Туш 1 ‘кароткае музычнае прывітанне (на банкеце ці ўрачыстасці)’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Вруб.). Праз польскую (tusz) ці рускую (туш) мову з нова-в.-ням. Tusch ‘тс’, якое мае анаматапеічнае паходжанне (Голуб-Ліер, 494; Сной₂, 793; Чарных, 2, 274; Арол, 4, 123).
Туш 2 ‘фарба для чарчэння ці малявання’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Вруб.). Праз польскую (tusz) ці рускую (тушь) мову з ням. Tusche, якое ўзыходзіць да франц. toucher ‘датыкацца’ або непасрэдна з франц. touche ‘дотык’ (Фасмер, 4, 129; Голуб-Ліер, 494; Арол, 4, 124; ЕСУМ, 5, 688). Сюды ж тушава́ць ‘наносіць цені на малюнак, пакрываць тушоўкай’ (ТСБМ), якое з рус. тушева́ть ‘тс’ па ўзоры ням. tuschen ‘тс’, паводле Віткоўскага (Słownik, 188) — з польскай. Таго ж паходжання і рэтушава́ць ‘падпраўляць, падмалёўваць, заціраць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.) праз польск. retuszować з франц. retoucher ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 67; Глухак, 646).
Ту́ша ‘асвежаванае і выпатрашанае цела забітай жывёлы’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк.), ‘пра постаць, фігуру вялікага, поўнага чалавека’ (ТСБМ, Вруб.); туш ‘паўната, поўнае цела’: залезе бусало ў закуток, бу тая туш (ТС), ст.-бел. туша ‘сцягно, падрыхтаванае да ўжытку цела забітай жывёлы’: две тꙋшы мꙗса козлового (1552 г., ГСБМ). Параўн. укр. ту́ша, туша́, туш ‘тс’, рус. ту́ша ‘сцяг, цела забітай жывёлы’, польск. tusza ‘цела чалавека’, ‘паўната’. Апошняе лічыцца запазычаным у XVIII ст. з рус. ту́ша, чаму пярэчыць фіксацыя ў старабеларускай мове XVI ст. Слова звязваецца з тук, тыть, гл. Праабражэнскі, 2, 24; Гараеў, 381; Фасмер, 4, 129; Арол, 4, 123 (аналагічна да рус. крыша < крыть). Сумнеўна Якабсон (IJSLP, 1/2, 1953, 273) — з рус. ту́хнуть і Чарных (2, 274) — з рус. тощий. Відаць, запазычана з цюркскіх моў: параўн. тат., баш. түш ‘грудзінка’, тур. döş ‘бок; пярэдняя частка тушы’ (ЕСУМ, 5, 688; Борысь, 655).
Тушава́цца 1 ‘стамляцца, задыхацца’: я буду тушавацца, бо трэба спяшыць (глыб., Рэг. сл. Віц.), сюды ж, відаць, тушы́цца ‘харчавацца вельмі дрэнна’, тушы́ць ‘карміць зусім дрэнна’ (Юрч. СНЛ), тушава́ць ‘кватараваць, быць на харчаванні’ (сен., Рэг. сл. Віц.), тушыва́цца ‘хвалявацца’, тушыва́ць ‘хваляваць, непакоіць’ (Яўс.). Няясна. Зыходзячы са значэння ‘задыхацца’, можна суаднесці з тхаць ‘дыхаць’, тушы́ць ‘гасіць, заглушаць’ (гл.), параўн. рус. дыял. туши́ть ‘сціскаць, ускладняючы дыханне’ (СРНГ), што належаць да дзеясловаў, якія адрозніваюцца ў колькасных адносінах паводле каранёвага вакалізму: прасл. *tušiti, *tъxnǫti, гл. Цемчын, Baltistica, 22, 2, 34.
Тушава́цца 2 ‘саромецца, бянтэжыцца’ (ТСБМ). Запазычана літаратурным шляхам з рус. тушева́ться ‘тс’, больш звычайнага ў форме стушева́ться ‘збянтэжыцца’. Паводле КЭСРЯ (456), утворана ад тушевать ‘накладваць цені’ ў выніку даволі складанага пераносу значэння ‘рабіць менш прыметным’ → ‘адчуваць няёмкасць’. Арол (4, 123) адсылае непасрэдна да туш гл. туш 2).
Туша́кі ‘галушкі з дранай бульбы, начыненыя мясам’ (кам., ЖНС). Відаць, да тушы́ць ‘смажыць’, як і тушані́на, туша́нка ‘смажанае мяса’ (Сцяшк. Сл.), тушэні́ ‘адвараныя ўнутранасці свінні’ (Лекс. Бел. Палесся), ту́шанка ‘тушаная бульба з мясам’ (хойн., Шатал., Мат. Гом.), тушо́нка ‘тс’ (Варл., ПСл, Касп.), ‘мяса, смажанае ў закрытым посудзе’ (Нік., Оч.), што ўтворана ад дзеепрыметніка тушаны (ту́шеный) ‘смажаны ў закрытым накрыўкай посудзе’ (ГСБМ, Нас.). Гл. таксама тушонікі.
Тушкава́ць 1 ‘тушыць мяса, гародніну, бабку на малым агні ў закрытым посудзе’ (Растарг., Рэг. сл. Віц.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), тушкова́ць ‘тс’ (ТС). Укр. тушкува́ти ‘тс’. Генетычна звязана з прасл. *tušiti ‘гасіць’ (Праабражэнскі, 2, 23; Скок, 3, 528; ЕСУМ, 5, 689) і ўтварылася шляхам далучэння да асновы памяншальнага суфікса ‑ка і *‑ov‑a‑ti. Сюды ж тушко́ваны ‘тушаны’ (ТС, Растарг.).
Тушкава́ць 2 ‘ухутваць (дзіцё, старога)’ (Растарг.). Укр. тушкува́ти ‘хутаць, захінаць’, зату́шкати ‘закрыць’, якое, паводле ЕСУМ (5, 689), звязана з туши́ти ‘гасіць’. Дакладней, відаць, ‘закрываць, захінаць’, пераноснае да тушы́ць 2, гл. папярэдняе слова.
Тушка́нчык ‘стэпавы грызун, земляны заяц, Dipus’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Праз рускую (тушка́н, тушка́нчык) ці ўкраінскую (тушка́нчык) мову запазычана з цюркскіх моў; параўн. уйг. tušgan, чагат. taušgan ‘заяц’ < tauš‑ ‘скакаць, бегаць’ (Анікін, 573; Фасмер, 4, İ29; ЕСУМ, 5, 689; Арол, 4, 123).
Ту́шнае ‘нясмачнае, нішчымнае, незапраўленае’: адно тушнае ядзім (Бяльк.). Відаць, да ту́шчы ‘парожні, пусты’ (гл.) > *тушчнае ‘пустое’ са спрашчэннем спалучэння зычных.
Тушні́ ‘від туфель’ (Касп.). Няясна. Лаўчутэ (Балтизмы, 134) упершыню аднесла слова да балтызмаў, прыняўшы кантамінацыю літ. pùšnys ‘доўгія боты ў паляўнічых і рыбакоў’ ад puškė́ti ‘брысці па вадзе’ і туфлі (гл.), што малаверагодна.
Тушо́нікі ‘тушаная бульба’ (Зайка Кос.; маз., Шатал., Мат. Гом., ПСл), тушо́нікі, тушо́нцы ‘тс’ (Сл. Брэс.), тушо́ні́кі́, тушэ́нкі, тушо́нцы ‘тс’ (ТС). Да тушоны, тушыць 2 (гл.) паводле вядомай на Палессі словаўтваральнай множналікавай мадэлі для назваў страў з бульбы, параўн. смажо́нікі, смажо́нцы ‘смажаная бульба’, соло́нікі, соле́нікі, солёнікі ‘вараная ў салёнай вадзе цэлая чышчаная бульба’ (ТС), паро́нкі ‘адвараная бульба’ (Зайка Кос.) і інш. Магчыма, сюды ж (іранічна?) тушо́нік ‘той, хто тушыць пажар, пажарнік’ (івац., Нар. сл.), да тушыць 1.
Тушо́нка ‘кансерваванае тушанае мяса’ (ТСБМ). Запазычана з рус. тушёнка ‘тс’ — шырокавядомай назвы кансерваў амерыканкай харчовай дапамогі часоў Другой сусветнай вайны.