Паласа́ ’тонкі, доўгі кавалак якога-н. матэрыялу (металу, тканіны, паперы і пад.); доўгая, параўнальна вузкая частка якой-н. прасторы, паверхні, якая вылучаецца чым-н.’ (ТСБМ, Нас.), полоса́ ’тс’ (ТС), пало́ска ’шнур зямлі’, пало́сна ’палосамі’ (Бяльк.), палаза́ ’паласа’ (Сл. ПЗБ), полоса ’назва меры мяса, сала’ (КЭС, слуц.). Агульнаслав. (рус., укр. полоса ’паласа’, польск. plosa ’палоска зямлі, поле’, серб.-харв. пла̏са ’кавалак лёду, пляма’ і г. д. Прасл. polsa. Роднасныя с.-н.-ням. falge, ’поле пад парам’, бав. falg, англ.-сакс. fealg, англ. fallow, с.-в.-ням. valgen ’пераворваць’, гальск.-лац. olca ’зямля, прыгодная пад раллю’ (гл. Фасмер, 3, 315). Іншыя версіі лічацца менш верагоднымі: роднасць з літ. pàlšas ’бляклы’ (Міклашыч, 256), або з полаз, паўзці (Праабражэнскі, 2, 96).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)