Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Стужа́ць1 ‘зрабіцца цвёрдым, тугім’ (ТС, Сцяцко Сл., Скарбы), сту́гнуты ‘зацвердзяваць, чарсцвець’ (Вярэн.), стужі́ты ‘трошкі зацвярдзець, падшэрхнуць’ (Сл. Брэс.). Да тугі (гл.).

Стужа́ць2 ‘турбаваць частымі напамінкамі або просьбамі’ (Нас.), ст.-бел. стужати ‘прыгнятаць, уціскаць’ (Альтбаўэр). Параўн. укр. стужа́ти ‘турбаваць, мучыць’. Да туга (гл.).

Сту́жка ‘палоска матэрыі’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, Бяльк., Сцяшк., Мядзв.), ‘абрэзак тканіны’ (Ян.), сту́жкі ‘завязкі фартуха’ (Жд. 1), ‘вузкая палоска лазы, лыка’ (навагр., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. дыял. сту́жка ‘істужка, тасёмка’, стараж.-рус. сътуга ‘звязка, скрэпа’, польск. wstęga, wstąžka, чэш. stužka, славац. stuha, stužka, славен. stogla ‘шнурок для чаравікаў’. Прасл. *vъs‑tǫga ‘падвязка для абуўкі’, да *tegnǫti ‘цягнуць’ (Брукнер, 635). Карскі (Белорусы, 146) меркаваў, што слова занеслі ў Беларусь славакі (т. зв. каробачнікі), якіх называлі венграмі, што цяжка давесці.

Сту́жні, сту́дні, сту́зні, адз. л. сту́зэнь ‘перамычка, што ідзе ад загнутага канца полаза саней да першага капыла’ (Маслен.), усту́жына ‘вязок у санях на першых капылах’ (віц., Нар. лекс.). Параўн. рус. дыял. сту́женm ‘вяз, што злучае галоўку полаза з першым капылом’, сани са стуженем ‘від усходнееўрапейскіх саней’. Вытворныя ад *sъtǫga, параўн. рус. сту́га ‘палоска, сувязь, мацаванне’ (да тугі, цяга, цягнуць, параўн. Фасмер, 3, 786; гл. стужка) і іншыя назвы дэталей саней: сця́гі, усця́глі ‘планкі, што ідуць ад галовак да першых капылоў’ (Маслен.), першапачаткова ‘тое, што сцягвае, звязвае галоўку полаза з капылом’, параўн. вязы ‘тс’, параўн. таксама стуз ‘звязка’ (гл.). Гл. Цыхун, SOr, 39, 280.

Сту́жны ‘халодны, дажджлівы’ (ТС). Да стужа.

Стуз ‘звязка’: стуз кніжак (слонім., ЖНС), ‘бярвенні, сашчэпленыя, звязаныя чым-небудзь’ (Нар. Гом.). Гл. стус, а таксама наступнае слова.

Сту́зак, стуза́н ‘грымак’ (ТС). Аналагічна да стусак, стусан з набліжэннем да тузаць, параўн. туза́н, туса́н. Гл. таксама наступнае слова.

Стуза́цца (стуза́тыся) ‘бегчы ад перапуду’ (Сл. Брэс.). Няясна. Магчыма, сюды ж стузну́ць ‘моцна штурнуць’ (ТС), тады да тузаць, гл.

Сту́ібень, сту́ібінь ‘не надта разумны; дурань’ (полац., Нар. лекс.), сту́іб, сту́ібень ‘няўклюдны, нязграбны, рагаты’ (“няйнакш некалі так называлі ідалаў ад стода”, Барад.). Відаць, сюды ж стаўбе́нь ‘ёлупень’ (Яўс.), ‘стоўб; маўчун’ (Мат. Маг. 2), ‘нейкі слуп (або ідал?)’ (мсцісл., З нар. сл.), магчыма, другасна збліжаныя з стоўб, гл. Няясна; гл. туебень.

Сту́калка ‘гульня ў пераганкі’ (гродз., Нар. словатв.). Да стукаць ‘стукаць’, тут ‘адзначаць сваё першынства стуканнем’: хто жывей прыбяжыць, прыстукаецца (Нар. словатв.). Параўн. засту́каць ‘застаць на месцы’, сінонім закава́ць ‘дакрануцца да гульца ці да “кону” рукой пры гульні ў жмуркі, хованкі і інш.’ (там жа). Відаць, не звязана непасрэдна з сту́каўка ‘адзін з відаў азартнай гульні ў карты’ (ТСБМ), а таксама з рус. сту́калка, польск. stukałka ‘тс’, што, паводле Трубачова (Труды, 1, 797), з’яўляецца калькай ням. Pochspiel ‘тс’, ад pochen ‘стукаць’.

Стука́н ‘вельмі высокі чалавек’ (Мат. Маг.). Параўн рус. истука́н ‘ідал, бажок’, што з стараж.-рус., ц.-слав. истуканъ ‘які выразаны, высечаны’, залежны дзеепрыметнік прош. ч. ад истукати ‘высякаць, выразаць з дрэва, каменя’, якое звязана чаргаваннем галосных з тъкнѫти ‘ткнуць’ (гл. тыкаць) (Фасмер, 2, 144).