Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пако́н ’канец, скананне’ (Нас., Бяльк.), ’пачатак (іспакон)’ (Нас.). Ст.-рус. поконъ ’пачатак’. Да кон3, канаць (гл.). Сюды ж пако́нішча ’могілкі’ (Бяльк.).

Пако́ст ’спецыяльна апрацаваны алей або тлушч, якія прымяняюцца для прыгатавання алейных фарбаў, лекаў і пад.’ (ТСБМ). З польск. pokost ’лак’. У польск. ад с.-ням. koste ’густая кісць’, ням. дыял. quästeln ’маляваць пэндзлем, мазаць’ (Бернекер, 582; Махэк, 469, Кюнэ, Poln., 84).

Пако́т1 ’столь’ (ДАБМ, 755), поко́т, поку́т ’столь, гара’ (Шушк.), поко́т ’столь’ (Тарнацкі, Studia) ’шчыт дома, які закладзены бярвеннем’ (Шат.), ’жэрдкі, якія кладуць замест столі ў гумне ці на хляве’ (Бяльк.), ’жэрдкі для ўмацавання саломы на страсе’ (Сл. ПЗБ), поко́т, часцей поко́ты мн. ’лагі, па якіх закочваюць бярвенні на зруб (ТС). Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад пакаціць < каціць (гл.). Параўн. таксама павал.

Пако́т2 ’кола’ (Анімілле), покато́ ’тс’ (Сл. ПЗБ), пакатцо́ ’драўляная падстаўка круглай формы пад патэльню’ (Сл. ПЗБ), пакаты́ ’прыстасаванне для пагрузкі лесу’ (Мат. Гом.). Да каціць (гл.).

Пако́ша ’скошаная сенажаць’ (ТСБМ, Янк. 2). Укр. поко́шинка ’тс’. Ад пакос < пакасіць < касіць (гл.) з суф. ‑ja або ад дзеяслова пакасіць з тым жа суфіксам.

Пакры́се ’патроху, у невялікай колькасці, паступова, павольна’ (ТСБМ, Др.-Падб., Гарэц., Шн. 3). Ад па‑ і крыха ў месн. скл.

Пакт1 ’міжнародны дагавор, пагадненне, які мае звычайна вялікае палітычнае значэнне’ (ТСБМ). З рус. пакт ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 83), дзе праз еўрапейскія мовы (параўн. ням. Pakt) з лац. pactum ’дагавор’.

Пакт2 ’арэндны гандаль малочнай гаспадаркай’ (Мядзв.), ’малочная гаспадарка’ (Яруш.), ’малачарня’ (Сл. ПЗБ), пакта́р ’арандатар памешчыцкай скаціны для гандлю малочнымі прадуктамі’ (Шн. 2). З ням. Pacht, Pächter ’тс’ праз польскае пасрэдніцтва (гл. Шн. 2, 288). Ням. з лац. pactum (гл. пакт1) (Брукнер, 391).

Па́кулле ’тое ж, што і пакля’ (гл.) (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Шат., Касп., Бяльк., Мат. Гом.), па́куль (ТС), па́куля (Гарэц.), па́кула, па́кулле, паку́лле, па́куль (Сл. ПЗБ), па́кула (Нар. сл., ушацк.) ’тс’, па́куль ’пакулле; апрацаваны лён або канопля’ (Влад.). Крыніцай бел. слова з’яўляецца літ. pakulos ’пакулле’, лат. pãkulas ’тс’ (Карскі, Белорусы, 135; Лаўчутэ, Балтызмы, 18 і наст.; там жа гл. падрабязны агляд літ-ры).

Паку́ль прысл. і злучн. ’на працягу некаторага часу, нейкі час’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Бяльк., Грыг., Мал., Сл. ПЗБ), поке́ль, пако́ль (Сл. ПЗБ), поку́ль, поку́ля, поку́лека (ТС), паку́ліцька (Гарэц., Юрч.) ’тс’. З па‑ і калі (гл.) з рознымі памяншальнымі часціцамі.

Паку́нак ’прадмет або некалькі прадметаў, загорнутых у адзін пакет’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Шат., Сл. ПЗБ). З польск. pakunek ’тс’ (Гіст. лекс., 260).

Паку́та ’вялікая фізічная або душэўная мука; мучэнне’ (ТСБМ, Гарэц., Шат., Яруш., Мядз., Бяльк., Касп., Грыг., Нік. Очерки), поку́та ’тс’ (Клім.). З польск. pokuta ’тс’ (Карскі, Белорусы, 146; Кюнэ, Poln., 88). Ст.-бел. покута ’пакута, пакаянне’, ’раскаянне’ < ст.-польск. pokuta (Булыка, Лекс. запазыч., 186).