Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Снег ‘зімовыя атмасферныя ападкі’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, ТС), снег, сніга́ ж. р. ‘тс’ (Бяльк.), ст.-бел. снѣгъ ‘тс’ (Альтбаўэр). Укр. сніг, рус. снег, польск. śnieg, в.-луж. sněh, н.-луж. sněg, чэш. sníh, славац. sneh, серб.-харв. сни̏јег, славен. snẹ̑g, балг. сняг, макед. снег, ст.-слав. снѣгъ. Прасл. *sněgъ роднаснае ст.-прус. snaygis, літ. sniẽgas, лат. snìgs ‘снег’, гоц. snaiws ‘тс’, грэч. νείφες ‘ідзе снег’, лац. nīvit ‘тс’, ням. Schnee ‘снег’, а таксама ст.-інд. sníhyati ‘мокнуць, станавіцца клейкім’ і інш. (гл. Траўтман, 272- 273; Покарны, 974) да і.‑е.*(s)nei​uh‑/*snig​uh ‘снег’; Фасмер, 3, 697 з літ-рай; Махэк₂, 564. Сной₁ (587–588) мяркуе, што прасл. *sněgъ і і.-е. *snig​uh першапачаткова абазначала ‘нешта клейкае, ліпкае, вільготнае’. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1327–1328; Скок, 3, 297; Борысь, 619; ЕСУМ, 5, 334–335.

Снед ‘адтуліна, уваход у вуллі, калодзе’ (ЭШ, рук.), снедзь ‘дошчачка, якой закладваецца ўваход у вулей’ (ТС, Нар. Гом.). Гл. снет.

Сне́даць ‘есці раніцай’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Касп., Шат., Растарг., Бяльк., Сержп., Ласт., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. сні́дати ‘снедаць’, рус. зах., паўд. снеда́ть, сне́довать ‘снедаць, закусваць, перахватваць’, ст. польск. śniadać, в.-луж. snědać, н.-луж. snidaś, чэш. snídat ‘тс’, серб.-харв. snijedati ‘з’ядаць усё’, славен. snédati ‘з’ядаць, згрызаць, апусташаць, ласавацца’, ст.-слав. сънѣдати ‘спажываць’. Прасл. *sъnědati — дэрыват ад ітэратыва *ědati < *ěmъ, *ěsti ‘ем, есці’, пры *sъněsti ‘з’есці’. Гл. Фасмер, 3, 697; Махэк₂, 228; Шустар-Шэўц, 1327; Трубачоў, Проспект, 83. Традыцыйна маецца на ўвазе прэфікс *sъn‑ (гл., напрыклад, Карскі 1, 324), аднак Шустар-Шэўц (Этимология–1988–1990, 95) бачыць тут прыстаўку *sъ‑ і ўстаўны ‑n‑. Аддзеяслоўны дэрыват сне́данне ‘яда раніцай’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Гарэц., Касп., Шат., Растарг., Сл. ПЗБ), сне́данье ‘тс’ (ТС), сняда́нне ‘тс’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, Варл.), як і ўкр. сніданне, польск. śniadanie, в.-луж. snědanie, н.-луж. snidańe, чэш. snídaně, разглядаецца як паўночнаславянская інавацыя; гл. Вештарт, Лекс. Палесся, 90 і наст. Сюды ж сняда́нка ‘дзяўчына, якая праводзіць нявесту ў дом жаніха’ (Касп.), параўн. лун. сьне́дальніцы толькі мн. ‘сваячкі маладой, якія прыязджаюць да маладых раніцай пасля шлюбнай ночы’, укр. ров. сні́далніцы ‘тс’ (Гура, С і БФ, 1995, 322), укр. сні́дальниця ‘якая снедае (у прыватнасці, у вясельным абрадзе)’, гл. ЕСУМ, 5, 335.

Снедзік ‘гусіная цыбуля жоўтая, Gagea tutea Ker.-Gaevl.’ (гродз., Кіс.). Укр. сні́док ‘тс’, рус. дыял. снедо́к ‘маркоўнік’. З польск. śniedek, śniadek ‘гусіная цыбуля’. Паводле Махэка₂ (564), польскае слова (чэш. snědek з польскай) ад кораня *sněd‑ (гл. снедаць), г. зн. ‘ядомы’, паколькі цыбуліны гэтых раслін ядуць. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 335.

Сне́жань ‘дванаццаты месяц каляндарнага года’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Байк. і Некр.). Толькі беларускае; часткова (у каранёвай частцы) яму адпавядае рус. дыял. сне́жа ‘люты’. Утворана па традыцыйнай народнай мадэлі назваў месяцаў замест студзень раней ‘дванаццаты месяц’, цяпер ‘першы’. Магчыма, ад снежны ‘багаты снегам’ ці снежыць ‘ісці (пра снег)’ з суф. ‑ань, гл. снег. Спецыяльна гл. Шаўр, Этимология–1971, 98, 100.

Снет ‘дошка, якая закрывае бакавы ўваход у калодны вулей’ (Маш.; чэрв., З нар. сл., ТС), сні͡ет ‘верхняя накрыўка борці’, ‘накрыўка ў вуллі, наверсе востра абчасаная’ (Маш.), ‘(у борці зверху) дубовая дошка даўжынёй да 1,5 м, шырынёй 15 см і таўшчынёй 8–10 см’ (Пятк. 1), снедзь ‘дошка для закрывання лятка, уваходу’ (ТС, Мат. Гом.), сні͡едь ‘тс’ (Сержп. Борт.), сні͡ед ‘тс’ (Сержп. Грам.), снет, снёт, сніт, сне́то, снето́к ‘дзверцы ў стаячым вуллі’ (ЛА, 1), сніт ‘лінія, па якой распілоўвалася дрэва ўдоўж ці ўпоперак’ (беласт., Сл. ПЗБ), сніці́на ‘снет’ (зэльв., Сл. ПЗБ). Сюды ж, відаць, сні́тка ‘невялікая луста, скібка’ (Скарбы). Укр. сніт ‘дошка, цурбан’, рус. снеть (снедь — са знакам пытання ў Даля) ‘дошка, якая закрывае бакавы ўваход у вулей’, польск. śniat, śniad ‘ствол дрэва’, ‘на адсечаным дрэве тое месца, дзе яно адсечана ад кораня’, ‘дошчачка для закрывання даўжэі ў борці’, каш. sńat ‘калода, дрэва’, н.-луж. snět ‘кусок дрэва (толькі ва ўласных імёнах)’, чэш. snět ‘ствол дрэва’, дыял. ‘галінка’, ‘звязка або слой бярвенняў у плытагонаў’, славац. sneť, snietka ‘галінка’. Прасл. *snětъ < і.-е. *snoi̯to‑, што ўзыходзіць да і.-е. кораня *snei̯t‑ ‘рэзаць’, кантынуантамі якога з’яўляюцца таксама гоц. sneiꝥan, ст.-ісл. sniđa ‘рэзаць, жаць’, ст.-в.-ням. snīdan (сучаснае schneiden) ‘рэзаць’, ст.-ісл. sneiđ ‘адрэзаны кавалак’, швед. дыял. sneis ‘тонкая галінка’. Гл. Покарны, 974; Фасмер, 3, 698; Махэк₂, 564; Шустар-Шэўц, 1328; SEK, 4, 341; ЕСУМ, 5, 336.

Снігі́р ‘гіль, Pyrrhula vulgaris Briss.’ (Пятк. 2), сніга́р ‘чубатая сініца’ (ПСл). Гл. снягір.

Сні́зак (сні́зык) ‘кажух разам з сярмягай’ (віц., Шн. 3). Параўн. зах. і паўд.-рус. сни́зка ‘армяк і тулуп зверху’, сни́зок, сни́зки ‘кажух з каптанам, кажух з армяком, пара верхняй адзежы, для цяпла’. Да ніз (гл.), параўн. выраз адзець пад ніз ‘апрануць пад верхнюю адзежыну што-небудзь’.

Сніпе́ць ‘шыпець, сыкаць’: гадзюка сьніпіць (астрав., Сл. ПЗБ, ЛА, 1). Магчыма, да сі́пець (гл.) з устаўным ‑н‑ пад уплывам літ. šnypšti ‘тс’ (Сл. ПЗБ).

Сні́тка1 ‘расліна, Aegopodium L.’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Меер Крыч., Сцяшк.; мін., віц., Кіс.; ашм., бярэз., мін., шчуч., навагр., Сл. ПЗБ; ЛА, 1), сны́тка ‘тс’ (Нас., Бяльк.; маг., Кіс.; Дэмб. 1; бялын., Нар. сл.; круп., Сл. ПЗБ, ЛА, 1), сніць, шныць ‘маладыя лісточкі агароднай расліны’ (Гарэц.). Укр. сні́тка, снить, снит, сни́тка, рус. снить, сни́тка, сныть, сны́тка. Дыял. прасл. (усх.-слав.) *snětь/*snitь — рэканструкцыя Мяркулавай (Очерки, 62 і наст.), якая супастаўляе іх з польск. śniat ‘ствол дрэва’ (XVII ст.), чэш. snět ‘галіна’, snítek, snítka ‘калода’, славац. дыял. snět ‘ствол дрэва’, sneto ‘галіна’, а таксама ўкр. закарп. snit, snita ‘калода’, якія ўзводзяцца да і.-е. *snoi̯t‑, суадноснага з *snei̯t‑ ‘рэзаць’. Параўн. гоц. sneiꝥan, ст.-в.-ням. snīdan, ням. schneiden ‘рэзаць’. Матывацыя — тоўсты ствол расліны (“дудка”). Гл. Махэк₂, 564. Іншая версія — параўнанне з прасл. *snětъ ‘галаўня (у збажыне)’ (гл. сняцей), што не супадае па значэнні; гл. Фасмер, 3, 698–699 з літ-рай.

Сні́тка2 ‘птушка пліска’ (ПСл). Да сі́тка (гл. сітаўка) з устаўным ‑н‑.

Сні́тка3 ‘невялікая луста, скібка’ (Скарбы). Няясна. Магчыма, да сніт ‘дошка’ (гл. снет) або непасрэдна з ням. Schnitt ‘разрэз’, Schnitz ‘кавалак, скрыль’, сюды ж, відаць, і выраз выстругало его, як снітку (пра бягунку) (Федар. 4, 345).