Малі́на, малі́ны, малы́на, малэ́нэ ’маліна звычайная, Rubus idaeus L.’, ’маліннік’ (ТСБМ, Кіс., Бес., Касп., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ; драг., КЭС, міёр., Жыв. сл.), малі́ніца, малі́нушка ’маліна’ (Нар. Гом.; Кліх). Укр. мали́на, рус. мали́на, малины, польск. malina, malinia, палаб. moleina, н.-луж., чэш., славац. malina, в.-луж. malena, славен. malína, серб.-харв. ма̀лина, макед., балг. малина. Прасл. malina, першасным значэннем якога, паводле Скока (2, 363), было ’чарніцы’, параўн. роднасныя і.-е. адпаведнікі: літ. mė́lynas ’блакітны’, mė́lyna ’пляма’, лат. mel̃ns ’чорны’, ст.-прус. mīlinan ’пляму’ (В. скл.), літ. mel̃svas ’сіняваты’, ст.-грэч. μέλας ’чорны, цёмны’, ст.-в.-ням. ana‑mâli ’пляма, шрам, рубец’, с.-в.-ням. mâl ’пляма’, брэтон. melen ’жаўтаваты’, лац. mulleus ’чырванаваты’, ст.-грэч. μολύνω ’пэцкаю’, ст.-інд. malina‑ ’запэцканы’ — усе да і.-е. *mel(ə)‑ ’цёмны, брудны, запэцканы’ (Міклашыч, 181; Бернекер, 2, 12, Брукнер, 319; Фасмер, 2, 563; Скок, 2, 363; Бязлай, 2, 164; БЕР, 3, 627). Махэк₂ (349) адносіць гэту лексему да «праеўрапейскай» асновы *mōr‑/m̄ol. Мартынаў (Тезисы: Ареальные иссл.… Л., 1975, 24) выводзіць яе з прасл. m̄alъ ’малы’ — ягада складаецца з малых частак. Сюды ж малі́ннік, ігн. маліня́к ’зараснік маліны’, ’яе галінкі’ (ТСБМ, ТС; любан., Нар. словатв.; міёр., Жыв. сл.; Сл. ПЗБ), малі́навік, малі́ннік ’пітво, настоенае на маліне’ (Нас.); малінавы(й) ’цёмна-чырвоны’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС).