Ма́церка ’маладая, няўмелая маці’, ’самка жывёл, птушак з патомствам’ (Юрч.), мацеркі́, ма́цяркі, мацярке́, ма́ціркі ’жанчыны-маці’, ’маці’ ў мн. л. (ТСБМ, Янк. 1, ТС; зэльв., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.). Утворана ад мацер(а) ’маці’ як мат‑к‑а. У іншых значэннях лексемы ма́церка, ма́цярка, мацяркі́, мацёрка ’бульба-насенніца’, ’каноплі з насеннем’ (ТС, Сцяц., Сцяшк., Шчарб.; беласт., маст., Сл. ПЗБ; іўеў., Сцяшк. Сл.; шчуч., Нар. лекс.; браг., Мат. Гом.) утвараюць бел.-польск. ізалексу, параўн. польск. maciorki, maciórki, macierki, maciorka ’тс’ (Кандрацюк, Бел.-польск. ізал., 53). Аднак лексема ма́тірка ’жаночыя каноплі’ існуе ў палтаўскіх і бойкаўскіх гаворках, матёрка — у пензенскіх і томскіх. Арашонкава (БЛ, 48) лічыць бел. лексемы запазычаннем з польск. мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)