Забабо́ны ’прымхі’. Рус. дыял. смал., бранск., прыбалт., паўн.-дзвін., урал. забабо́ны, укр. забобо́ни, польск. zabobon, славац. zabobonky (Калал) ’тс’. Ст.-рус. забабоны (XVII ст.) ’тс’. Параўн. укр. бобони ’забабоны’ (Жэлях.), славац. bobony ’тс’ (Калал), серб.-харв. забоњити, бобоњити ’гучаць, балбатаць’, забоњити ’пачаць балбатаць, гучаць’, ст.-чэш. bobonek, pobonek ’забабоннае дзеянне’. Паводле Бернекера (1, 36–37), Фасмера (2, 70), гукапераймальнага характару (параўн. балбатаць, ням. bebeln, ст.-грэч. βαβάξω ’балбатаць’). Гэта прынялі Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1969, 4, 136), указваючы на паралель балабоніць. Махэк₂ (58–59) высоўвае думку аб сувязі са ст.-чэш. boniti, дзе *bon‑ з ‑mon (параўн. корань *men, *mьn у памяць, помню) і прэфіксам po‑, што пераўтварыўся ў bo‑. Коген (УЗ БГУ, 1, 191, 192) указвае на падваенне кораня ба/бо, што адзначаецца ў слове байка1 (гл.). Магчыма, што паміж гукаперайманнем і ўтварэннем слова bobniti сапраўды трэба адзначыць пераходны этап, калі *bo, *bol мела значэнне ’гаварыць’, таму магчыма аб’яднанне названых думак. Сцвярджэнне Брукнера (643) пра польск. паходжанне ўсх.-слав. форм непераканаўчае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)