Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Слімаза́рны, слімазу́рны ‘запэцканы слінай; малы, хілы’, ‘марудлівы, дробязны (аб працы)’ (Нас.), слімаза́рны ‘няўдалы, нязграбны’ (Сцяшк. Сл.), ‘плюгавы’ (Янк. 2), ‘мізэрны’ (Сержп.; кам., ЖНС), слемаза́рны ‘ўбогі, варты жалю, слёз’ (Нар. Гом.), слямаза́рный ‘дробны’ (Сл. Брэс.), слімаза́рнік, слімазу́рнік ‘гадкае запэцканае дзіця’, ‘благі працаўнік, рамеснік’ (Нас.), слімаза́рнік ‘неахайны, апушчаны чалавек’ (Чач., Касп., Федар. 4), слімазу́рыць ‘пэцкаць’, ‘марудліва займацца нечым’ (Нас.), слімаза́ ‘плакса’ (КСП). Параўн. укр. арг. шлямаза́рник ‘вучань, што нестаранна піша’, польск. ślamazarny, szlamazarny, ślimazarny ‘павольны; расхлябаны, бездапаможны; вялы’, ślamazara ‘няўклюда, няздара, недарэка’, каш. slamaza ‘марудны, пазбаўлены энергіі чалавек’. Сцяцко (Афікс. наз., 41) слімаза́ разглядае як назоўнік агульнага роду, утвораны пры дапамозе непрадуктыўнага суф. ‑з‑(а), што характарызуе асобу па негатыўнай працэсуальнай прыкмеце, ад слі́маць ‘плакаць’ (КСП) па тыпу раўцірэўза. Да падобнай версіі паходжання каш. slamaza схіляецца Борысь (SEK, 4, 308), мяркуючы пра зыходныя формы *ślimaza, ślimaga, якія пазней зблізіліся з запазычаным ślam < ням. Schlamm ‘глей, мул, гразь’, ад якіх выводзіць польскія словы Брукнер (530). У якасці словаўтваральнай асновы прымаецца *slim‑ ‘слізь, сліна’ < прасл. *slimъ або *slima, гл. SEK, 4, 311; Бязлай, 3, 260; параўн. слім, слімень (гл.). Аднак аргатычнае ўжыванне дапускае і іншую версію паходжання слова ці, ва ўсякім выпадку, уплыў на семантыку славянскага слова з боку яўр.-ням. (ідыш) schlimasel ‘злы лёс’, як гэта меркаваў Карскі (Белорусы, 173). Шульман (Полымя, 1926, 8, 216) лічыць крыніцай беларускага сьлімазальнік ‘пэцкаль, мурза, няўдачнік’ ід. Schlimesalnik ‘тс’. Гл. таксама Альтбаўэр, JP, 17, 49 і наст. Горбач (Арго школярів, 35) украінскі аргатызм выводзіць ад ма́зати, гл. мазаць, і яўр. šlim‑mazzalnik ‘няўдачнік, бедалага’ з ням. schlimm ‘дрэнны’ і яўр. mazzal ‘доля, шчасце’. Сучасны аргатызм шлемазл ‘няўдачнік’ (гл. Евреи Гродно, Гродно, 2000, 118) < ід. Schlafnassel ‘цяжкая, заблытаная сітуацыя, пры якой індывід церпіць прыкрую няўдачу’, што з біблейскага яўр. Schla > Schlau + ід. Massel ‘шчасце’, для якога дапускаецца кантамінацыя з ням. Schlimm ‘дрэнны, паганы’ (Штэрн, Wörterbuch, 189).

Сліма́к ‘малюск, які мае ракавіну і рухаецца вельмі марудна’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Жыв. св.), ‘смоўж’ (Нас., Гарэц., Бяльк., Байк. і Некр., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС), ‘палявы смоўж’ (Касп.), слюма́к ‘слізняк, смоўж’ (віц., Жыв. НС), сляма́к ‘тс’ (Сл. ПЗБ). Укр. слима́к, польск. ślimak ‘смоўж, слімак’, чэш., славац. slimák ‘тс’, балг. сли́мак ‘смоўж, Helix’, макед. дыял. сли́мок ‘тс’. Праслав. *slimakъ, роднаснае грэч. λείμαξ, Р. скл. λείμακος ‘смоўж без ракавіны’, лац. līmāx, ‑ācis ‘слімак’, ст.-ісл. slím ‘слізь, глей’, с.-н.-ням. slîm ‘ціна, гразь’, ірл. slenum ‘гладкі’, якія да і.-е. *(s)leim‑ ‘слізкі’. Гл. таксама сліна і роднасныя (слімак пакідае пасля сябе сліністы след — гл. Махэк₂, 554; Траўман, 269; іншую літ-py гл. Фасмер, 3, 672; Трубачоў, Проспект, 79). Карскі (Белорусы, 157) меркаваў пра польскае пасрэдніцтва праз збліжэнне з лац. limax, што не мае падстаў.

Слімакі, слімаке́ ‘сліна (пры плачы)’ (Нас.; зэльв., Нар. словатв.). Да папярэдняга слова. Параўн. польск. дыял. ślimaczyć się ‘плакаць, хныкаць’ < ślimak (Варш. сл., 6, 729).

Сліма́ць ‘слініць’ (воран., Сл. ПЗБ), слі́маць ‘плакаць’ (КСП). Параўн. балг. дыял. сли́мя ‘слініць, мазаць слінай’. Прасл. *slimati, *slimiti, вытворныя ад *slimъ, *slima ‘слізь, сліна’, параўн. славен. дыял. slíma, харв. slȋm ‘слізь, сліна’, роднасныя ст.-ісл. slim ‘слізь’, ст.-англ. slim ‘слізь, сліна’, англ. slime, гал. slijm, ст.-в.-ням. slim, ням. Schleim ‘тс’, што ўзыходзяць да і.-е. *sléi‑mo‑s (БЕР, 6, 879; Глухак, 562).

Слімба́ты ‘слінявы’ (слуц., Жыв. сл.). Да папярэдняга слова, праз экспрэсіўны назоўнік *слімба (аб суф. ‑б(а) гл. Сцяцко, Афікс. наз., 33), параўн. слімакава́ты ‘пакрыты слінай, мокры ад сліны’ (ТСБМ), утворанае ад слімак, слімакі (гл.).

Слі́мень ‘мядзянка, вераценніца’ (ТСБМ, Ласт., ТС, Ян.), ‘земнаводнае Angulis fragulis L.’ (Янк. 3., Пятк. 2, Жыв. св., Сл. ПЗБ), сліме́нь ‘тс’ (Сцяшк.), ‘тоўсты, тлусты, сыты (чалавек)’ (Ян., Юрч.), слі́мень ‘смоўж (ТС, Мат. Гом.), сляме́нь ‘невялікая змяя, Anguis fragilis L.’ (Касп.). Параўн. каш. slëḿėń ‘земнаводнае Anguis fragilis L.’, ‘слімак’ (беспадстаўна трактуецца ў SEK, 4, 311 як “выключна кашубскае”), балг. радоп. cе́лʼменʼ, со́лʼменʼ ‘слімак’. Прасл. *slimenь утворана пры дапамозе суф. ‑en‑ ад асновы *slim‑ ‘слізкі’ па тыпу *golenь ад *golъ, параўн. слімак, слім (гл.). Першаснае значэнне, відаць, ‘слімак, слізень’, перанесенае на мядзянку ці вераценніцу па матывах табу.

Слі́на ‘цягучая вадкасць у роце’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Касп., Шат., Сл. ПЗБ, ТС, Сержп., Варл.), слі́ня ‘тс’ (Нас., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), слі́ніць ‘мачыць слінаю’ (ТС, Варл., Сцяшк.), ‘плакаць’ (Жд. 2, Варл.), сліня́ты, слінка́ты ‘слюнявы’ (Сцяшк. Сл.), слю́на ‘сліна’ (ЛА, 3), слю́ня ‘тс’ (Гарэц., Бяльк., ЛА, 3). Укр. сли́на, дыял. слюна́, рус. сли́на, слина́, слюна́, стараж.-рус. слина, польск. ślina, в.-луж., н.-луж. slina, чэш., славац. slina, серб.-харв. сли̏на, славен. slína, балг. сли́на, слю́нка, макед. слинка, ст.-слав. слина. Прасл. *slina, *slʼuna. Бліжэйшыя адпаведнікі ў лат. sliẽnas ‘слюні, густая слізь’, sliẽnât ‘пырскаць (пра сліну)’, sliẽkas ‘слюні’; да і.-е. *(s)lei̯‑ ‘слізкі, клейкі’, гл. Траўтман, 269; Мюленбах-Эндзелін, 3, 939; Міклашыч, 307; Покарны, 662–663. Бязлай (3, 260) параўноўвае яшчэ з формамі без пачатковага зычнага грэч. αλίνω ‘намазваю’, лац. linere ‘мазаць, пэцкаць’. Фасмер (3, 672) гэтыя паралелі лічыць сумніўнымі. Сной₁ (580) разглядае як роднаснае слізь, слізкі (гл.). Гл. яшчэ Махэк₂, 555; Скок, 3, 285–286; БЕР, 6, 880; Глухак, 562; Жураўлёў, Язык и миф, 200–201; Шустар-Шэўц, 1314–1315; Борысь, 616; ЕСУМ, 5, 300–301. Карскі (1, 19) тлумачыць формы з канцавым ‑ня уплывам мяккасці папярэдняга склада і дзеяслова слініць.

Слі́нзіць ‘плакаць’ (Сцяшк. Сл.). Да слініць ‘тс’ (гл. сліна) праз *слінза ‘плакса’ як рэўза ‘тс’ ад раўці ‘плакаць’.

Слінь ‘слізь’, ‘смоўж’, слі́нько ‘ёрш’, ‘слінявы чалавек’ (ТС), слінь ‘луска’ (чач., ЖНС). Параўн. балг. слин ‘мазоль’, дыял. слинь ‘тс’. Відаць, самастойнае аддзеяслоўнае ўтварэнне ад слініць ‘пускаць слюні’ (гл. сліна). Балгарскія словы ўзыходзяць да прасл. *slinъ, аналагічнага *slimъ (БЕР, 6, 879), гл. слімаць. Параўн. таксама слізь, слізіць (гл.), што ўзводзяцца да адной асновы і.-е. *(s)lei̯‑ з рознымі пашыральнікамі. Чаргаванне мяккіх і цвёрдых асноў у славянскіх мовах тлумачыцца субстантывізацыяй першасных прыметнікаў тыпу *slinъ > *slinь, гл. Фурлан у Бязлай, 3, 262. Параўн. слень (гл.).

Слі́чны ‘прыгожы, цудоўны’ (Нас.), ‘прыгожы, прывабны’ (Бяльк., Нар. Гом., Сцяшк. Сл.). Як і ст.-бел. сличный ‘прыгожы, прывабны, цудоўны, чароўны’ (Ст.-бел. лексікон) з польск. śliczny ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 195). Апошняе да lice ‘твар’ (Брукнер, 298); гл., напрыклад, ліцава́ць. Адносна падобных утварэнняў у славянскіх мовах, што ўзыходзяць да *sъličьnъjь, гл. Трубачоў, Проспект, 81.