Пакт1 ’міжнародны дагавор, пагадненне, які мае звычайна вялікае палітычнае значэнне’ (ТСБМ). З рус. пакт ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 83), дзе праз еўрапейскія мовы (параўн. ням. Pakt) з лац. pactum ’дагавор’.

Пакт2 ’арэндны гандаль малочнай гаспадаркай’ (Мядзв.), ’малочная гаспадарка’ (Яруш.), ’малачарня’ (Сл. ПЗБ), пакта́р ’арандатар памешчыцкай скаціны для гандлю малочнымі прадуктамі’ (Шн. 2). З ням. Pacht, Pächter ’тс’ праз польскае пасрэдніцтва (гл. Шн. 2, 288). Ням. з лац. pactum (гл. пакт1) (Брукнер, 391).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)