Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ско́чкі ‘шматгадовая травяністая, з сакавітым лісцем расліна сямейства таўсцянкавых’ (ТСБМ), ‘расліна Sempervivum L.’ (Кіс.), ско́чка ‘скочкі’ (Янк. 3., Сл. Брэс., ТС, ЛА, 1). Укр. ско́чка, польск. skoczek, skoczki ‘тс’. Да скакаць, скочыць (гл.), таму што маладыя разеткі расліны, адрываючыся, адскакваюць ад мацярынскай расліны.

Ско́чыкі ‘агаткі двухдомныя, Antennaria dioica Gaertn.’ (Кіс.), ско́чкі ‘тс’ (Жд. 2). Відавочна, да скочыць (гл. скакаць). Матывы намінацыі не зусім ясныя, магчыма, аналагічна папярэдняму слову, таму што ад парасткаў расліны, якія ляжаць на зямлі, адрастаюць новыя разеткі лісцяў.

Ско́чыць — аднакратны дзеяслоў да скакаць (гл.). Варбат (Этимология–2003–2005, 24–25) прасл. *skočiti выводзіць ад **ščekti (> *ščekati, гл. шчыкаць) з ітэратыўнай ‑i‑ асновай пры каранёвым вакалізме ў ступені *o, пацверджаннем чаго з’яўляецца шчыката́ць ‘бегчы, дробна перабіраючы нагамі’, гл.

Скра ‘іскра’ (Нас., Бяльк.). Ад іскра з адпадзеннем прататыпнага і.

Скрабакі, скрабаке́ ‘атопкі ад старых ботаў’ (Шат.), скрабні́, скрэ́батні ‘чаравікі’ (Касп.), скрабаты́ ‘дрэнныя боты’ (Варл.). Рус. тамб. скре́бни ‘дрэнныя боты’, ярасл. ‘вялікі, няўклюдны абутак’, кастр. скре́шни ‘атопкі ад ботаў, ад якіх адрэзаны халявы’. Да скробаць (гл. наступнае слова; параўн. асабліва значэнне ў Насовіча: ‘рабіць непрыемнае шарканне ботамі’).

Скра́баць ‘рабіць шум, скрабучы, драпаючы што-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Бяльк., Варл.), скро́баць ‘скрэбці, шаркаць нагамі’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр.), гіперкарэктнае скрёбыць ‘скрабаць, шкрабаць’ (Бяльк.). Рус. скроба́ть ‘скрэбці’, укр. скроба́ти, шкроба́ти, польск. skrobać, в.-луж. škrabać, н.-луж. škrabaś, чэш. škrábati, славац. škrabať, славен. škrábati. Роднасныя літ. skrabéti ‘шамацець’, лат. skrabêt ‘скрасці’, с.-н.-ням. schrapen (*skrapôn) і г. д. (гл. Фасмер 3, 658; Махэк₂, 613). Іншая ступень чаргавання ў скрэбці (гл.). Сной₁ (636) узнаўляе прасл. *skrabati, якое лічыць новаўтварэннем.

Скра́вак ‘акравак, беражок’ (Ласт.), ‘абрэзак’ (віл., Сл. ПЗБ; Сцяшк.), ‘скосак’ (Мат. Гом.), ‘малы кусочак хлеба’ (навагр., Нар. сл.). Параўн. польск. skrawek ‘тс’, якое ад skraw ‘асколак, трэска’ < skrawać (Варш. сл.). Слова чаргаваннем галосных звязана з кро́іць, кро́ю (гл.), аналагічна да польск. stawać : stojać, napować : napajać і г. д. (Брукнер, 268), што можа сведчыць пра запазычанне. Аднак значэнне ‘малы кавалачак хлеба’ збліжае слова з акрае́ц, акра́йчык ‘тс’, скра́йка ‘тс’. Гл. скрайчык.

Скраві́ны ‘тое, што застаецца пры веянні і ачыстцы збожжа’ (…скравины и мекина) (Анім. дад.). Гл. папярэдняе слова. Утварэнне, відаць, ужо на беларускай глебе, таму што польскае з гэтым суфіксам не адзначаецца. Магчыма, ад *скраіны ‘тое, што падае з краю’, гл. край1.

Скра́га (skraha) ‘скнара, скупы багацей’ (ТС, Пятк. 2), скрагна́, скрэгна́ ‘тс’ (ТС), сюды ж, магчыма, і скразе́нь ‘тс’ (віл., Сл. ПЗБ). Параўн. укр скря́га ‘тс’ (з рус., гл. ЕСУМ, 5, 289), рус. скря́га, скры́га ‘тс’. Не мае надзейнай этымалогіі. Найбольш верагодным здаецца збліжэнне з балг. скръ́ндза ‘тс’, скре́жав ‘скупы’, паколькі ўсе гэтыя формы ўзводзяцца да і.-е. *(s)kreng‑, *(s)krengh‑ — назалізаванай асновы, вытворнай ад кораня і.-е. *(s)ker‑ ‘моршчыць, моршчыцца’, што дае значэнне ‘сціснуты, сагнуты’, параўн. балг. сти́снат ‘скупы’ (Бярнар, RÉS, 40, 31). Варбат (Этимология–1970, 70 і наст.) дадае сюды формы, вытворныя ад асновы *kręg‑ ‘сагнутае’, напрыклад, укр. кре́жити ‘берагчы, скупіцца’, якому адпавядае балг. кръ́ндза ‘скнара’ без рухомага s‑; семантычныя паралелі — жмінда (гл.), рус. жмот, прижи́мистый ‘скнара, скупы’. Палескія формы скрагна, скрэгна можна было б, відаць, разглядаць як больш архаічныя, якія ў метатэзаваным выглядзе захавалі зыходнае спалучэнне ‑ng‑, аднак гэта малаверагодна. Запісаны на Тураўшчыне выраз скрэгна́ скрэгні́ць, г. зн. ‘ные, стогне’, скіроўвае пошукі ў бок гукапераймальнай асновы, параўн. скрыгаць, скрогаць, скрэгаць (гл.). Параўн. Фасмер, 3, 659–660 (з аглядам ранейшых версій); ЕСУМ, 5, 289. Гл. таксама скрэнда.

Скрагакі́ ‘скураныя боты без падэшвы’ (віл., Нар. сл.). Да скро́гаць, скрагыта́ць (гл. скрэгаць). У семантычных адносінах параўн. скрабакі (гл.).