Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вараны́ ’чорнага колеру’ (Яруш.). Абазначэнне колеру па масці птушкі (< рус. ворон ’крумкач’).

Вараня́к ’крук, крумкач’ (Дразд.). Да воран або вараны́.

Варапа́й ’фальклорны эпітэт мужа або жаніха; эпітэт каравая’ (КЭС). Рус. воропай, укр. воропай ’тс’, польск. nawropić ’злавацца’, серб.-харв. vŕpoljiti se ’круціцца, не сядзець на месцы’. Шэраг слоў з гэтым коранем падае Сразнеўскі (1, 303; 2, 271): воропъ ’нападзенне’, наворопити ’напасці’, наворопъ ’раз’езд (ваен.)’, наврапъ ’рабаванне, здабыча’. З ц.-слав. врапъ ’ён выводзіць’ ст.-рус. врапѣти ’ўзмацніцца’, съврапѣтисꙗ ’сціхаць’. Рудніцкі (1, 480) услед за Фасмерам (1, 354) лічыць варапай < во́ропъ. Прасл. *vorpъ ён супастаўляе са ст.-в.-ням. wērfan, англ. to warp, вытлумачваючы семантыку ў адпаведнасці з паданнем аб выкраданні нявесты. Гл. Праабражэнскі, 1, 97; Скок, 3, 629; Міклашыч, 395; Карскі, РФВ, 49, 18; Карскі, Труды, 395. Іншыя значэнні (у тым ліку і вытворных форм): варапай ’сляпец’ (Нас.), варопаўка ’жаба (лаянкавае слова)’ (КЭС), ворапень ’лодыр, абібок’ (Бяльк.) трэба лічыць другаснымі.

Варапа́ха ’жаба’ (Кліх.). Можна меркаваць, што варапаха ўтварылася, як і блізкае па гучанню польск. ropucha ’тс’ — назва, паводле Брукнера, 463, дадзеная «ад храпаватасці». Аднак версіі аб гукапераймальным паходжанні слова пярэчаць формы варопаўка ’зялёная жаба, лягушка; слабы, непаваротлівы чалавек’, вярэпаўка ’від жабы’ (КЭС). Аб паходжанні варопаўка гл. Краўчук, БЛ, 10, 71.

Вараскацца ’пэцкацца’ (Мядзв.). Фасмер (1, 273) услед за Ільінскім (ИОРЯС, 16, 4, 19 і наст.) параўноўвае з рус. дыял. варызгать ’пэцкаць’. Рудніцкі (1, 313) лічыць укр. вараскати ’пераварочваць’ кантамінацыяй укр. вертати і ўкр. тараскати. Варыянты гэтага дзеяслова гл. у артыкуле варакуза.

Ва́ратак ’вар’ (Жд.), вара́так ’тс’ (Сцяшк. МГ). Рус. вароток, вареток, вараток, варяток ’кіпецень’ (Даль, 1, 166). Да варыць ’кіпяціць’ па мадэлі кіпяток (Фасмер, 1, 274, 276; Міклашыч, 381).

Варата́р (БРС). Калька з рус. вратарь.

Варатня́ ’адна палавіна дзвярэй ці варот’ (Шат.). Да вароты.

Варато́к1 ’ворат у шахце для падымання вугалю’ (КТС). Да ворат (гл.).

Варато́к2 ’частка шкуры, як і пашына, лапа, пры раскроі’ (КЭС). Да ворат < ст.-рус. воротъ ’шыя’.

Вараўня́. Гл. варыўня.