Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Скі́пер (скіпяр) ‘той, хто кіруе баржай’ (Скарбы). Гл. шкіпер.

Скіпе́ць1 ‘ускіпець, адкіпець, сплысці пры кіпенні, зварыцца (пра малако)’ (Бяльк., Сцяц., Сл. ПЗБ; мядз., Нар. словатв., Федар. 4; драг., Ск. нар. мовы; Юрч. Вытв.). Да кіпе́ць (гл.).

Скіпе́ць2 ‘згарэць яркім полымем’ (ТСБМ, Юрч. Вытв., Сл. ПЗБ), ‘разнервавацца, абурыцца’ (ТСБМ, Арх. Федар., Бяльк.), ‘зайсціся ад плачу’ (Бяльк., Юрч. Вытв.), ‘прапасці, згінуць’ (ТС), ‘раптоўна памерці, хутка скончыцца (пра жывёлу)’ (Сцяц. 2, Сцяшк. Сл.), скіпець на нажы ‘загінуць ад нажа, ад нажавой раны, вакол якой спяклася кроў’ (ТСБМ, Бяльк., Юрч. Вытв., Нар. Гом., ТС). Да скіпець1; спецыфічнае значэнне ў выразе скіпець на нажы вядома ва ўкр. скипі́ти на ножы ‘тс’ і ўзнікла, паводле Ларына (История, 34), на базе пераносных значэнняў *kipěti (гл. кіпець), што перадаюць душэўны стан: ‘дайсці да шаленства, лютасці’, ‘так раз’юшыцца, што схапіцца за нажы’.

Скіпіна́р (Нас.). Гл. шкіпінар.

Скі́пціцца ‘памерці, здырдзіцца’ (в.-дзв., паст., Сл. ПЗБ). Аўтары слоўніка параўноўваюць з літ. kèptelėti ‘тс’, далёкім у фармальных адносінах; хутчэй да скепсціцца (гл.), ужытага эўфемістычна.

Скірд, скірда́, скі́рта, скы́рта. Гл. сцірта.

Скіркава́ць ‘адзывацца скірканнем — пра птушак глухароў’ (Сцяшк.), скірканне ‘крык глухароў’ (Інстр. 2). Гукаперайманне. Параўн. укр. ки́ркати ‘рэзка, пранізліва крычаць, крыкнуць (аб курыцы)’, выкл. кирр! ‘аб пранізлівым крыку спалоханай курыцы’. Параўн. кіркаць (гл.), якое суадносіцца з літ. kir̃kti ‘крычаць (аб гусях)’.

Скі́рпа ‘мера насечаных дроў’ (Байк. і Некр.). Магчыма, з лат. kir̃pa ‘капна’, балт.-ням. Stirpe ‘капна ў полі’. Менш верагодна кантамінацыя скірда, скірта і тарпа, торп (гл.).

Скі́рыцца. Гл. папярэдняе слова.

Скі́рыць, скі́рыцца: скірыты (зубы) ‘смяяцца, насміхацца’ (брэсц., пін., З нар. сл.), скы́рытыса ‘смяяцца’ (Сл. Брэс.). Гл. ске́рыць.

Скіта́цца ‘блукаць, бадзяцца; вандраваць’ (Касп., ТС, Ян., Сержп. Прымхі; в.-дзв., узд., шальч., Сл. ПЗБ), скі́тнік ‘бадзяга’, ‘адзінокі чалавек’ (Ян.). Параўн. укр. скита́тися, рус. скита́ться ‘тс’, славен. дыял. skítati se, серб.-харв. ски́тати се, балг. скитам (се), макед. скита се, ст.-слав. скытати сѧ. Прасл. *skitati sę, роднаснае літ. kutéti ‘устрэсваць’, kutrùs ‘бойкі’, ст.-ісл. skunda ‘хутка збіраць, прыбіраць, спяшацца’, ст.-в.-ням. scutten ‘трэсці, штурхаць’ і г. д.; гл. Фасмер, 3, 641; Шустар-Шэўц, 1289 (адносіць сюды в.-луж. skićić, чэш. skytati, славац. skytať з развіццём значэння ‘бадзяцца’ ≥ ‘прапаноўваць сябе’); Куркіна, Этимология–1971, 75; SEK, 4, 307–308.