Бапіне́нка ’валеная хустка’ (ДАБМ, 946). Дыял. форма, замест *абапіне́нка (да *абапінаць, абапнуць ’нацягваць, абкручваць і г. д.’), што ясна з наступных назваў пераважна вялікай, зімняй, цёплай хусткі, якія прыводзяцца ў ДАБМ: апяна́льнік (945), хустка‑опына, ху́стка‑гопы́нка, ху́стка‑опі́нанка, апіна́ха, апіня́нка, во́пінка, опіна́ка, апі́ненкі (мн.) (946), хустка апіні́стая, напі́нка, апіна́тка, абапіна́ха, ху́стка‑опыно́чка, опіні́нка (947). Параўн. яшчэ апіна́лка ’вялікая хустка’ (Бяльк.). Назвы хусткі, утвораныя ад дзеяслова *pęti, *pьnǫ, вядомыя ў асноўным на поўдні і на паўд. усходзе Беларусі. Параўн. укр. обпина́ти ’надзяваць, нацягваць’, обпи́нка, опи́нка ’род адзення’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)