Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ба́нька1 ’медычная пасудзіна’ (гл. Нас.). Рус. ба́нка ’тс’. Лічыцца запазычаннем з польск. мовы (Брукнер, KZ, 45, 26; Кохман, Kontakty, 103, асабліва 48–49). Аргументы супраць (Бернекер, 43; Фасмер, 1, 121; Шанскі, 1, Б, 34) не пераконваюць. У польск. мове bańka засведчана значна раней, чым ва ўсх.-слав. мовах (Кохман, там жа). Польск. слова ад bania ’пузатая пасудзіна’ (значэнне ’пасудзіна’ ў слав. banʼa з’явілася ўпершыню, здаецца, у зах. славян, гл. Трубачоў, Ремесл. терм., 292–293).

Ба́нька2 ’пасудзіна з вузкім горлам’ (Дразд., Вярэн.), ба́нка ’бляшанка для адстойвання смятаны’ (Сцяц.). Ст.-бел. банка (гл. Булыка, Запазыч.). Укр. ба́нька ’гліняная або шкляная вузкагорлая пасудзіна’, рус. ба́нка. Як і назва медычнай пасудзіны, запазычанне з польск. мовы (гл. банька1, там і літ-pa). Гл. яшчэ Трубачоў, Ремесл. терм., 289–293.

Ба́нька3 ’(цыліндрычнае) кольца, якім замацоўваецца каса на касільне’ (Шат., Касп., Нас., Бяльк., Янк. I, Янк. Мат., Юрч., Лысенка, ССП), таксама ба́нка (Лысенка, ССП), ба́начка, ба́нічка, ба́нечка (ДАБМ, 832). Далей сюды належыць ба́нька ’вялікае металічнае кольца (у дзвярах або сцяне); шпора’ (Гарэц.), ба́нька ’жалезная частка рэменя, пражка’ (Сакал., КЭС). Відавочна, усё да ба́нька1, 2 ’пасудзіна, бурбалка і г. д.’ (так ужо ў Даля). Развіццё значэнняў; ’штосьці круглае’ → ’(круглае, цыліндрычнае) кольца’, ’круглая пражка (пражка-кольца)’. Значэнне ’жалезнае кольца на касільне’ мае і рус. дыял. (заходняе) ба́нька.

Ба́нька4 ’расліна Nuphar luteum Sm., гарлачык жоўты’ (Бейл.). Ад банька ’пасудзіна’. Назва дадзена расліне па форме кветак. Параўн. яе рус. назву кубышка желтая, укр. глечики, кубишка, кувшинчик, збанок (Макавецкі, Sł. botan., 243). Іншыя бел. назвы: глечыкі, кушынкі, гарлачыкі, жбанкі (Кіс., 87–88).

Банька5 ’яма на сухім месцы, напоўненая вадой, дзе расце лотаць’ (Яшкін). Мабыць, метафара да банька ’пасудзіна’. У слав. і іншых мовах даволі частая з’ява, калі назвы рознага посуду ўжываюцца для абазначэння глыбокіх месц, ям, выбоін. Параўн. бел. бале́я (гл.), укр. казано́к, ми́ска, яндила́, яндола́, баде́ня (*bdьnь ’бодня’, гл. Балейкі, SSlav., 4, 399–400), славен. bédenj, čeběr (Безлай, SR, 5–7, 125, 141, 143). Гл. і геаграфічныя значэнні слав. слоў kadъlbъ, kazanъ, kotьlъ, krina, makotьra, lonьcь, bъdьnь (Талстой, Геогр.). Але, магчыма, звязана і з ба́ня2 (гл.).

Ба́нька6 ’бэлька’ (Шат., Янк. I). Значэнне слова развілося ў бел. мове (у суседніх мовах, здаецца, такой семантыкі няма) на аснове *banʼa, *banʼьka ’купал; скляпенне; столь’ (гл. баня1). Першапачатковае значэнне, відаць, было *’столевая бэлька’, *’бэлька скляпення’. Але можна ставіць пытанне аб паходжанні слова ад ба́нта, бант жэрдка, перакладзіна і да т. п.’ (гл.). Памяншальнае *бантка (> *банка) магло потым зазнаць уплыў (фанетычны!) слова ба́нька ’пасудзіна і да т. п.’ Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 65.

Ба́нькі ’вочы’ (Нас.). Укр. ба́ньки ’выпучаныя вочы’, ба́нька ’бялок вока; крышталік вока’, банька́тий ’з выпучанымі вачыма’, банька́ч ’тс’. У рус. мове ба́нька ’вочы’ толькі ў зах. і паўд. гаворках. Бясспрэчна, ад ба́нька шкляная пасудзіна; бурбалка, пузыр і г. д.’ (так ужо меркаваў Даль).

Баня1 ’лазня’ (Юрч., Сцяшк. МГ, Сцяшк., Сцяц., Бяльк.). У гэтым значэнні толькі ўсх.-слав. (рус., укр. ба́ня) і паўд.-слав. (серб.-харв. ба̏ња, балг. ба́ням ’мыць’). У значэнні ’купал, скляпенне’, ’банка, пасудзіна’ і г. д. banʼa вядомае ў многіх слав. мовах. Лічыцца запазычаннем з нар.-лац. *bаneum, мн. *banea (< лац. balneum ’баня’). Агляд літ-ры гл. Фасмер, 1, 121–122. Падрабязна аб гісторыі слова Мерынгер, WuS, 3, 196–197. Пра *banʼa як абазначэнне пасудзін гл. асабліва Губшмід, Schläuche, 23–24. Магчыма, што значэнне ’купал, скляпенне’ > ’пузатая пасудзіна’ з’явілася спачатку ў зах.-слав. мовах. Дэталёвую рэканструкцыю гісторыі праслав. слова гл. Трубачоў, Ремесл. терм., 289–293. Гл. яшчэ MESz, 1, 241.

Ба́ня2 ’яма круглай формы, у якой здабывалі жалеза, соль’ (Бярында, гл. Яшкін). Укр. ба́ня ’руднік’. Праз польск. bania ’тс’ з венг. bánya ’тс’ (а гэта з слав. моў). Гл. Брукнер, 14; Кніежа, 76; Саднік-Айцэтмюлер, 86; Тамаш, 88; Махэк₂, 45; MESz, 1, 241. Параўн. ба́нька5.

Бапіне́нка ’валеная хустка’ (ДАБМ, 946). Дыял. форма, замест *абапіне́нка (да *абапінаць, абапнуць ’нацягваць, абкручваць і г. д.’), што ясна з наступных назваў пераважна вялікай, зімняй, цёплай хусткі, якія прыводзяцца ў ДАБМ: апяна́льнік (945), хустка‑опына, ху́стка‑гопы́нка, ху́стка‑опі́нанка, апіна́ха, апіня́нка, во́пінка, опіна́ка, апі́ненкі (мн.) (946), хустка апіні́стая, напі́нка, апіна́тка, абапіна́ха, ху́стка‑опыно́чка, опіні́нка (947). Параўн. яшчэ апіна́лка ’вялікая хустка’ (Бяльк.). Назвы хусткі, утвораныя ад дзеяслова *pęti, *pьnǫ, вядомыя ў асноўным на поўдні і на паўд. усходзе Беларусі. Параўн. укр. обпина́ти ’надзяваць, нацягваць’, обпи́нка, опи́нка ’род адзення’.

Бар рэстаран, бар’ (БРС). Рус. бар, укр. бар. Запазычанне з англ. bar ’стойка’ (< франц.). Гл. Шанскі, 1, Б, 37. Падрабязна (з літ-рай) аб гісторыі і распаўсюджанні ў еўрапейскіх мовах гл. MESz, 1, 242.

Бар! (бар‑бар!) ’падзыўное слова для авечак’ (гл. ДАБМ, № 305, Лысенка, ССП). Рус. бар‑бар‑бар, барь‑барь‑барь, барька, ба́ря‑ба́ря ’тс’, ба́рька ’авечка’, ба́ря ’баран’. Звязана з баран (гл.). Адкрытым застаецца пытанне аб першапачатковасці выклічніка ці назоўніка. Фасмер (1, 123), Махэк₂ (54) лічаць, што спачатку быў выклічнік (Коржынэк, LF, 58, 430). Параўн. яшчэ альпійскія (паўн.-італ.) словы для абазначэння авечкі, барана: bera, bar і г. д. Трубачоў (Происх., 76) мяркуе, што выклічнікі — вытворныя ад назоўнікаў (так і MESz, 1, 249, дзе венг. bari! — падзыўное слова для авечак < bárány ’баран’). Параўн. бару́сік! Гл. таксама паралелі пад бірко́вы.

Бараба́н. Рус. бараба́н. Паходжанне слова не вельмі яснае. Лічыцца запазычаннем з цюрк. моў. Крыніцай можа быць: 1) тат. daraban (адсюль польск. taraban, укр. тарабан; 2) цюрк.: тур., крым.-тат. balaban ’вялікі барабан’. Праабражэнскі, 1, 16; Фасмер, 1, 122–123; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 44. Гл. яшчэ Шанскі, 1, Б, 37.

Бараба́ншчык. Рус. бараба́нщик. Натуральна гэта слова можна лічыць вытворным ад бараба́н (гл.). Але ёсць думка, што гэта запазычанне з цюрк. *darabančy (ад daraban ’барабан’). Так Залеман (аб гэтым гл. ИОРЯС, 10, 2, 76). Сумняваецца Шанскі, 1, Б, 37 (лічыць, што тут утварэнне суфіксам ‑щик ад бараба́н). Цюрк. версію можа падтрымліваць укр. бараба́нчик ’барабаншчык’.

Барабаны ’рукавы сарочкі з папярочнымі на іх зверху чырвонымі палосамі’ (Шн., 3). Не вельмі ясна. Магчыма, першапачаткова ’шырокія надуўныя рукавы’ (як барабаны). Параўн. таксама стракатую фарбу барабанаў. Цікава, што рус. (разан.) бараба́н — гэта ’папяровы карункавы ўзор’.

Барава́я: б. зямля ’ўрадлівая зямля’ (Шчарб.). Прыметнік баравы́ (ад *borъ ’бор’, гл.). У розных слав. мовах у залежнасці ад характару рэльефу гэты прыметнік азначае або дрэнную, або ўрадлівую зямлю. Рознае значэнне можа быць нават у блізкіх дыялектах. Падрабязна пра гэтую сітуацыю гл. Талстой, Геогр., 41.

Бараві́нка гатунак яблыкаў’ (БРС). Відаць, з рус. борови́нка ’тс’ (лічыцца, што назва ўзнікла ад імя тульскага садавода Бравіна, які вывеў гэты сорт). Гл. Фасмер, 1, 195; Шанскі, 1, Б, 170.