Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тугаль ‘куколь звычайны, Agrostemma githago L.’ (Кіс.). Параўн. гугаль, куколь (гл.), спарадычны пераход ку > ту ў кушэтка > тушэтка, гл.

Ту́гаць ‘гайдаць, вагаць, штурхаць’, ‘насіцца, тупацець’ (ТС). Першае значэнне, магчыма, у выніку перастаноўкі з гу́таць ‘гушкаць’, параўн., аднак, ту́гнуць ‘тупнуць’ (гл.), тугоце́ць ‘ідучы, грукаць абцасамі, падэшвамі абутку’ (Руб.) — выразна гукапераймальнага паходжання.

Тугі́ ‘моцна, да адказу нацягнуты’, ‘шчыльна сплецены, скручаны, звіты’, ‘які шчыльна аблягае, моцна сціскае фігуру, часткі цела’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Ян., Некр.), ‘шчыльны, цвёрды’ (Некр., Сцяшк., Ян., Мат. Гом., ТС), ‘пругкі, які цяжка нацягваецца, сціскаецца’, ‘непадатлівы, скупы на што-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк.), ‘нягнуткі’ (Вруб.), ‘глухі на вуха’ (Нас.), ‘густы (пра кашу)’ (ЛА, 4; докш., Сл. ПЗБ), ‘густа замешаны, цвёрды (пра хлеб)’ (Мат. Гом., ЛА, 4), сюды ж туга́ карова ‘цяжкая для даення’ (З нар. сл.), тугая зіма ‘суровая, цяжкая’: мусі, зязюля, мусі сівая / Тугую зіму чуеш? (навагр., Песні нар. свят.), туга́я глі́на ‘цяжкая для апрацоўкі’ (навагр., валож., свісл., пруж., Нар. словатв.). Укр. туги́й, ту́гий ‘моцна нацягнуты; надуты; моцны; упарты’, рус. туго́й ‘цвёрды, пругкі’, польск. tęgi ‘цвёрды, моцны’, ‘дародны’, кашуб. tąǵi ‘моцны, мажны’, в.-луж. tuhi ‘цвёрды, жорсткі’, чэш. tyhý ‘цвёрды, жорсткі, упарты’, славац. tuhý ‘цвёрды, моцны’, славен. tôg ‘жорсткі, моцны’, ст.-слав. тѫгъ(и) ‘цвёрды, моцны, упарты’. Прасл. *tǫgъ(jь) ‘моцны, упарты’, ‘цвёрды, нягнуткі’ (Фасмер, 4, 114; ЕСУМ, 5, 668; Борысь, 631; Брукнер, 570; Махэк₂, 659; Чарных, 2, 269; Сной₂, 769). Яму адпавядае літ. strangùs ‘пругкі, пруткі’; звязана чаргаваннем галосных з цягнуць, прасл. *tęgti ‘цягнуць, нацягваць’, параўн. Якубовіч, Drogi słów, 170, 181. Сюды ж тужэ́ць ‘станавіцца больш тугім’ (ТСБМ), тугава́ты ‘глухаваты’ (там жа), ‘схільны да запораў’ (смарг., Сл. ПЗБ), тугаву́хі, тугі́й на вуха ‘з дрэнным слыхам’ (Мат. Гом., Жд. 3, Юрч. Фраз.), ту́ганька ‘шчыльна, туга’ (брасл., Сл. ПЗБ), ту́го ‘моцна’: спіце вы туго (Сцяшк.).

Ту́гнуць ‘тупнуць, стукнуць, загрымець’ (ТС), сюды ж, відаць, і тугну́ць ‘спалохаць, спужаць, зняць з пасады’, тугну́ты ‘выгнаны, напалоханы’ (Яўс.), а таксама з экспрэсіўным нарашчэннем тугоне́ць ‘тупацець, грукатаць’ (ТС). Параўн. укр. тугоні́ти ‘ўдараць, стукаць, грукаюць’; паводле ЕСУМ (5, 669) — афектыўнае гукапераймальнае ўтварэнне, роднаснае лексеме стугане́ць, стуго́ніць (гл.), што, магчыма, пацвярджаецца і рус. дыял. ту́га ‘слова, якім адганяюць кароў’ (СРНГ), гл. ту-га.

Туго́шына ‘непраходнае балота ў лесе’ (Яўс.). Няясна; магчыма, мікратапонім мясцовага паходжання. Відаць, роднаснае ст.-цюрк. tuɣ ‘перашкода, завал, запруда’. Параўн. таксама ўкр. (рус. і бел.ЕСУМ, 5, 667) туга́й ‘саланчаковая раўніна’, туга́ї ‘густыя зараснікі на берагах рэчак і азёраў у пустынях і паўпустынях Сярэдняй Азіі’, татар. тугай ‘лука, абалона’, кірг. ‘зараснік маладога кустоўя, змешанага з чаротам і трыснягом у абалонах рэк, на балоцістых мясцінах’.

Тугугу́-тугугу́ — імітацыя гучання пастухоўскай трубы (ТС), параўн. рус. смал. тугу́ ‘тс’. Гукаперайманне.

Ту́дака ‘тут’ (свісл., Шатал., Сцяшк. МГ; зэльв., ваўк., дзятл., івац., стол., ЛА, 2), ту́дакава ‘тут’ (Сцяшк., Федар. 1). Да ту́така (гл.), відаць, у выніку “азванчэння” т у інтэрвакальным становішчы. Карскі (1, 353–354) мяркуе пра ўплыў прыслоўя туда́, гл. туды.

Туда́ма, тудэ́ма, туды́ма, тудо́ма, тудама́, тудо́мі, тудэ́мі ‘туды, тудою’, ‘у тым напрамку, у той бок’ (Гарэц., Федар. 4, 5, Сцяшк. Сл., Вруб.; слуц., навагр., Мат., Зайка Кос., Сл. Брэсц.), тудэ́мо ‘тудою’ (Федар. 1, беласт., Жыв. НС). Аснова туд‑ (< прасл. *tǫd‑, гл. туды), да якой далучаюцца суфіксы з элементам ‑м‑, што нагадваюць такі ж канчатак формы Тв. скл. парнага або мн. л. назоўнікаў, паводле Карскага (2–3, 67–68), ідэнтычныя суфіксам прыслоўяў на ‑ма, ‑мо, ‑мі, як у лежма, дармо, вельмі і пад. Варыянтнасць папярэдніх галосных залежыць ад канчаткаў праславянскіх прыслоўяў *tǫdĕ/*tǫdu/*tǫdy/*tǫda — у славянскіх мовах яны выступаюць у асноўным у трох значэннях: ‘тудою’, ‘там’, ‘тут’ (ESSJ SG, 2, 694–695). Сюды ж тудойма ‘ў той бок, той дарогай’ (Нар. Гом.), тудэ́йма ‘туды, па той дарозе’ (Сцяшк.), гл. наступнае слова.

Тудо́й ‘праз тое месца, тым шляхам, там, абышоўшы што-небудзь (рухацца)’ (ТСБМ, ПСл, Мат. Маг.), ‘тым месцам, той дарогай’ (Скарбы, Касп.): туды можна трапіць тудой (бялын., Янк. Мат.); ‘туды’ (Сцяшк.); тудо́ю ‘там’ (Нас.), ‘тым кірункам’ (Бяльк., Байк. і Некр., ТС), ‘у той бок, у тым напрамку’ (калінк., З нар. сл.; ПСл, Мат. Маг.; ганц., Скар. НМ; навагр., чэрв., драг., беласт., Сл. ПЗБ); тудэ́ю ‘тс’ (Шат., Жд. 3, ТС, Кліх), ‘туды, па той дарозе’ (Сцяшк.), ‘у той бок’ (ганц., пух., пруж., Сл. ПЗБ; слуц., Мал.), ‘у тым напрамку’ (ТСБМ), ‘тым шляхам, той дарогай; там’ (Клундук), тудэ́й ‘туды, той дарогай’ (Нас., ПСл), ‘там’ (Мат. Гом.); тудэ́йка ‘туды’ (Сцяшк. Сл.). Укр. дыял. тудо́ю ‘ў той бок, той дарогай’, рус. дыял. тудо́ю ‘тс’. Відаць, форма тудою, якая паводле канчатка набліжаецца да назоўнікаў ж. р. Тв. скл. з *‑ojǫ (ESSJ SG, 2, 695), выступала ў функцыі прыметніка (тудою дарогаю) — параўн. туды́й (гл.); гэты канчатак у народнай мове скараціўся да ‑ой (тудой), аналагічна да дарогай, гл. Карскі 2-3, 67. Галосны ‑о‑ пераходзіў у ‑э‑ па розных прычынах: наяўнасць наступнага ‑j, паводле аналогіі з канчаткамі прыметнікаў з мяккай асновай (параўн. ст.-бел. летнею, синею, горѧчею), або па аналогіі з тэй, аднэ́й і інш. (Карскі 1, 154–157).

Туды́ ‘ў той бок, у тое месца, туды’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Шымк. Собр., Сержп. Прымхі, Пятк. 2, Бяльк., Шат., Касп., Мал., Растарг., ТС, Сл. ПЗБ), ту́ды і туды́ ‘тс’ (Нас.), туда́ ‘тс’ (Федар. 1; лудз., шальч., Сл. ПЗБ), тудэ́ ‘тс’ (беласт., шчуч., драг., Сл. ПЗБ), ‘туды, там, той дарогай’ (Скарбы₂), ст.-бел. туды, туда, туде ‘тс’ (ГСБМ), сюды ж туды́ж‑тыкі ‘туды ж’ (Нас.), туды́ка ‘туды’ (Сцяшк.), туды́нака ‘тс’ (Жд. 2), туд ‘тс’ (ТС). Укр. туди́, туди́ка, туди́й, туди́йки, рус. туда́, дыял. туды́, туды́‑ка, стараж.-рус. туды ‘туды’, польск. tędy ‘сюдою’, дыял. tądy, каш. tądë, в.-луж. tud(y), н.-луж. tud ‘тут’, дыял. tuder, чэш. tudy ‘сюдою’, славац. tudito ‘гэтай дарогай, сюдою’, славен. tôdaj, tód ‘тут, сюдою’, старое харв. tudi, серб. ту̏д, ту̀да(р) ‘туды’, ‘тут’, ‘сюдою’, балг. тъдя́(ва) ‘недзе тут, у гэтым месцы’, ст.-слав. тѫдоу, тѫдѣ ‘туды, тут, стуль’. Прасл. *tǫdy (з варыянтамі *todě, *tǫdu, *tǫda) утворана ад t‑асновы (як *kǫdě — ад k‑асновы), хутчэй за ўсё, ад формы *ta‑mo‑dě ў выніку гаплалагічнага скарачэння (ESSJ SG, 2, 696), ці ад праславянскага ўказ. займ. *tъ ‘гэты’ (з В. скл.) у форме *tǫ з рознымі часціцамі з элементам *‑d‑ (Борысь, 631), або ‑ǫd, які супастаўляюць з лац. unde ‘адкуль’, inde ‘адтуль’ (ЕСУМ, 5, 669). Паводле ESJSt (16, 974), слова няяснага паходжання. Сной₂ (790) дапускае першаснае значэнне ў прасл. *tudy ‘тут’, якое маецца ў прыслоўі *tu ‘тут’. З індаеўрапейскіх паралелей можна ўказаць на гоц. thadei ‘куды’. Ст.-прус. (is)stwendau ‘стуль’, якое прыводзіцца ў этымалагічнай літаратуры ў якасці адпаведніка stwendau ‘скуль’, фанетычна не зусім адпавядае прасл. tǫdy, паводле Мартынава (Прасл. яз., 28), зыходная форма рэканструюецца як ст.-прус. *istandau, паралельная прасл. *jьztǫdu ‘стуль’. Сюды ж спалучэнні сюды́‑туды́ ‘ў той і ў другі бок’, туды́‑сюды́ ‘сюды-туды’, ‘сыйдзе, нічога’, ‘куды-небудзь’, ‘там і сям’, ‘як-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Федар. 4, Растарг., Арх. Вяр., Бяльк., Байк. і Некр.), ‘далёка не адыходзячы’ (Варл.), ‘абы-як, нядбайна’ (Юрч. Сін.), ‘у розныя бакі’ (смарг., швянч., пух., астрав., Сл. ПЗБ), туда́‑сюда́, тудэ́‑сюдэ́ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. туды и сюды, туда и сюды, туды и сюда ‘ў той і другі бок’ (ГСБМ). Гл. таксама сюды́.