Бірко́вы ’танкарунны (аб авечках)’ (Влад.). Бясспрэчна, звязана з укр. би́рка, би́рька ’авечка’ і выклічнікамі, якімі завуць або адганяюць авечак: укр. бир, бирь‑бирь, рус. бы́рка ’авечка; авечая шкура’, быр‑быр, бырь‑бырь (выклічнік). Слова гэта не зусім яснага паходжання, ёсць у многіх мовах. Параўн. рум. bircă, bîrcă, bercă і г. д. ’парода авечак’, bîrcă‑bîrcă (выклічнік), венг. birka ’авечка’, чэш. birka, burka, bira ’парода авечак’. Таксама выклічнік вядомы ў многіх мовах. Да этымалогіі і магчымай гісторыі слова гл. Махэк₂, 54 (у аснове ляжыць выклічнік); Рудніцкі, 124; Кніежа, 92; Тамаш, 117–118; MESz, 1, 304–305. Врабіе (RornSl., XIV, 136) непераканаўча бачыць крыніцу ўсх.-слав. выклічніка ў рум. bîr, bîrr (супраць гэтага геаграфія слова). Да праблематыкі пытання параўн. яшчэ Клепікава, Паст. терм., 54–59; Губшмід, Этимология, 1967, 245–246.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)