Тушкава́ць 1 ‘тушыць мяса, гародніну, бабку на малым агні ў закрытым посудзе’ (Растарг., Рэг. сл. Віц.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), тушкова́ць ‘тс’ (ТС). Укр. тушкува́ти ‘тс’. Генетычна звязана з прасл. *tušiti ‘гасіць’ (Праабражэнскі, 2, 23; Скок, 3, 528; ЕСУМ, 5, 689) і ўтварылася шляхам далучэння да асновы памяншальнага суфікса ‑ка і *‑ov‑a‑ti. Сюды ж тушко́ваны ‘тушаны’ (ТС, Растарг.).
Тушкава́ць 2 ‘ухутваць (дзіцё, старога)’ (Растарг.). Укр. тушкува́ти ‘хутаць, захінаць’, зату́шкати ‘закрыць’, якое, паводле ЕСУМ (5, 689), звязана з туши́ти ‘гасіць’. Дакладней, відаць, ‘закрываць, захінаць’, пераноснае да тушы́ць 2, гл. папярэдняе слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)