Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пустагро́м (пустогром) ’балбатун’ (свянц., Мат.). Да пусты (гл.) у значэнні ’бескарысны, непатрэбны’ і грыміць, гром (гл.), зыходным мог быць выраз *пусты гром, г. зн. ’без наступстваў, без дажджу’.

Пустадо́лле ’абложная зямля’ (ДАБМ, камент., 858). Да пусты́ (гл.) ’незаняты, незасеяны’ і дол ’нізіна’, або, хутчэй, да до́ля ’частка’.

Пустадо́мак ’бестурботны чалавек, які не дбае пра дом, сям’ю, гаспадарку’ (ТСБМ, Янк. 1, Шат., Жд. 2; ушац., Пан. дыс.), ’член сям’і, які не спрыяе дому, а цягне з яго’ (Варл.), пустадо́мец ’тс’ (Юрч.), пустадо́мка ’нядбайная гаспадыня’ (рагач., Нар. Гом.). Утворана ад пустадо́м ’бестурботны, не дбаючы пра гаспадарку’ (Нас., Бяльк., Касп., Гарэц.), першапачаткова, відаць, кароткі прыметнік на базе спалучэння пусты дом (гл. пусты́), параўн. сучаснае пустадо́мы ’нядбайны, ветраны’: зараз багато маладых пустадомых (ветк., Мат. Гом.), параўн. рус. дыял. пустодо́м, пустодо́мок, пустодо́мник ’тс’, укр. пустодо́мок ’тс’, паралельнае макед. пустокуќникъ (пустокукьникъ) < пуст + куќа ’дом, хата’ (охрыдск., Макед. сб., 15, 59); у такім выпадку прыметнік пустадо́мны (Нас.) — другасны.

Пустаду́мак ’чалавек, што робіць неабдумана, легкадумны’ (Мат. Маг.). Відаць, пераасэнсаванае папярэдняе слова, параўн. пустоду́мок ’пустадомак’ (хойн., Мат. Гом.).

Пустадэ́ліна ’пусты, недалёкі чалавек, пустамалот’: пірьстань тьбаліць, пустадэліна (міёр., Нар. словатв.). Зыходны дзеяслоў *пустадэліць ад пусты (гл.) і *дэліць няяснага паходжання, магчыма, экспрэсіўны варыянт ад дыял. дзелаць, дзела, параўн. рус. дыял. пустым делом ’хутка’, с пустого діла ’з-за дробязей, без прычыны’.

Пустазво́н ’балбатун, несур’ёзны чалавек’ (ТСБМ). Відаць, да пусты́ (гл.) і званіць у значэнні ’гаварыць, брахаць’, параўн. рус. дыял. пустазво́нка ’пра сабаку, які пастаянна брэша’.

Пустазе́лле ’самарослыя расліны ў супрацьлегласць культурным, агародным’ (ТСБМ), літаратурны адпаведнік рус. сорняки́, польск. chwasty ’тс’. Ад пусты́ (гл.) у значэнні ’непатрэбны, шкодны’ і зе́лле ’дзікарастучыя некарысныя расліны’ (у супрацьлегласць зёлкам, якім прыпісваюцца лекавыя уласцівасці).

Пустальга́1 ’легкадумны, пустагаловы чалавек’ (Нас., ТСБМ, Др.-Падб., Гарэц., Ян.), ’балбатун’ (Жд. 3), ’асоба з недарэчнай пустой гутаркай’ (Варл.), ’пустадомак’ (клец., Нар. лекс.), ’пустыя размовы’: пустальгу несець (Нас.), ’пустая справа’: ён толькі пустальгой займаецца (ветк., Мат. Гом.), пусто́льга ’нядбайны чалавек, гультай’ (ПСл), ’свавольнае дзіця’ (лун., Шатал.), пустальга́ ’пустагаловы, несур’ёзны чалавек’, параўн. рус. дыял. пустольга́ ’легкадумны чалавек; нешта несур’ёзнае’. Усё да пусты́ (гл.), параўн. Фасмер, 3, 410; незвычайнае заканчэнне слова можна патлумачыць “пеяратыўным ‑l‑ суфіксам” (Бязлай, 3, 138), што выступае ў славен. pustẹ̑la ’пусты чалавек’ і экспрэсіўнай фіналлю ‑га́ (параўн. і рус. дыял. пустольга́, пустерга́, пустерьга́ ’тс’). Зрэшты, знешняе падабенства да харв. pustolegija, pustelegija ’нязносны сельскі хлапчук; авантурыст, разбэшчаны чалавек’, а таксама pustelekati ’сноўдацца’ дапускае і іншыя тлумачэнні.

Пустальга́2 ’пусташ’ (гродз., навагр., бабр., ЛА, 2), пустэ́льга ’пустэча; запушчаны, занядбаны кут’ (Др.-Падб.), рус. дыял. пустельга́ ’неапрацаваная, незасеяная зямля’. Да пусты́ ’неапрацаваны, незагаспадараваны’ (гл.), параўн. серб. пу̀столина ’дзікае месца, пустэча’, якое Сной (516) узводзіць да рэканструяванага *pustol ’тс’; суфіксацыя як у папярэднім слове; для пустэ́льга можна дапусціць азванчэнне суфіксальнага зычнага (пустэ́ля > *пустэлька > пустэ́льга).

Пустальга́3 ’драпежная птушка’ (ТСБМ), ’птушка Falco tinnunculus’: пустальга́ як той каршун (петрык., калінк., рэч., Мат. Гом.), параўн. укр. постильга́, постільга́ ’тс’, рус. пустельга́, пустерга, смал. пу́стольга́ ’тс’, польск. pustułka, pustółka, postołka ’тс’, славац. postolka, pustovka ’тс’, чэш. poštolka ’тс’, славен. postólka, pustólka, pustolȏvka ’тс’, серб.-харв. по̀столка ’тс’. Слова няяснага паходжання. Меркаванні пра славянскае паходжанне звязваюць яго з *pustъ ’пустынны’ (ад месца распаўсюджання) або фармальна атаясамліваюць з пустальга1 і пустальга2 (Фасмер, 3, 410), адсюль і абагуленая форма pustelьga (Копечны, Zákl. zásoba, 349). Банькоўскі (2, 966) для польскай і чэшскай назвы прапануе зыходнае *postola, *postolъka (ад *po‑stl‑a‑ti ’паслаць’) з другаснай адідэацыяй да *pusty ’пусты’, што семантычна цяжка давесці. Прапанаваная Ніканавым (ЭИРЯ, 2, 90–92) версія запазычання з цюркскіх моў (параўн. хакас. постаргай ’жаўранак’, алт. босторкой, нагайск. бозторгъай ’тс’) не тлумачыць заходнеславянскія і паўднёваславянскія формы.

Пустамало́т ’балбатун; чалавек, які без сэнсу гаворыць, крычыць’ (ТСБМ, Шат., Варл.; бялын., Янк. Мат.; міёр., З нар. сл.; карм., гом., Мат. Гом.), пустамало́ціць ’балбатаць, плявузгаць’ (Шат.). Ад пусты́ (гл.) і малаці́ць; параўн. апісальнае народнае пуста́я малата́рня пра такога чалавека.

Пустаме́ля ’балбатун, несур’ёзны чалавек’ (ТСБМ; міёр., З нар. сл.), пустоме́ля ’тс’ (ТС), а таксама пустамол ’тс’ (Цых.), сярод пісьменнікаў апошнюю форму ўжываюць М. Лупсякоў, І. Шамякін; сюды ж укр. пустомо́лка ’ханжа’, рус. пустоме́ля ’балбатун’. Ад пусты́ (гл.) і мало́ць (гл.); паводле Сабалеўскага (Лекции, 186), *меля — дзеепрыметнік ад малоць. Гл. Фасмер, 3, 411; параўн. наступнае слова.