка’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ); малімонікі ’ласункі, пяшчота, абяцанкі’ (Нас.), малімоніць ’песціць, як дзіцё’, малімоніцца ’ўдаваць сябе за малога’ (КЭС, лаг.), ’песціцца, як малыя дзеці, цырымоніцца’ (Нас.), малімон, марымон ’пірог з гатунковай пшанічнай мукі’, марымоны ’смачныя рэчы’ (ТС). Польск. malimończyk, marymontczyk ’вучань колішняй сельскагаспадарчай і лясной школы ў мястэчку Marymont, (якое нібыта з франц. Mariemont ’гара Марыі’) каля Варшавы, дзе быў і ўзорны млын, які малоў муку высокага гатунку’. Адсюль пазней значэнне ’печыва — далікатэс з марымонцкай мукі’ > ’ласунак’ > ’той, хто есць ласункі, далікатэсы’ > ’паніч, беларучка, пястун’ (Варш. сл., 2, 890; Карскі, 1, 148; 2–3, 101; Марозаў, Пыт. мовазн. і метад., 161).

Малі́на, малі́ны, малы́на, малэ́нэ ’маліна звычайная, Rubus idaeus L.’, ’маліннік’ (ТСБМ, Кіс., Бес., Касп., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ; драг., КЭС, міёр., Жыв. сл.), малі́ніца, малі́нушка ’маліна’ (Нар. Гом.; Кліх). Укр. мали́на, рус. мали́на, малины, польск. malina, malinia, палаб. moleina, н.-луж., чэш., славац. malina, в.-луж. malena, славен. malína, серб.-харв. ма̀лина, макед., балг. малина. Прасл. malina, першасным значэннем якога, паводле Скока (2, 363), было ’чарніцы’, параўн. роднасныя і.-е. адпаведнікі: літ. mė́lynas ’блакітны’, mė́lyna ’пляма’, лат. mel̃ns ’чорны’, ст.-прус. mīlinan ’пляму’ (В. скл.), літ. mel̃svas ’сіняваты’, ст.-грэч. μέλας ’чорны, цёмны’, ст.-в.-ням. ana‑mâli ’пляма, шрам, рубец’, с.-в.-ням. mâl ’пляма’, брэтон. melen ’жаўтаваты’, лац. mulleus ’чырванаваты’, ст.-грэч. μολύνω ’пэцкаю’, ст.-інд. malina‑ ’запэцканы’ — усе да і.-е. *mel(ə)‑ ’цёмны, брудны, запэцканы’ (Міклашыч, 181; Бернекер, 2, 12, Брукнер, 319; Фасмер, 2, 563; Скок, 2, 363; Бязлай, 2, 164; БЕР, 3, 627). Махэк₂ (349) адносіць гэту лексему да «праеўрапейскай» асновы *mōr‑/m̄ol. Мартынаў (Тезисы: Ареальные иссл.… Л., 1975, 24) выводзіць яе з прасл. m̄alъ ’малы’ — ягада складаецца з малых частак. Сюды ж малі́ннік, ігн. маліня́к ’зараснік маліны’, ’яе галінкі’ (ТСБМ, ТС; любан., Нар. словатв.; міёр., Жыв. сл.; Сл. ПЗБ), малі́навік, малі́ннік ’пітво, настоенае на маліне’ (Нас.); малінавы(й) ’цёмна-чырвоны’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС).

Малі́наўка 1 ’заранка, Erithacus rubecula L.’ (ТСБМ, БелСЭ, Мат. Гом.), рус. малиновка ’тс’. Да малі́на, малі́навы (гл.). Названа паводле чырвонага колеру брушка птушкі. Гэта значэнне і ў лац. rubecula.

Малі́наўка 2 ’летняя яблыня з буйнымі ружовымі кісла-салодкімі яблыкамі’ (ТСБМ, Мат. Гом.), ’гатунак бульбы’ (гом., Мат. Гом.) названа паводле чырвонага колеру. Да малі́на (гл.). Аналагічна малі́наўка, маліноўка ’малінавая хустка’ (староб., ДАБМ, к. 332; Касп., Сцяшк. Сл., Мат. Гом.).

Малінэс ’маянэз’ (чачэр., Мат. Гом.). Скажоная форма з менай й > лʼ.

Малі́са, мяліса ’кацямятка каціная, Nepeta cataria L.’ (брэсц. Кіс., Сцяшк., Бяльк.), малі́ца ’тс’ (віц. Кіс., Бел. зельн.). Польск. malisa, malesa, melisa ’тс’, якое з с.-лац. melissa ’меліса’ < ст.-грэч. μελισσόφυλλον.