Туда́ма, тудэ́ма, туды́ма, тудо́ма, тудама́, тудо́мі, тудэ́мі ‘туды, тудою’, ‘у тым напрамку, у той бок’ (Гарэц., Федар. 4, 5, Сцяшк. Сл., Вруб.; слуц., навагр., Мат., Зайка Кос., Сл. Брэсц.), тудэ́мо ‘тудою’ (Федар. 1, беласт., Жыв. НС). Аснова туд‑ (< прасл. *tǫd‑, гл. туды), да якой далучаюцца суфіксы з элементам ‑м‑, што нагадваюць такі ж канчатак формы Тв. скл. парнага або мн. л. назоўнікаў, паводле Карскага (2–3, 67–68), ідэнтычныя суфіксам прыслоўяў на ‑ма, ‑мо, ‑мі, як у лежма, дармо, вельмі і пад. Варыянтнасць папярэдніх галосных залежыць ад канчаткаў праславянскіх прыслоўяў *tǫdĕ/*tǫdu/*tǫdy/*tǫda — у славянскіх мовах яны выступаюць у асноўным у трох значэннях: ‘тудою’, ‘там’, ‘тут’ (ESSJ SG, 2, 694–695). Сюды ж тудойма ‘ў той бок, той дарогай’ (Нар. Гом.), тудэ́йма ‘туды, па той дарозе’ (Сцяшк.), гл. наступнае слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)