Ма́заць ’пакрываць слоем чаго-небудзь тлустага ці вадкага’, ’пэцкаць’, ’непрыгожа маляваць або пісаць’, ’рабіць промахі ў гульні, стральбе’ (Нас., ТСБМ, Шат., Мат. Гом.); жытк., нараўл., лельч. ’бяліць’ (Мат. Гом.); светлаг. ’чысціць боты’ (Мат. Гом.), ’падмазваць, намазваць’ (Сл. ПЗБ), ’бяліць мелам’ (ТС). Укр. ма́зати, рус. ма́зать, польск. mazać, н.-луж. mazaś, в.-луж. mazać, чэш. mazati, славац. mazať, славен. mázati, серб.-харв. ма̏зати ’тс’; макед. мазни ’гладзіць’, ’песціць’, мазнина ’сала, тлушч’, балг. мажа; ст.-слав. мазати, мажѫ. Прасл. mažǫ, mazati мае няяснае паходжанне (Махэк₂, 356). Аднак Бернекер (2, 58), Мерынгер (IF, 17, 148), Эндзелін (KZ, 44, 66), Мюленбах-Эндзелін, (2, 684), Младэнаў (WuS, 12, 59), Траўтман (173), Фасмер (2, 557) мяркуюць, што роднаснымі да прасл. mazati з’яўляюцца лат. (iz)muôžêt ’мучыць’, ’перахітрыць’, muôžêt ’прагна есці’, ’біць’, літ. mēžti ’угнойваць’, лат. mêzt ’чысціць ад гною, падмятаць’, ст.-грэч. μάσσω, μάττω, μεμαγμένος ’цісну, мажу’, μαγεύς ’пекар’, μαγίς ’месіва’, μᾱζα ’цеста’, ст.-в.-ням. mahhôn ’складваць, звязваць’, н.-в.-ням. machen ’рабіць’, арм. macanim ’гусцею’. Такім чынам, mazati паходзіць ад *magʼ‑. Яно з’яўляецца ітэратывам з доўгім галосным кораня *‑māgʼ‑ā‑tei. Першасны дзеяслоў у славян не захаваўся. Сюды ж мазену́ць ’ударыць’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)