Палатно́ ’гладкая льняная тканіна асобага перапляцення (звычайна белая), а таксама баваўняная, шаўковая ці сінтэтычная тканіна падобнага перапляцення; вялікі шырокі кавалак якой-н. тканіны’. Агульнаславянскае (рус., укр. полотно́, ст.-рус. полотно, польск. płotno, серб.-харв. пла́тно і г. д.) і праславянскае poltъno. Роднасныя ст.-інд. paṭas ’палатно, адзенне, пакрывала, карціна’, сяр.-в.-ням. valte, valde ’тканіна для абгортвання адзення’, алб. palë ’складка, рад’ (гл. Фасмер, 3, 316; там жа і агляд літ-ры). Сувязь са ст.-слав. платъ (Праабражэнскі, 2, 97) лічыцца няпэўнай (Фасмер, там жа; Махэк₂, 455).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)