Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мацёра ’свіння, якая гадуе вывадак парасят’ (Сцяц., Сцяшк., Маш., Сл. ПЗБ, ТС; слуц., Нар. словатв.; мядз., Нар. сл.; навагр., Жыв. сл.; маз., З нар. сл.), ’старая бульбіна, выкапаная разам з маладой’ (Сцяшк., Сцяц., Сл. ПЗБ), ’гладкая мажная жанчына’ (ТС). З польск. maciora ’тс’. Гл. таксама ма́церка.

Мацёры ’вялікі, высокі, доўгі, вялізны’ (Нас.), ’сталы’, ’поўны сілы, моцны, здаровы’, ’вопытны, непапраўны, закаранелы’ (ТСБМ, Жд. 1), ст.-бел. матеръ (Булахаў, Гіст., 125–127). Укр. матерни́й, ма́терий ’чалавек у сталых гадах’, рус. матёрый, матерой ’тс’, польск. zamatorzały, zamotrzały ’зацвярдзелы’, ст.-чэш. matorný ’спелы’, ’строгі’, мар. mateřeti ’тлець’, ’трухлявець’, славен. matór, matér, motór, matóren ’стары’, серб.-харв. матор ’тс’, макед. матор ’трохгадовы баран’, балг. ма̏тор ’моцны, здаровы’, ’спелы, дарослы, сталы, стары’, ст.-слав. матерьство ’старасць, спарахнеласць’, прасл. matarъ, materъ (БЕР, 3, 686–687), matorъ ’дарослы, стары’ ў суадносінах з прасл. starъ ’стары’ семантычна пераразмеркавалася ў ’вялікі, моцны’. Мае іт. адпаведнік, параўн. лац. mātūrus ’спелы, дарослы, стары’, што дае магчымасць рэканструяваць іт. *mātoros ’тс’ у якасці крыніцы пранікнення для прасл. лексемы (Мартынаў, Язык, 84–85). Бязлай (2, 172) адносіць яе да і.-е. кораня *mē‑/*mō‑ ’вялікі’ (гл. Покарны, 704) і суфікса *tor‑, прыводзячы роднасныя ст.-ірл. mōr, уэл. mawr, брэт. meur ’вялікі’. Менш верагодныя іншыя версіі (гл. Бернекер, 2, 25; Фасмер, 2, 581; Скок, 2, 390; Махэк₂, 355; БЕР, 3, 687).

Мацёха, мацю́ха, цёха‑мацёха, цю́ха‑мацю́ха ’недалёкі чалавек, які ні ў чым не разбіраецца’ (міёр., З нар. сл.). Уграфінізм. Параўн. рус. вяц., арэнб. мася, маська ’авечка’, ’падзыўное слова для авечак’, мася‑мася, мась‑мась ’тс’, якія з удм. mes ’ягнё’, комі mež ’авечка’ < новаперс. meš, авест. maēša (Фасмер, 2, 579). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 121.

Ма́ці1, маць ’матка, мама’ (ТСБМ, Бес., Нас., Яруш., Кліх., Маш., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.), драг., бяроз. ма́тэ, ма́ты (КЭС), ма́ця ’тс’ (Пан. дыс.). Укр. ма́ти, рус. мать, ма́ти, ст.-польск. mać (< maci), палаб. motei, н.-луж. maś, в.-луж. mać, ст.-чэш. máti, mátě, славац. mať, славен. máti, серб.-харв. ма̏ти, балг. мати, ст.-слав. мати. Прасл. mati ’маці’ — назоўны склон асновы mater‑, якая да і.-е. *mātē(r), род. скл. *māter‑es — першапачаткова склад *mā‑ — слова з дзіцячай мовы, да якога далучыўся суфікс ‑ter (лац. pa‑tēr ’бацька’, прасл. bra‑trь ’брат’, ст.-в.-ням. swës‑ter ’сястра’). І.‑е. адпаведнікі: літ. mótė ’жонка’, ’бабуля’, лат. mȃte ’маці’, ст.-прус. mūti, ст.-інд. mātā (< mātár), авест. mātar‑, арм. mair, ст.-грэч. μήτηρ, дар. μᾱ́τηρ, лац. māter, ірл. māthir, ст.-в.-ням. muoter, тах. A mācar, тах. B mācer ’тс’, алб. motrë ’сястра’ (Міклашыч, 184; Бернекер, 2, 26; Траўтман, 170; Фрэнкель, KZ, 61, 271; Покарны, 700–701; Фасмер, 2, 583; Шаўр, Etymologia, 20; Гіндзін, Этимология–63, 69 і інш.). Сюды ж маці‑і‑мачаха, маць‑і‑мачаха, маць‑мачыха, маці‑і‑мачоха, маты і мачоха ’падбел, Tussilago farfara L.’ (Сл. ПЗБ, Жыв. сл., Нар. лекс.), ’браткі, Melampyrum nemorosum L.’ (ТС).

Ма́ці2 ’трама’ (жытк., Нар. сл.). У выніку пераносу значэння ’аснова, пачатак, крыніца’ з ма́ці1 (гл.). Гэтаксама Праабражэнскі (1, 515). Параўн. яшчэ ма́ціца, ма́церня.

Мацілі́нне, мацілі́ньня ’тонкая лёгкая тканіна’ (Жд. 1, Шат.). З *ваціліна, параўн. драг. ватілі́н ’вацін’ (КЭС), якое з польск. watolina < ням. Watteline ’тс’ < Watte ’вата’ < егіпецк. араб. batāʼin (мы.), ’падшэўка’ < bat̥n ’унутранасці’ (Васэрцыер, 248).

Ма́ціна ’саломенная мата’ (Касп.). Да ма́та (гл.).

Маціна1 ’агідна, непрыемна’ (паўн.-усх., КЭС), смал. мати́но ’тс’. З рус. мовы, параўн. мати́ть перм. ’цягнуць на ваніты’, ’набрыдаць’, ’дакучаць’, казан. ’мучыць’, свярдл. ’хвалявацца, перажываць’.

Маці́на2 ’мантач, марнатравец’. Да мот (гл.).

*Маці́нне, маті́не ’націна караняплодаў’ (Бес.), маці́на ’бульбоўнік’ (ганц., Сл. ПЗБ). Да наці́на (гл.). Аналагічна ўкр. бойк. мати́на ’тс’.

Ма́ціца ’перламутр’ (ТСБМ), пярловыя маці́цы ’пацеркі з жэмчуга’, крывавыя маціцы ’пацеркі з граната’ (Малч.); ма́ці́ца, ма́тіца (шчуч., беласт., бяроз.) ’галоўны корань у дрэве’, воран. маці́чны кароне ’тс’ (Сл. ПЗБ); ма́ціца, мацяры́к ’тс’ (Сцяшк. Сл.); ма́ціца, ма́тіца ’падоўжная бэлька ў будынку, трам’ (Нар. сл., Касп., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Мат. Маг.), ’бярвенні, якія кладуцца ўпоперак зруба ў верхнім вянку’ (шкл., лун., рас., Шатал.), ст.-бел. матица ’вінаградная лаза’, ’перламутр’ (XVI ст.). Яшчэ ст.-рус. матица ’асноўная, апорная частка чаго-небудзь’, жемчужная матица ’ракавіна жэмчуга’ (XVII ст.), польск. macica, в.-луж. maćica, чэш. matice, славац. matica, славен. mática, серб.-харв. ма̏тица, макед., балг. матица. Прасл. matica — вытворнае ад mati > ма́ці1 (гл.). (Бязлай, 2, 171; БЕР, 3, 685–686; Булахоўскі, Выбр. пр., 3, 352). Гл. таксама маці́ца.

Маці́ца ’матка, uterus’ (Нас.; гродз., шальч., воран., Сл. ПЗБ). Паводле Грынавяцкене (там жа, 3, 50), паходзіць з польск. macica ’тс’. Відавочна, толькі ў паўн.-зах. зоне. Параўн. яшчэ ст.-рус. матица ’тс’ (XVII ст.) < прасл. matica ’пачатак, крыніца чаго-небудзь’.

Мацічнік ’душыца палявая, Acinos arvensis Dandy’ (гродз., Кіс.). Да маці́ца (гл.), аднак матывацыя няясная.

Мація́ша ’месія’ (Шат.). З польск. Mesjasz ’тс’.