Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

*Паласаза́р, полосозир ’сузор’е Плеяды’ (ТС). Відаць, з Валасажар ’тс’, якое было збліжана і кантамінавана з паласа і зорка.

Паласка́ць ’прамываць, абмываць; развяваць што-н., хлопаць чым-н. (пераважна пра вецер)’. Агульнаслав.: рус. полоска́ть, укр. полоска́ти, ст.-рус. полоскати, ц.-слав. пласкати ’тс’, польск. płoskuny ’нянасце’, чэш. pláskati ’хлопаць, матляць, махаць’, славац. pľas(k)nuť ’хлопнуць’, славен. plȃskati ’хлопаць, біць, шумець, крычаць’. Прасл. polskati. Этымалогію гл. палакаць. Паралелі з балт. моў: лат. palce ’месца для купання; дажджавы паток’, pal̃ts ’дажджавы паток’ (магчыма, з *palcs) (Мейе–Эндзелін, 3, 57, 63).

Паласну́ць ’моцна ударыць, пакінуўшы след, рану (звычайна чым-н. рэжучым)’ (ТСБМ, Мядзв., Др.-Падб., Юрч.). Рус. полосну́ть ’ударыць нажом’. Гараеў (Доп., 2, 29) і Кіпарскі (ВЯ, 1956, 5, 136) узводзяць да паласа (гл.) (гл. яшчэ Фасмер, 3, 315).

Пала́та ’вялікія пышныя пакоі ў палацы, харомы; асобны пакой, дзе ляжаць хворыя ў лячэбных установах’ (ТСБМ). Рус., укр. пала́та, ст.-рус. полата (XI ст.), ст.-слав. полата ’палац, пакой, шацёр’. З сяр.-грэч. παλατιον ад лац. palātium ’палац’ (гл. Фасмер, 3, 307; тут жа гл. і агляд літ-ры). У значэннях ’назва заканадаўчых або прадстаўнічых устаноў’, ’назва некаторых дзяржаўных устаноў’ запазычанне з рус. палата ’тс’.

Пала́тка ’часовае, звычайна лёгкае памяшканне з непрамакальнай тканіны або скуры; лёгкая пабудова з прылаўкам для дробнага гандлю’ (ТСБМ). Рус. пала́тка ’палатка; асобнае месца ў складзе; падсобнае памяшканне над крамай і інш.’ Да палата (Фасмер, 3, 190). Гродз. пала́тка ’брэзент’ (Сцяшк. МГ), відавочна, скарачэнне з плашч‑палатка.

Пала́ткі1 ’насціл з дошак паміж печчу і процілеглай сцяной (на даволі высокім узроўні ад падлогі)’ (ТСБМ, Нас., Шат., Чачот, ТС, Арх. ГУ рагач., Янк. 1, Сл. ПЗБ), ’вышкі ў хляве’ (Шушк., П. С., Мат. Гом.), ’насціл з дошак у гумне, лазні’ (Сл. ПЗБ), ’падмосткі пад стог’ (ДАБМ, 877), ’падстаўка пад вулей’ (Сл. ПЗБ), пала́тачкі ’жэрдкі ў сушні, на якія рассцілаюць лён для сушкі’ (Мат. АС Гродзен.). У гэтай форме (мн. л.) толькі беларускае. Параўн. рус. сарат. пола́тка ’дошка, прыбітая рабром да сцяны; паліца ў шафе’. Этымалогію гл. пала́ці.

Пала́ткі2 ’вяроўкі, на якіх носяць сена’ (Жд. 2). Да лата1 (гл.).

Палатно́ ’гладкая льняная тканіна асобага перапляцення (звычайна белая), а таксама баваўняная, шаўковая ці сінтэтычная тканіна падобнага перапляцення; вялікі шырокі кавалак якой-н. тканіны’. Агульнаславянскае (рус., укр. полотно́, ст.-рус. полотно, польск. płotno, серб.-харв. пла́тно і г. д.) і праславянскае poltъno. Роднасныя ст.-інд. paṭas ’палатно, адзенне, пакрывала, карціна’, сяр.-в.-ням. valte, valde ’тканіна для абгортвання адзення’, алб. palë ’складка, рад’ (гл. Фасмер, 3, 316; там жа і агляд літ-ры). Сувязь са ст.-слав. платъ (Праабражэнскі, 2, 97) лічыцца няпэўнай (Фасмер, там жа; Махэк₂, 455).

Палаўня́ ’дошка на падлогу’, палаўняк ’палавіна бервяна’ (Мат. Гом.). Да паловаі (гл.).

Пала́ц ’вялікі, раскошны, багаты будынак’. З польск. pałac ’тс’ (Кюнэ, Poln., 86), якое праз італ. palazzo з лац. palātium (Брукнер, 392). Ст.-бел. палацъ, полацъ < польск. pałac (Булыка, Запазыч., 234).

Палаце́нца ’ручнік’ (Бяльк., Мат. Гом.), палаце́нка ’тс’ (Сл. ПЗБ), палаце́нка, палаце́нцо ’ручнік; памянш. да палатно’ (Сл. ПЗБ). Рус. полоте́нце ’ручнік’. Да палатно (гл. Фасмер, 3, 316).