Мы, драг. мо, тураў. му — займеннік для абазначэння дзвюх і больш асоб (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС). Укр. ми, рус. мы, польск., н.-, в.-луж., чэш., славац. my, славен. mȋ, серб.-харв. ми̑, макед., балг. ми, ст.-слав. мы. Прасл. my, роднаснымі да якога з’яўляюцца літ. mẽs, лат. mes, ст.-прус. mes, арм. mekʼ (Мее, Общеслав., 365; Мюленбах-Эндзелін, 2, 620). Форма мы непераканаўча тлумачыцца як вынік уплыву формы асабовага займенніка другой асобы вы і Н. скл. мн. л. на ‑y асноў на ‑a. Гуер (LF, 45, 192) у m‑ бачыць уплыў канчатка дзеясловаў ‑mes/‑mos (‑μες, ‑mas). У сапраўднасці ж форма my з’яўляецца кантамінацыйнай у адносінах да протабалт. mes і прасл. ny (параўн. нас, нам і г. д.) — апошняе лічыцца італійскім інгрэдыентам у прасл. мове (іт. nōs > протаслав. nūs > прасл. ny) (Мартынаў, Язык, 79).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)