Туш 1 ‘кароткае музычнае прывітанне (на банкеце ці ўрачыстасці)’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Вруб.). Праз польскую (tusz) ці рускую (туш) мову з нова-в.-ням. Tusch ‘тс’, якое мае анаматапеічнае паходжанне (Голуб-Ліер, 494; Сной₂, 793; Чарных, 2, 274; Арол, 4, 123).
Туш 2 ‘фарба для чарчэння ці малявання’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Вруб.). Праз польскую (tusz) ці рускую (тушь) мову з ням. Tusche, якое ўзыходзіць да франц. toucher ‘датыкацца’ або непасрэдна з франц. touche ‘дотык’ (Фасмер, 4, 129; Голуб-Ліер, 494; Арол, 4, 124; ЕСУМ, 5, 688). Сюды ж тушава́ць ‘наносіць цені на малюнак, пакрываць тушоўкай’ (ТСБМ), якое з рус. тушева́ть ‘тс’ па ўзоры ням. tuschen ‘тс’, паводле Віткоўскага (Słownik, 188) — з польскай. Таго ж паходжання і рэтушава́ць ‘падпраўляць, падмалёўваць, заціраць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.) праз польск. retuszować з франц. retoucher ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 67; Глухак, 646).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)